Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныГод исторической памятиГод исторической памятиГод исторической памяти76 лет Гродненской областиГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

У Мілявічах і Курылавічах гучалі песні аб родным краі

У Мілявічах і Курылавічах гучалі песні аб родным краі21 февраля 2019 — 09:33

Канцэртамі ў Мілявіцкім і Курылавіцкім цэнтрах вольнага часу і культуры быў дадзены старт штогадоваму марафону калектываў аматарскай творчасці клубных устаноў Мастоўшчыны “Залатыя россыпы талентаў”.

Сёлетнія творчыя справаздачы самадзейных калектываў і таленавітых выканаўцаў раёна прысвечаны дзвюм юбілейным датам – 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю Гродзенскай вобласці. Таму ў аснову выступленняў пакладзена тэма патрыятызму, любові да роднага краю, яго гераічнага мінулага, сённяшняй мірнай стваральнай працы на карысць Радзімы.

Канцэртную праграму ў Мілявічах адкрыла вакальная група “Вясняначка” з песняй “Дзень добры, родныя мясціны”. Дарэчы, у склад названага калектыву ўваходзяць педагогі разам з дырэктарам мясцовай школы, загадчыца ФАПа, жыхары аграгарадка, якіх аб’ядноўвае песня.

Уразілі гледачоў сваімі арыгінальнымі касцюмамі, артыстызмам і ўменнем трымацца на сцэне юныя моднікі – удзельнікі дзіцячага дэфіле “Колеры лета”.

Дружнымі апладысментамі падтрымлівалі жыхары Мілявіч сямейны дуэт у складзе Алы і Дзмітрыя Достаў, нязменную салістку Аляксандру Новік, дзіцячую танцавальную групу з харэаграфічнай кампазіцыяй “За Беларусь!”.

Яркімі канцэртнымі нумарамі, новымі імёнамі і паспяхова рэалізаванымі творчымі ідэямі парадавала і справаздача курылавіцкіх самадзейных калектываў.

У выкананні ўдзельнікаў мужчынскай вакальнай групы Мікалая Рахунка, Мікалая Астапука, Уладзіміра Барташа, Юрыя Канстанцінава, Андрэя Сабасцьяна, гурта “Суседачкі”, дзе спяваюць Вера Войцік, Марына Жоглік, Ларыса Траян, Аксана Дзябёла, Галіна Саўчук, юных салістаў, як, напрыклад, Вікторыя Баркова, прагучалі і знаёмыя творы, і новыя, падрыхтаваныя менавіта да канцэрта. А ён прайшоў пры поўнай зале: любяць жыхары Курылавіч і навакольных вёсак адпачываць ў кампаніі мясцовых артыстаў. А калі на сцэне выступае сваяк, сябар ці сусед – тут ужо далоняў не шкадуй!

– Сёлета будзе шэсць гадоў, як у раёне праводзіцца канцэртны марафон “Залатыя россыпы талентаў”, – адзначае дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра культуры Сяргей Фядотаў. – Ён дае магчымасць пазнаёміцца з творчым патэнцыялам самадзейных калектываў, адкрыць новыя імёны і пасля прадставіць іх ужо на раённай сцэне. Штогод мы назіраем, як расце прафесійны ўзровень выканаўцаў, “запальваюцца” новыя таленавітыя “зорачкі”, нумары становяцца ўсё больш дасканалымі і яркімі. За гэта хочацца падзякаваць кіраўнікам клубных устаноў. Таксама слоў падзякі заслугоўваюць самі ўдзельнікі самадзейнасці і, безумоўна, гледачы за іх шчырую падтрымку.

Па словах загадчыцы аддзела сацыяльна-культурнай і метадычнай дзейнасці РЦК Марыны Голубевай, эстафета творчасці, душэўнай сустрэчы і  добрага настрою будзе перадавацца ад адной клубнай установы да другой на працягу некалькіх месяцаў і завершыцца ў верасні вялікім гала-канцэртам у раённым цэнтры культуры. А ўжо ў сакавіку атмасферу станоўчых эмоцый і прыемных уражанняў паспрабуюць стварыць калектывы Правамастоўскага цэнтра вольнага часу і культуры і сельскага клуба “Мікелеўшчына”.

Н. ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио