Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовИрина БочкоНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

У Мастоўскім цэнтры рамёстваў адкрылася выстаўка жывапісу

У Мастоўскім цэнтры рамёстваў адкрылася выстаўка жывапісу01 апреля 2019 — 09:03

Мастоўскі цэнтр рамёстваў заўсёды імкнецца чым-небудзь здзівіць жыхароў горада і раёна. Таму тут вельмі часта адбываюцца мерапрыемствы рознага накірунку. Вось і ў гэтыя вясновыя дні праходзіць выстаўка-продаж жывапісу гродзенскай мастачкі Валянціны Брысач.

Выстаўка адчыніла свае дзверы 27 сакавіка і будзе працягвацца да 19 красавіка. Кожны жадаючы можа не толькі яе наведаць і атрымаць асалоду ад убачаннага, але і набыць той твор, які больш за ўсё ўразіў.

А атрыманныя ад карцін уражанні на самой справе вельмі яркія. Тут захапляе дух ад вядомага не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў краіне ў цэлым, воднага аб’екта – Аўгустоўскага канала. Спачываеш душой, гледзячы на вясковыя хаты і хлебныя нівы вакол. А колькі думак узнікае каля сціплай бярозкі на ўскраіне лесу!

Тэме Малой радзімы прысвечана шмат твораў мастачкі. Па словах Валянціны Брысач, натхніць на жаданне ўзяцца за пэндзаль и фарбы можа нават просты певень. Дарэчы яго каларытны “партрэт” таксама заняў сваё месца на выстаўцы. Прыгожыя кветкі, хатнія жывёлы, унікальныя куточкі роднай прыроды – усё гэта знайшло адлюстраванне на палотнах мастачкі ў тэхніцы  алейнага жывапісу.

Захапленне Валянціны Брысач Аўгустоўскім каналам зразумела – яна нарадзілася ў вёсцы Сонічы над ім. З’яўляецца арганізатарам 11 мастацкіх пленэраў на канале. У яе творчым багажы 11 персанальных выставак. Акрамя гэтага, прымае актыўны ўдзел у міжнародных мастацкіх пленэрах і выстаўках у Беларусі і за яе межамі. За сваю дзейнасць мастачка неаднаразова ўзнагароджвалася. У 2004 годзе атрымала Знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, а ў 2011 годзе стала лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” у намінацыіі “мастак года”.

Падтрымаць сваю сяброўку пры адкрыцці выстаўкі прыехала і мастацтвазнаўца, сябра Беларускага Саюза мастакоў Марына Загідуліна, якая падрабязна і вельмі эмацыянальна расказала пра асаблівасці твораў Валянціны Брысач.

Пейзажы і нацюморты мастачкі, якія пранікнуты любоўю да прыроды і роднага краю і падкрэсліваюць вытанчанасць родных краявідаў, знаходзяцца не толькі ў Гудзевічскім краязнаўчым музеі, Доме-музеі А.Міцкевіча ў Навагрудку, але і ў прыватных калекцыях Германіі, Францыі, Англіі, Італіі, Канады, Злучаных Штатаў Амерыкі.

Таму, паспяшайцеся далучыцца да прыгожага, наведаўшы выстаўку ў раённым цэнтры рамёстваў.

І.Бочко

 

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио