Новы год і Нараджэнне Хрыстова -- святы незвычайныя, поўныя таямніц і цудаў. У кожнай установе стараюцца іх сустрэць і адзначыць з творчай выдумкай і фантазіяй. Музей “Лес і чалавек” -- не выключэнне. На гэты раз яго супрацоўнікі падрыхтавалі цыкл святочных мерапрыемстваў, якія разлічаны, у першую чаргу, на юных наведвальнікаў. Святочныя мерапрыемствы пачаліся 15 снежня і будуць працягвацца да 19 студзеня.
Хлопчыкам і дзяўчынкам, думаю, што і дарослым таксама, будзе цікава пазнаёміцца з тэматычнай выстаўкай ёлачных упрыгожванняў, віншавальных паштовак, выцінак, ёлак з прыроднага матэрыялу, “Навагоднія цуды ў лукамор’я”. Дзецям можна будзе даведацца і паглядзець, якімі цацкамі ўпрыгожвалі навагоднія ёлкі іх дзядулі і бабулі. Дарослыя ў думках вернуцца ў чароўны свет навогодніх свят свайго дзяцінства, ім гэта даставіць нямала прыемных і радасных хвілін.
-- Хочацца зазначыць, што экспанаты на выстаўку падрыхтаваны рукамі нашых супрацоўнікаў і з мінімальнымі выдаткамі. Мы выкарыстоўвалі тое, што заўсёды пад рукамі і знойдзецца ў кожным доме: тэкстыль, вату, паперу, яловыя і хваёвыя шышкі. Пры жаданні кожны хлопчык ці дзяўчынка самі змогуць зрабіць такія ўпрыгожванні дома для свае ёлкі. А пакуль што юныя наведвальнікі з задавальненнем фатаграфаваліся каля нашай рэтра-ёлкі. Ва ўсіх нашых супрацоўнікаў залатыя рукі і артыстычныя здольнасці, -- з здадавальннем расказвае дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталля Анатольеўна Пуцілоўская.
Выстаўка і рэтра-ёлка -- гэта не ўсё, што падрыхтавалі работнікі музея да свят. Не першы раз яны пераўвасабляюцца ў артыстаў і ладзяць для наведвальнікаў тэатралізаваныя прадстаўленні. На гэты раз яны паказваюць невялікі спектакль “Казкі зімовага лесу” з удзелам казачных персанажаў.
Сучасныя дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у флэшмобе ад Бабы Ягі і Дзеда Мароза. Хто цікавіцца культурнай спадчынай нашых продкаў, той можа паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне “Калядкі-- добрыя святкі”.
Музейны занятак “Летапіс навагодніх традыцый” разлічаны, каб пашырыць эрудыцыю рабят. Работнікі музея раскажуць школьнікам, як святкуюць Новы год у розных краінах, якія існуюць там традыцыі, звычаі.
--Каб зімовыя канікулы прайшлі з карысцю, а навагоднія і калядныя святы запомніліся, -- прыходзьце ў музей “Лес і чалавек”, не пашкадуеце!-- запрашае школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў Н.А. Пуцілоўская.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад