У раённай бібліятэцы адбылося пераднавагодняе свята пажылых людзей.
У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённага савета ветэранаў І.Сераброўская і Т.Жвірбля, ветэраны культуры Т.Валчкевіч, М.Валчкевіч, Л.Міканава, чытачы бібліятэкі Н.Швед, А.Аляхновіч і іншыя паважаныя людзі.
Іх віталі вядучыя загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Людміла Пакаціла і бібліятэкар Святлана Чайкіна. Яны прапанавалі прысутным зрабіць гэтую пераднавагоднюю сустрэчу напоўненай цікавымі і нечаканымі падзеямі, вясёлай і творчай. Нават у пажылым узросце пад Новы год хочацца нечага таямнічага і незвычайнага. І як тут абыйсціся без таго, каб у такі час не загадаць сваё запаветнае жаданне. Апладысментамі прысутныя сустрэлі галоўную гадалку калектыву бібліятэкі мадам Ля Бук, яна ж Святлана Чайкіна, з яе чароўнай шкатулкай. Там знаходзіліся цудоўныя пажаданні, якія павінны ажыццявіцца ў 2019 годзе. Госці выбіралі пажаданні са шкатулкі, зачытвалі іх, усміхаліся і апладзіравалі, бо яны супадалі з уласнымі думкамі і надзеямі.
Затым вядучая Людміла Пакаціла расказала пра сімвал 2019 года па ўсходняму гараскопу – Свінку.
-Свінка добрая і шчодрая,-адзначыла Людміла Іосіфаўна.- Хто нарадзіўся ў такі год, заўсёды праяўляе свае выдатныя якасці на рабоце і дома. Дзякуючы ўласцівым ёй цярплівасці і стараннасці прадстаячы год прынясе ў наша жыццё спакой, гармонію і дабрабыт.
Пабывала на свяце і Свінка. Гэты вобраз цудоўна выканала Святлана Чайкіна. Колькі было розных пажаданняў, загадак, розыгрышаў! Прымалі ў іх ўдзел усе прысутныя.
Ну а як жа пад Новы год без Дзеда Мароза, Снягуркі Бабы Ягі? Гэтыя персанажы таксама пабывалі на свяце, віншавалі прысутных, арганізоўвалі розныя забаўляльныя гульні, удзельнічалі ў латарэі. А.Кейка, Г.Міканава і І.Кавалеўская падрыхтавалі выдатную праграму, удзел у якой ахвотна бралі госці. Гучалі музыка і песні, прысутныя дзяліліся ўражаннямі, добрымі навінаамі, танцавалі, цікава праводзілі час.
С.ЗВЯРОВІЧ
Фото аўтара
При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад