Неяк у час адной з рабочых паездак па раёне мы збочылі ў бок вёскі Сухінічы. Памятаючы, што кіраўніцтва Мастоўскага філіяла аблспажыўтаварыства заўсёды годна адклікалася аб калектыве мясцовай крамы, спыняемся каля вясковай гандлёвай кропкі. Загадчыца магазіна Галіна Міхайлаўна Лапата і прадавец Алена Міхайлаўна Муха сустрэлі нас хоць і ветліва, але стрымана і крыху насцярожана: хто яго ведае, чаго завіталі сюды незнаёмцы?! Таму знаёмімся і растлумачваем мэту нашага нечаканага візіту. Напружанне паціху спадае, і вось жанчыны ўжо ахвотна расказваюць пра сваю работу.
Абедзве нашы субяседніцы жывуць у Дубна, а на працу ў Сухінічы дабіраюцца веласіпедамі. Паўгадзіны – і мы на месцы, адзначае Галіна Міхайлаўна. – Толькі зімой, калі снегу шмат, даводзіцца пешшу хадзіць…І так з дня ў дзень, з месяца ў месяц – на працягу больш як дзесяці гадоў. Менавіта столькі ра зам працуюць прадаўцы. І працуюць зладжана, без нараканняў з боку пакупнікоў і заўваг начальства, па максімуму задавальняючы попыты жыхароў Сухініч.
За столькі гадоў я добра вывучыла густы мясцовага насельніцтва, ведаю, хто якія цукеркі любіць і каму якія булачкі будуць даспадобы, уступае ў гутарку Алена Міхайлаўна. – Таму кожны раз вельмі моцна перажываю, калі хтосьці гаворыць, што ў магазіне чагосьці няма…
Гледзячы на поўныя прылаўкі, сапраўды, цяжка сказаць, чаго ў Сухінічах нельга купіць. Вось мясныя і малочныя прадукты, свежы хлеб, багаты выбар кандытарскіх вырабаў, цукеркі, сокі, некалькі відаў макарон, агародніна, прамысловыя тавары першай неабходнасці.
Ды я нават калі з Мастоў прыязджаю, усё роўна заходжу ў наш магазін, падмацоўвае мае думкі мясцовая жыхарка, бібліятэкар Дубненскай бібліятэкі і дэпутат Дубненскага сельскага Савета Аксана Іванаўна Хільмановіч, якая зайшла ў краму. – Прадаўцы ў нас малайцы, стараюцца, каб тавар быў свежы, якасны і ў дастатковай колькасці, каб ніхто з магазіна не пайшоў з дрэнным настроем і без неабходнай пакупкі. Складанабытавую тэхніку, будаўнічыя матэрыялы і іншыя буйнагабарытныя тавары ў Сухінічы дастаўляюць пад заказ вяскоўцаў.
Нядаўна вось веласіпед забралі, а на днях шыфер даставілі нашаму пакупніку адразу на дом, расказвае Галіна Міхайлаўна. – Купляюць людзі. За верасень тавараабарот у нас склаў 166 мільёнаў рублёў. Дарагія рэчы бяруць у растэрміноўку. Ёсць сярод вяскоўцаў і пайшчыкі спажыўтаварыства, якія маюць права набываць тавары па льготнай цане без падатку на дабаўленую вартасць.
Звярнулі мы ўвагу і на тое, як цяпло, чыста і ўтульна ў гэтай вясковай краме. У гэтым годзе быў адрамантаваны фасад будынка, старыя вокны заменены на пластыкавыя. Разам з тавараведам Вольгай Аляксандраўнай Бахар прадаўцы нядаўна перасцялілі новы лінолеум, стараюцца, наколькі гэта магчыма, падтрымліваць парадак і чысціню. Так што магазін у Сухінічах пакідае добрыя ўражанні не толькі ў сваіх пастаянных пакупнікоў, але і ў такіх, як мы, выпадковых наведвальнікаў. Дарэчы, мы таксама не пакінулі яго без пакупак.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота С. МАСТОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад