Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныИстория одной фотографии

У памяці назаўжды

У памяці назаўжды02 апреля 2020 — 11:48

“Па характару быу ўпарты, настойлівы, умеў дабівацца свайго,” – так гаварылі пра яго аднавяскоўцы. Гляджу на фотаздымак і ганаруся: праніклівы позірк вачэй, бровы, бы крылы ў птушкі, акуратна ўкладзеная шавялюра валасоў – усё гэта гаворыць пра маладосць, летуценнасць і прыгажосць майго продка Васіля Паўлавіча Куля.

 

Горыч і боль

Маленькая хатка на ўскрайку вёскі Боркі, у якой нарадзіўся мой прадзядуля, патанала ў кустах пахучага бэзу і раскідзістай белай чаромхі. Тут прайшлі нялёгкія дзіцячыя і юнацкія гады, бо ў пяцігадовым узросце застаўся без бацькі і спазнаў абыякавасць айчыма. Рана пасталеў, спазнаў цану працы і хлеба, рана стаў у рады касцоў, што ў тыя часы лічылася вяршыняй усіх сялянскіх работ.

Першыя спатканні, першыя пацалункі… Тады здавалася, што гэта назаўсёды… Аднак вайна перакрэсліла ўсе планы. Як толькі тэрыторыя краіны была акупавана, фашысты пачалі вывозіць моладзь у Трэці рэйх на прымусовыя работы. У сакавіку 1942 года з горыччу і болем у душы ён пакінуў бацькоўскую хату. Колькі думак, разважанняў і пытанняў было ў яго! Самае галоўнае: ці вярнуся сюды, на радзіму?

“Хутка апынуўся на чужбіне, трапіў у сям’ю Міхеля ці Міхея (дакладна ніхто не памятае). У Нямеччыне прыйшлося зносіць здзекі, грубасць і жорсткасць. Не раз хацелася збегчы ад гэтага катаржнага жыцця, нават спрабаваў – але няўдала. Доўгі час лячыў раны на целе пасля пабояў. Моцны кашаль не даваў спакою ні днём ні ноччу: прастудзіўся ў час уборкі бульбы ў дажджлівае надвор’е. Пячайка і боль ў страўніку данімалі таксама. Нейкі час мне прыйшлося працаваць у чыгуначным дэпо, якое належала брату Міхеля, яшчэ да вызвалення. Але больш за ўсё балела сэрца за Радзіму, за родных і блізкіх. Фронт прыбліжаўся – такія звесткі радавалі ўсіх астэрбайтараў. У студзені 1945 года Чырвоная Армія вызваліла нас. Мяне адразу прызвалі ў армію”.

Цяжкае раненне

У лютым гэтага ж года пад Кёнігсбергам ён быў цяжка паранены: ампутацыйная кульця, н/з левай галёнкі ў выніку агнястрэльнага пералому касцей галёнкі (такі запіс зроблены ў медыцынскай даведцы, выдадзенай медустановай № 1658). 30 лістапада 1945 года начальнік шпіталя ўручыў медаль “За перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг”. У другой даведцы ад 23 сакавіка 1946 года за подпісам начальніка шпіталя №4405 маёра медслужбы Пастухова зацверджана: на правым плячы засталіся рубцы ад скразнога ранення куляй.

Зразумела, што перамогу над Германіяй прадзядуля сустрэў у шпіталі, пакалечаны і паранены, але жывы. Хаця ў той момант думкі былі іншыя – не хацелася жыць. Залячылі раны – і рушыў у дарогу – дамоў. Калі буслы вярталіся з выраю ў свае гнёзды, што знаходзіліся ў Борках, на радзіме Васіля Паўлавіча, спяшаўся дамоў і ён. Спяшаўся… Сказаць лёгка і проста. Яму ж так хацелася шчасця, шчасця за ўсё, што перажыў.

А як сустрэнуць дома? Каму калека патрэбны? Дзе ўзяць сілы для работы ў полі? Які знайсці занятак для сябе? – такія думкі,верагодна, быццам назойлівыя мухі, вярэдзілі душу маладога мужчыны. Слёзы засцілалі вочы, пяршыла ў горле. Вось яны, родныя, – зямелька і хата.

Са старога – новае, з вялікага – малое

 

“Працавіты, гаспадарлівы, умелы і праўдалюбівы”, – гэта меркаванне родных.

 

Праўдай жыць

 Упэўнена, што словы беларускага паэта Сяргея Законнікава: ”Ёсць праўда адна – праўдай жыць, няхай суровай і горкай” пра  такіх, як мой прадзед.

Наведала вёску, дзе адзінока стаіць хата клапатлівага гаспадара, які гадаваў сад, любіў парадак ва ўсім. Зашчыміла ў душы, бо ўбачыла беспарадак вакол, быццам землятрус адбыўся тут. Навошта так, людзі? Пастаяла на месцы пад вінаградам, дзе любіў пасядзець прадзед Васіль і пажартаваць. Ён лічыў сябе шчаслівым і ніколі не скардзіўся. Любіў жыццё, хацеў бачыць сваіх нашчадкаў шчаслівымі. Толькі раны вайны не далі ўсім гэтым нацешыцца ўволю. У няпоўныя 69 гадоў прадзядулі не стала,няма ўжо прабабулі,іх дачушкі і майго дзядулі – адышлі мае продкі ў нябыт. Але ордэн Айчыннай вайны, пасведчанні да медалёў, фотаздымкі, медыцынскія даведкі пра раненні прымушаюць зноў і зноў хвалявацца і ганарыцца, не забываць, а назаўжды захаваць у памяці ўдзячнасць за блакіт неба, за ласкавае сонейка, за жыццё, за зварот буслоў з выраю, якія нясуць шчасце.

 

Вікторыя ГОМЗА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио