Як жа цудоўна, што ёсць у нашым календары такія святы, як Дзень маці, калі ты можаш спыніцца і ўспомніць пра самага дарагога, роднага і важнага чалавека на гэтым свеце – пра сваю матулю. З асаблівай пяшчотай і душэўнасцю вялі размову пра сваіх анёлаў-ахоўнікаў удзельнікі мерапрыемства, арганізаванага супрацоўнікамі музея “Лес і чалавек”.
– Любоў, цяпло, пяшчота, шчырасць, шчасце – менавіта з гэтымі паняццямі, светлымі і запаветнымі пачуццямі асацыіруецца ў нас вобраз матулі. Нават стаўшы дарослымі, мы ўсё роўна застаемся для яе дзецьмі, якім неабходна матуліна ласка, любоў і клопат, – звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы дырэктар музея Наталля Пуцілоўская, закрануўшы самыя патаемныя струны душы прадстаўніц цудоўнай паловы. А гарманічна падабраныя песні, прагучашаўшыя як гімн жанчыне-маці, выклікалі душэўныя перажыванні і слёзы.
Вялікае шчасце і адказнасць быць мамай дачкі, асаблівая місія і асаблівае званне быць мамай сына – будучага абаронцы Айчыны.
– Мне давялося перажыць Вялікую Айчынную вайну, голад, холад, нястачу, страх быць забітай разам са сваёй сям’ёй, таму хачу пажадаць, каб у лёсы жанчын і лёсы іх сыноў ніколі больш не ўвайшло страшнае слова “вайна”, -выказала пажаданне Валянціна Рыгораўна Пракапюк, якая пражыла складанае, але дастойнае жыццё. І зараз добрыя ўспаміны з прафесійнай дзейнасці, яркія эмоцыі актыўнага грамадскага жыцця зараджаюць яе бадзёрасцю і аптымізмам, нараджаюць вершаваныя радкі і жаданне “несці свае маршчынкі і сівізну напаказ”. З’ўляючыся даўнім сябрам музея, яна разам з калегай Валянцінай Навумаўнай Сазонавай сёлета значна папоўнілі фонды музея новымі цікавымі экспанатамі.
Кожная жанчына-маці ўвасабляе ў сабе цяпло і ўтульнасць роднага дома, дзе смачна пахне пірагамі, а сярод дарагіх сэрцу рэчаў – сурвэткі і ручнікі, цацкі і іншыя рэчы, што захоўваюць цяпло родных рук. Вось і ўдзельніцы сустрэчы падзяліліся сваімі захапленнямі, якія прыносяць ім душэўнае задавальненне і спакой.
– А вось у нашай сям’і гадуецца слімак Ахаціна, – здолела здзівіць прысутных дырэктар музея Наталля Пуцілоўская, дэманструючы незвычайнага хатняга гадаванца.
Шмат прыемных імгненняў прынесла жанчынам і знаёмства з работамі Валянціны Волкавай, што прадстаўлены на выставе ў музеі. Карціны на бярэсце, пано і падзелкі з прыроднага матэрыялу нікога не пакінулі абыякавым да творчасці гэтай таленавітай жанчыны.
А яшчэ ўдзельніцы сустрэчы змаглі адчуць любоў, пяшчоту, працавітасць, цярпенне і дабрыню маці ...на смак. Так-так, нічога дзіўнага. Менавіта гэтыя якасці кожная з супрацоўніц музея, з’яўляючыся клапатлівай матуляй і гасціннай гаспадыняй, уклала ў стравы, што былі прыгатаваны да мерапрыемства. Наварысты кулеш, які ў свой час рыхтавалі партызаны, бабка, бліны з варэннем, пірагі з яблыкамі – багата накрыты стол стаў падставай падзяліцца сакрэтамі кулінарнага майстэрства.
Трэба сказаць, што сустрэча прайшла так душэўна і, як кажуць, на адным дыханні, што яе ўдзельніцы развітваліся з пажаданнямі ў хуткім часе сустрэцца зноў.
Н. ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад