21 лютага ў Дзень роднай мовы на Мастоўшчыне прайшлі шматлікія мерапрыемствы. Работнікі культуры ў гэты дзень пісалі дыктоўку па-беларуску.
Бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Святлана Чайкіна звярнулася да калег з аповедам аб важнасці захавання і ўжывання роднай мовы.
- Сёння ў свеце шмат цудоўных моў, – сказала Святлана Іванаўна. – Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, іншыя – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта яе чалавек пачынае чуць у дзяцінстве.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. У Год гістарычнай памяці аб гэтым варта нагадаць яшчэ раз. Бо мова – частка чалавечай культуры, гістырычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягвааюць жыць традыцыі. Мова абуджвае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам паяднання людзей.
Святлана Чайкіна паведаміла, што ў час апошняга перапісу насельніцтва 74 працэнты грамадзян Беларусі назвалі беларускую мову роднай. І калі кожны з іх хоць крыху пачне на ёй думаць і пісаць, развіваць сваю мову, будзе вельмі добра. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету.
Затым Святлана Чайкіна прадыктавала ўрывак з апавядання Якуба Коласа “Разліў Нёмана”.
Мы запыталі ва ўдзельнікаў мерапрыемства аб іх уражаннях.
Анастасія Палуйчык,
загадчык сектара культуры райвыканкама:
- Для мяне і работнікаў культуры было вельмі важна прыняць удзел у акцыі да Дня роднай мовы. Усе мы пісалі дыктоўку “Разліў Нёмана” паводле твора Якуба Коласа.
Вельмі важна нешта зрабіць для развіцця роднай мовы ў Год гістарычнай памяці. У праекце новай Канстытуцыі асаблівае месца таксама ўдзяляецца захаванню і перадачы культурнай спадчыны нацыі будучым пакаленням беларусаў. Без мінулага няма будучага. Ведаць і любіць сваю мову, свае карані, традыцыі павінен кожны.
Нам, мастаўчанам, тэма дыктоўкі вельмі блізкая. Мы жывём на ўзбярэжжы ракі Нёман.
Такія мерапрыемствы вельмі збліжаюць нас усіх.
Алена Садаўнічая,
дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў:
- На душы было вельмі хораша, калі я пісала дыктоўку на беларускай мове. Яшчэ раз успомніла, як пішуцца на роднай мове многія словы, парадавалася за іх мілагучнасць і прыгажосць. І яшчэ за тое, як выдатна і таленавіта апісаў разліў Нёмана класік нашай літаратуры Якуб Колас.
Алена Люцкевіч,
метадыст Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў:
- Я вельмі рада, што пашчасціла ўдзельнічаць у такім цікавым мерапрыемстве, прысвечаным роднай мове. Імкнулася граматна напісаць дыктоўку, не дапусціўшы ў ёй памылак. Быццам з дзяцінства прагучалі словы Якуба Коласа пра нашу раку Нёман. Лічу, што вельмі важна прывіваць любоў да роднай мовы. І вельмі добра, што на гэтае мерапрыемства сабралася шмат маіх калег.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад