29 лістапада ў музеі “Лес і чалавек” адбылося мерапрыемства “Квітней пад небам сінім, Беларусь”, прымеркаванае да Года міру і стварэння і адкрыцця новай экспазіцыі “Мастоўшчына ў другой палове XX - XXI стагоддзі”.
Удзел у сустрэчы, якая была напоўнена цікавымі гістарычнымі звесткамі і добрымі ўспамінамі, прынялі вучні і настаўнікі Мастоўскай раённай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама прадстаўнікі ААТ “Мастоўдрэў” і ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод”. Менавіта гэтым двум флагманам прамысловасці раёна і прысвечана створаная экспазіцыя.
– Больш таго, кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў прынялі непасрэдны ўдзел у зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў экспазіцыі, а крухмальны завод выступіў спонсарам і выдаткаваў сродкі на набыццё выставачнай мэблі, – падзялілася прыемнай навіной дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская.
Экскурс у мінулае
Бацька Нёман, лясы, якімі багата наша мясцовасць, – усё гэта паспрыяла таму, што ў 1927 годзе тут з’явіўся фанерны завод братоў Канапацкіх, які паклаў пачатак пасёлку Фабрычнаму. А яшчэ праз 13 гадоў у пасёлка з’явіцца сучасная назва Масты і акрэсляцца межы Мастоўскага раёна ў складзе Баранавіцкай воласці. Статус горада Масты атрымалі 22 чэрвеня 1955 года, так што праз два гады споўніцца 70 гадоў, як наш раённы цэнтр займеў гарадское становішча.
Дарэчы, у 1971 годзе філіялам Інстытута горадабудаўніцтва быў распрацаваны генеральны план-праект развіцця і забудовы горада Масты. У тыя гады былі пабудаваны Дом Саветаў, універмаг, кінатэатр “Сучаснік” і гасцініца “Масты”. У 1972 годзе ў горадзе з’явіўся падвесны мост, а ў 1974-м быў урачыста адкрыты аўтамабільны мост праз Нёман.
Маладзейшыя – з цікавасцю, а старэйшыя – з настальгічным пачуццём паглядзелі відэафільм “Мой горад 90-х”, які быў зняты нашым таленавітым земляком Віктарам Дзегілевічам. Хтосьці пазнаў знаёмыя мясціны, у кагосьці зашчыміла сэрца, што ад былога застаўся толькі ўспамін, а дзеці са здзіўленнем даведаліся, што ў Мастах было сваё “Кола агляду”, ці, як тады яго называлі, “Чортава кола”.
Гісторыю краю пішуць людзі
Мадэрнізаваныя вытворчыя карпусы, новыя віды канкурэнтаздольнай якаснай прадукцыі, высокакваліфікаваныя кадры – гэта сучасныя рэаліі флагманаў прамысловасці раёна.
– Гісторыю свайго краю і свайго часу пішуць людзі. А на Мастоўшчыне заўсёды жылі вельмі сумленныя, сціплыя, духоўна багатыя, гасцінныя і працавітыя людзі, – падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці ААТ “Мастоўдрэў” Анатолій Махнач, звяртаючыся да моладзі. – Цаніце той час, у якім жывяце. З гэтых незабыўных імгненняў і складаецца сапраўднае жыццё. Вучыцеся, цікаўцеся навінкамі сусветнага розуму, рабіце ўсё, каб ваша жыццё стала яшчэ больш цікавым і камфортным.
Таксама Анатолій Георгіевіч запрасіў хлопцаў і дзяўчат на экскурсію, каб не на словах, а на справе пазнаёміцца з вытворчасцю фанеры, пліт МДФ і піламатэрыялаў, а ў далейшым, магчыма, і стаць адным з работнікаў сучаснага дрэваапрацоўчага прадпрыемства.
З пасылам цаніць і ганарыцца сваім краем і яго людзьмі звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства і дырэктар ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод” Інна Жвірбля.
– Нягледзячы на тое што наш завод мае “вясковую” прапіску, яго прадукцыя пад брэндам “Крухмалыч” вядома далёка за межамі краіны. А славу прадпрыемству сваёй добрасумленнай працай прыносяць яго работнікі, якіх мы цэнім, паважаем і шануем, – звярнулася Інна Юр’еўна да калег, уручаючы ім падарункі і кветкі.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх стала выступленне юных талентаў дзіцячай школы мастацтваў. Дружныя апладысменты гучалі ў адрас Ганны Карпавай, Канстанціна Шнайдара, Назара Сапарава і іх канцэртмайстра Надзеі Гранкоўскай. Сваімі творчымі выступленнямі таксама парадавалі Камілія Кароль, Уладзіслаў Пазняк і вакальны ансамбль.
А завяршылася сустрэча … дэгустацыяй смачнага кісялю з рагозніцкага крухмалу і свежай выпечкі ад супрацоўнікаў музея.
Цікавы факт
Сярод экспанатаў мы ўбачылі і раённую газету “Зара над Нёманам”, датаваную 19 снежня 1977 года. Нумар быў прысвечаны 50-гадоваму юбілею “Мастоўдрэва”, у якім журналісты расказалі аб перадавіках вытворчасці, актывістах грамадскай работы з ліку завадчан, аб цікавых фактах з жыцця калектыву мастоўскіх дрэваапрацоўшчыкаў. Газету перадаў у музей былы работнік «Мастоўдрэва», які ўсе гэтыя гады беражліва захоўваў рарытэт у сямейным архіве, тым самым зберагаючы памяць аб родным чалавеку.
46 гадоў мінула з таго моманту, як названы нумар убачыў свет, некаторых з герояў публікацый ужо няма ў жывых, а газета “памятае” ўсё, падмацоўваючы чалавечую памяць фактамі і лічбамі, што былі актуальнымі ў той час.
Гэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што наша “раёнка” з’яўляецца своеасаблівым летапісам Мастоўскага краю, расказваючы на сваіх старонках аб падзеях і людзях, якія тут жывуць, добрасумленна працуюць і праслаўляюць сваю малую радзіму.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Экспазіцыя пра Мастоўшчыну на мяжы стагоддзяў
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад