Неаднойчы прыходзілася чуць такое меркаванне, што вучні падобны да свайго настаўніка. Нельга не пагадзіцца з гэтым. Можна прывесці мноства прыкладаў, якія лёгка пацвердзяць гэтыя словы. Сёння хочацца павесці аповяд пра адзін з такіх класаў нашай Азёркаўскай школы.
Гэта вучні 8 класа. На першы погляд, звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі са сваімі захапленнямі, поспехамі і няўдачамі. Але ўсе 9 вучняў класа – вельмі адказныя, сур’ёзныя і творчыя. Яны неаднойчы паказвалі прыклад дзяжурства па школе, узор працы на прышкольным участку, яны – удзельнікі школьных і раённых конкурсаў і аглядаў.
У класе ёсць выдатнікі вучобы, добрыя мастакі, спевакі, спартсмены. Напрыклад, Ганна Пась - выдатніца вучобы, дзякуючы сваёй стараннай працы неаднойчы станавілася пераможцай раённай алімпіяды па беларускай мове (настаўнік Т.А. Галавач); Уладзіслаў Гародка – прызёр раённай алімпіяды па хіміі (настаўнік С.У. Дзягель), удзельнік дыстанцыйнай алімпіяды па фізіцы, якая праводзілася ў г. Сант-Пецярбург (настаўнік А.А. Шэлястовіч); Кацярына Шэлястовіч – выдатніца вучобы, пераможца абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Кацярына ўдзельнічала і ў рэспубліканскім конкурсе і атрымала Дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Мультымедыйныя тэхналогіі” (настаўнік А.А. Шэлястовіч).
Валерыя Пяцюшык прыгожа вышывае, дзяўчынка таксама мае ўзнагароды за ўдзел у шматлікіх конкурсах, а ў раённых спаборніцтвах па шашках, наогул, стала лепшай у сваёй узроставай групе. Нельга не сказаць пра лепшых спартсменаў школы Ягора Фёдарава і Алену Кіжанцаву (настаўнік фізічнай культуры А.А. Русак). Гэтыя вучні маюць многа спартыўных перамог, нездарма ж іх фотаздымкі змешчаны на школьнай Дошцы гонару.Валерыя Васілеўская займаецца даследчай дзейнасцю разам са сваімі сябрамі Ганнай Пась і Ягорам Фёдаравым пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі С.У. Дзягель. У навукова-практычнай канферэнцыі “Ступені да навукі” ў г. Слонім вучні атрымалі Дыплом ІІІ ступені.
Пералік поспехаў можна працягнуць, прыемна тое, што ёсць таленавітыя вучні, ёсць улюбёныя ў сваю працу педагогі. Прыемна працаваць з класам, калі цябе пад-трымліваюць, разумеюць, дапамагаюць бацькі. Класны кіраўнік 8 класа В.А.Мармыш умее падысці да кожнага . Яна з захапленнем гаворыць пра сваіх вучняў і сама стараецца ад іх не адстаць. Сёлета ўпершыню паспрабавала свае сілы ў рэспубліканскім конкурсе Інтэрнет-праектаў з міжнародным удзелам “ІТ-рашэнні для адукацыі будучыні” і ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “ІТ- магчымасці ў выхаваўчай рабоце”.
Вядома, камп’ютарныя тэхналогіі цвёрда ўвайшлі ў наша жыццё, вельмі хутка развіваюцца і не даюць магчымасці педагогам стаяць на месцы. Педагог вучыцца ўсё жыццё, каб быць цікавым для сваіх вучняў, каб крочыць з імі разам і быць крышачку наперадзе.
Р. ДРАВІЦА,намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Азёркаўскай СШ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад