Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

У Мастоўскім раённым цэнтры рамёстваў адкрылася выстава “Суладдзе”

У Мастоўскім раённым цэнтры рамёстваў адкрылася выстава “Суладдзе”04 марта 2019 — 11:21

Першы вясновы дзень, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, для наведвальнікаў раённага цэнтра рамёстваў быў напоўнены яркімі фарбамі і пазітывам. Менавіта такі настрой пакідае прапанаваны мастаўчанам арт-праект “Суладдзе” – выстава работ студэнтаў і выкладчыкаў кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Розныя стылі і тэхнікі, накірункі дзейнасці і свой адмысловы позірк на прыгожае – так коратка можа ахарактарызаваць прадстаўленыя на выставе работы. Маладыя аўтары стараліся адлюстраваць духоўны свет беларускага народа, закрануць тэмы нацыянальнай гісторыі і культуры, міфалогіі і фальклору, прыгажосці чалавека і навакольнага свету.

Хтосьці для стварэння мастацкіх выяў таямнічай даўніны і яркага гучання новага часу абраў кераміку, выцінанку ці аплікацыю саломкай, а іншыя - выказвалі свае думкі і пачуцці ў тэхніках мастацкага ткацтва, вышыўкі і роспісу па тканіне. Аднак часцінка любові да сваёй Радзімы, да Беларусі прысутнічае ва ўсіх творах.

Пра гэта падчас адкрыцця выставы вялі размову загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык, дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Жанна Новік і дацэнт кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ала Непачаловіч. А іх удзячнымі і ўважлівымі слухачамі сталі старшакласнікі гарадскіх школ і мастаўчане, што з’яўляюцца прыхільнікамі прыгожага і вечнага.

– Рыхтуючы гэтае мерапрыемства, мы ставілі на мэце правесці прафарыентацыю сярод таленавітых хлопцаў і дзяўчат нашых школ і папулярызацыю ўніверсітэта культуры і мастацтваў і яго старэйшай кафедры, – адзначыла Жанна Лявонцьеўна. Дарэчы, сама яна год як закончыла гэтую навучальную ўстанову, а ў экспазіцыі выставы ёсць і яе дыпломная работа –  вышыўка “Шчасце на далонях”.

Шчырыя словы ўдзячнасці за магчымасць прысутнічаць на адкрыцці выставы і пагутарыць з прадстаўнікамі маладога пакалення мастаўчан выказала Ала Непачаловіч.

– Ведаеце, мне даводзілася адкрываць нямала выстаў, на лепшых пляцоўках Германіі, Сербіі, Польшчы і, безумоўна, Мінска. Але я кажу гэта не для таго, каб пахваліцца, а каб падкрэсліць значнасць той падзеі, што адбываецца ў вашым горадзе, у гэтай цудоўнай зале цэнтра рамёстваў, – падзялілася думкамі Ала Іванаўна. – Мастоўская зямля багата народнымі традыцыямі, якія не толькі захоўваюцца, але і прымнажаюцца. Вялікія надзеі ў справе развіцця народнага мастацтва ўскладаюцца на творчую моладзь, якую мы запрашаем у нашу навучальную ўстанову.

А.І. Непачаловіч пазнаёміла будучых выпускнікоў з інстытутам і накірункамі дзейнасці кафедры, творчымі ідэямі і набыткамі яе студэнтаў.

А пазнаёміцца з экспазіцыяй выставы і натхніцца яе работамі мастаўчане маюць магчымасць да 25 сакавіка.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио