У Дзень усіх закаханых у музеі “Лес і чалавек” адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы карцін Ядвігі Іванаўны Сянько “Кветкавы рай”.
У святочны лютаўскі дзень выставачная зала музея напоўнілася вясновым настроем. А прычына таму не толькі прыгожыя рознакаляровыя кветкі, якія нібы ажылі на палотнах мастака, але і сустрэча з таленавітым чалавекам, абаяльнай жанчынай, майстрам сваёй справы, аўтарам гэтых выдатных карцін – Я.І. Сянько.
Ядвіга Іванаўна – прафесійная мастачка. Жыве ў Маладзечне, у свой час скончыла Маскоўскі ўніверсітэт мастацтваў, з’яўляецца аўтарам больш як 600 нацюрмортаў і кветкавых кампазіцый, 2000 абразоў, членам Міжнароднай акадэміі экалогіі, мастацтва і архітэктуры.
14 лютага ў зале музея сабраліся сапраўдныя аматары мастацтва. Сярод іх навучэнцы СШ №3 і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей ЦСАН. Адкрыла мерапрыемства дырэктар музея Н.А. Пуцілоўская, якая расказала аб жыццёвым шляху аўтара прадстаўленых карцін, творчай палітры і жанравай разнастайнасці.
– На тэрыторыі Беларусі былі праведзены больш як 200 выстаў абразоў і карцін Я.І. Сянько, – адзначыла Наталля Анатольеўна. – Яе работы выстаўляліся і далёка за межамі нашай краіны. Так, напрыклад, выстаўка абразоў Ядвігі Іванаўны знайшла высокую ацэнку ў Арменіі. Многія яе карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях у краінах Балтыі, Расіі, Польшчы, Украіне, ЗША, Германіі, Італіі, Францыі і інш.
– Магчыма, талент перадаўся мне ад бацькоў, хоць яны і не былі непасрэдна звязаны з гэтым мастацтвам, – дзеліцца мастачка. – Аднак з упэўненасцю магу сказаць, што аднаго таленту недастаткова, патрэбна многа працаваць, пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства, развівацца.
Вось ужо на працягу больш як дваццаці гадоў творчасць Я.І. Сянько непарыўна звязана з тэмай хрысціянства. Яна піша не толькі абразы, але і карціны на біблейскія тэмы. Жанчына працуе па благаславенню Філарэта Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Чалавек, які адлюстроўвае такую прыгажосць, мае багаты духоўны свет. Пераканацца ў гэтым змаглі ўсе ўдзельнікі сустрэчы.
Сапраўды, выставачная зала музея быццам напоўнілася духмяным водарам кветак. Тут радуюць вока і шыкоўныя ліліі, і пяшчотныя браткі, і, канешне ж, каралева кветак – ружа.
– Здаецца, што ў гэты лютаўскі дзень да нас завітала вясна, – дзеліцца эмоцыямі А.Я. Аляхновіч. – Кветкі паўстаюць з палотнаў, нібы жывыя. Прыемна ўбачыць такія выдатныя работы і пазнаёміцца з іх аўтарам, таленавітай, яркай і неардынарнай асобай.
На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічала загадчыца сектара культуры Мастоўскага райвыканкама А.В. Палуйчык, якая выказала словы ўдзячнасці мастачцы за магчымасць акунуцца ў сапраўдны кветкавы рай.
Не абыйшлося ў гэты дзень і без жывых кветак. Іх работнікі музея ўручылі Я.І. Сянько і выказалі спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва. Упэўнены, што ў хуткім часе жыхары раёна ўбачаць і іншыя работы мастачкі. А зараз ёсць цудоўная магчымасць наведаць кветкавы вернісаж. Выстаўка будзе працаваць да 31 сакавіка.
В. ЦІШКО
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад