Доўгачаканае лета дазваляе дзяўчынкам і хлопчыкам з задавальненнем цешыцца наступіўшымі канікуламі. І калі малодшыя школьнікі з галавою пагрузіліся ў бесклапотны мір гульняў і прыгод, то навучэнцы старэйшых класаў задумаліся аб тым, што летнія канікулы – гэта час, калі можна сумясціць прыемнае з карысным: і адпачыць, і набыць новыя працоўныя навыкі.
Таму некаторыя з рабят вырашылі частку летніх канікулаў прысвяціць працоўнаму адпачынку, каб зарабіць асабістыя грошы і тым самым адчуць сябе крыху незалежнымі ад бацькоў. Такую магчымасць старшакласнікам дае працоўная брыгада, арганізаваная ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Брыгада працуе на базе Рагозніцкай сярэдняй школы.
Працоўная брыгада – гэта дастаткова распаўсюджаная за апошнія гады практыка ў сельскіх школах. На працягу дзесяці дзён брыгада выконвае розныя гаспадарчыя справы: праполку і рыхленне клумбаў і газонаў, прыбіранне пакошанай травы на тэрыторыі школы, ачышчэнне тратуарнай пліткі ад травы і пустазелля, падрыхтоўка бетоннага забора да афарбоўкі, рамонт вучнёўскай мэблі спадручным інструментам.
У склад сёлетняй брыгады ўвайшлі навучэнцы 9-10 класаў. Большая палова з іх працуе другі год, прытым не толькі ў школе, але і ў калгасе. Гэта актыўныя, працалюбівыя, мэтанакіраваныя, творчыя рабяты.
У першыя працоўныя дні, размаўляючы з навучэнцамі, даведаліся, што дала ім праца ў брыгадзе.
– Хочацца дапамагчы стварыць прыгажосць на тэрыторыі школы, асабліва ў гэтым годзе, калі наш раён будзе вітаць працаўнікоў жніва. Нам прыемна падтрымаць гэты працоўны рытм усіх работнікаў школы, – выказала думку Анастасія Палешка.
Падтрымлівае яе і сяброўка Анастасія Заяц. Яна паведаміла, што праца ў школе – выдатная магчымасць знайсці занятак летам і атрымаць за гэта грошы.
– Можна набыць новыя веды і практычныя ўменні. Мне здаецца, гэта пачатковая ступенька дарослага жыцця, – дзеліцца Анастасія.
Дзяўчынкі не ўтойваюць, што хочуць самастойна зарабіць свае грошы.
– У наш час усім, асабліва падлеткам, хочацца нешта прыкупіць або наведаць культурныя мясціны Беларусі. Пагэтаму вельмі здорава, што мы можам самі зарабіць, – дадала Паліна Варац.
Праца падлеткаў у брыгадзе – гэта спроба сябе ў розных прафесіях, адчуванне, якая сфера бліжэй.
Магчыма, атрыманыя навыкі і вопыт дапамогуць падлеткам у выбары спецыяльнасці пры паступленні ў каледж. Выкананне рабочых абавязкаў дапамагае развіваць адказнасць, супрацоўнічаць, арыентавацца ў розных сітуацыях, развіваць камунікатыўныя навыкі.
У нашай установе адукацыі да працы на зямлі навучэнцаў прывучаюць круглы год. На працягу навучальнага года ў раскладзе школьнікаў з 5 па 11 класы ёсць прадмет “Грамадска карысная праца”. Урокі праходзяць на прышкольным участку, на тэрыторыі школы. Навучэнцы ў Рагозніцы з юных гадоў ведаюць, як падрыхтаваць глебу да пасадкі, пасеяць розныя культуры і правільна арганізаваць паліў.
Наталля ЯСКЕВІЧ, настаўнік
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад