Наш імклівы, інфармацыйна насычаны час задае тэмп і змест і школьнаму жыццю. Трэба пастаянна рухацца наперад, шукаць нешта новае і цікавае, змяняцца, здзіўляць, прывабліваць і захапляць, вучыць жыць.Так лічыць наша суразмоўца – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Правамастоўскай сярэдняй школы Людміла Іванаўна Маскевіч. Яе партрэт сёлета быў занесены на раённую Дошку гонару.
— Людміла Іванаўна, а Жэньку жывот баліць, — у адчыненых дзвярах з’яўляецца белабрысая галава ўсхваляванага хлопчыка.
— А калі можна будзе займаць месца для кірмашу? – цікавяцца старшакласнікі.— Вось, Вы прасілі тэрмінова падрыхтаваць неабходныя матэрыялы,— раз-пораз у кабінет заходзяць настаўнікі.
На сваёй “неспакойнай” пасадзе Людміла Іванаўна ўжо пяты год. Колькі конкурсаў, акцый, спаборніцтваў, інфармацыйных класных гадзін, бацькоўскіх сходаў, агульнашкольных выхаваўчых мерапрыемстваў праведзена за гэты час – цяжка і ўзгадаць. Пастаянна вучні школы з дапамогай сваіх педагогаў становяцца пераможцамі і дыпламантамі раённых, абласных і рэспубліканскіх інтэлектуальных і творчых конкурсаў.
— Гэта заслуга ўсяго нашага калектыву, плён нашых сумесных творчых ідэй і рэалізаваных планаў,— адзначае Людміла Іванаўна. – У нас у школе няма раўнадушных і абыякавых людзей. І калі ты ведаеш, што твая чарговая задумка абавязкова зацікавіць рабят, знойдзе падтрымку ў калег, працуецца проста і лёгка. Яшчэ мне падабаецца тое, што ў адміністрацыі выпрацоўваецца сумеснае рашэнне, і нават у самых складаных пытаннях знаходзіцца кампраміс.
Пацвярджэнне слоў нашай субяседніцы знаходзім у дырэктара Правамастоўскай СШ Мікалая Вячаслававіча Ярца, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Вольгі Іванаўны Стам-плеўскай і педагога-арганізатара Галіны Іванаўны Дравіцы, якія таксама цалкам аддадзены любімай справе, перажываюць за сваіх выхаванцаў, свой калектыў.
— А хто паўплываў на Ваш прафесійны выбар? – цікавімся ў Людмілы Іванаўны.— Дзесьці да восьмага класа я марыла стаць медыкам, — расказвае субяседніца. – А наш класны кіраўнік філолаг Ганна Іванаўна Станкевіч пераканала ў тым, што маё прызванне – педагогіка. Так і сталася. Закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Атрымала дыплом выкладчыка рускай і беларускай моў і літаратуры. Некаторы час давялося папрацаваць і важатай, і выхавальнікам групы прадоўжанага дня. Пачынала свой прафе-сійны шлях у Лунна, а пасля ўжо тут – у Мастах Правых. Калі мовай лічбаў, то школе ўжо аддадзена дваццаць чатыры гады…
Наша размова з Людмілай Іванаўнай працягвалася некалькі гадзін. І якой бы тэмы мы не закранулі – сям’і, захапленняў, сяброўства – яна перасякалася з асноўнай – школьнай. Успомніўся і першы, самы любімы, выпуск, і былыя вучні, што працягваюць справу настаўніцы. Як, напрыклад, Вольга Халько, якая працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце. Шмат ініцыятыўных і дапытлівых і сярод цяперашніх выхаванцаў.— А прыязджайце да нас у бліжэйшую суботу на Дзень здароўя, — запрасіла на развітанне Л.І. Маскевіч. -- Ці, калі ласка, да нас на любое іншае мерапрыемства. Убачыце, якая ў нас каманда аднадумцаў – таленавітыя дзеці, творчыя настаўнікі і неабыякавыя бацькі.
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад