Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумДуховностьНовости МостовщиныНовости Мостовщины

У Мастах урачыста сустракалі фігуру Маці Божай Фацімскай

У Мастах урачыста сустракалі фігуру Маці Божай Фацімскай03 сентября 2017 — 16:02

   У Мастах, у касцёле Маці Божай Тройчы  Цудоўнай, першага  верасня  каля тысячы вернікаў-католікаў на чале з настаяцелем касцёла ксяндзом Віктарам Ханько  ўрачыста сустракалі фігуру Маці Божай Фацімскай. Яна  прыбыла ў нашу парафію з Волпы, а з  Мастоў  накіруецца ў Рось. Урычыстыя  малітвы ў яе гонар і хвалу працягваліся ў касцёле  і другога верасня. На Мастоўшчыне Маці Божая Фацімская пабывала ва ўсіх касцёлах, дзе  таксама прайшлі  ўрачыстыя набажэнствы. Мяркуецца, што Маці Божая Фацімская  прабудзе ў Беларусі каля трох месяцаў і наведае ўсе каталіцкія храмы. А ўпершыню фігура Маці Божай Фацімскай пабывала  ў рэспубліцы дзесяць гадоў назад.

 

  Мэта перыгрынацыі – напамін людзям аб каштоўнасці чалавечага жыцця, аб неабходнасці захавання хрысціянскіх каштоўнасцей, хрысціянскага  братэрства, якое павінна існаваць паміж народамі. Маці Божая з Фацімы абрана для перыгрынацыі, бо ў яе пасланнях выразна адчуваецца заклік  да захавання міру, братэрства і міласэрнасці, вяртання да Бога, бо толькі гэта можа  выратаваць чалавецтва ад граху, духоўнай смерці і знішчэння. Відавочцы сведчаць, што у час  падарожжаў Маці Божай Фацімскай па краінах яе часта  суправаджалі галубы – пасланнікі міру.

 

Сто год прайшло з таго часу, калі Найсвяцейшая Марыя  аб’явілася  ў Партугаліі паблізу Фацімы тром малым пастушкам. Яе прароцтвы, якія яна паведаміла дзецям, аказаліся праўдзівымі, але такімі страшнымі,што доўгі час пра іх забаранялася  нават гаварыць.

 

  --Не забывайце, што грэх  -- пустыня чалавека. Сёння  мы прыйшлі ў касцёл з малітвай, і Маці Божая Фацімская дапаможа нам. Міласэрнасць сэрца Маці Божай не мае межаў.   Многа маліцеся, даверцеся Богу, і  вы заўважыце, як ваша жыццё зменіцца ў лепшы бок. Сэрца Марыі і Езуса  хочуць  аказаць  свету шмат міласэрнасці. Ад нас  патрэбна толькі вяртанне да  Бога. Чалавек сам  выбірае пекла сваімі  нядобрымі ўчынкамі  на зямлі. Паспрабуйце зрабіць штосьці добрае  для сваіх блізкіх, суседзяў, каб была пачута міласць вашага сэрца. Будзьце патрыётамі міласэрнасці!--заклікаў вернікаў ксёндз Віктар Ханько.
 

 

З Маці Божай Фацімскай звязана многа таямніц, да  канца яшчэ не раскрытых, і цудаў. Усё жыццё святога Яна Паўла ІІ з’яўляецца прыкладам таго, якія вялікія і цудоўныя ласкі можна спазнаць, даверыўшыся Маці Божай. Гэта менавіта ёй Папа ўдзячны за  сваё жыццё падчас пакушэння. У памятны дзень 13 мая 1981 года на плошчы святога  Пятра прагучаў выстрал, пасля якога  Ян Павел ІІ павінен быў загінуць. Так лічаць крыміналісты, урачы і нават сам забойца. Нягледзячы на гэта, Святы Айцец выжыў. Выратавала яго ад смерці тое, што ён у той самы момант, калі ляцела куля, нахіліўся да дзяўчынкі, якая трымала ў руках  абраз Маці Божай Фацімскай.  Ці ж гэта не цуд?

 

 Ніжанковічы – нічым не прыкметны невялікі пасёлак на памежжы Украіны і Польшчы з насельніцтвам каля 2-х тысяч чалавек. У гэтым месцы пабудаваны 3 святыні: каталіцкая, грэка-каталіцкая і праваслаўная. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, “плач Марыі” аб’яднаў вернікаў розных канфесій. Цяпер яны шмат моляцца разам.


    Упершыню фігура Марыі заплакала 5 студзеня 2005 года. Гэта ўбачыў тутэйшы католік, які прыйшоў, каб прыбраць у святыні. У вялікім узрушэнні ён паклікаў іншых парафіян, якія  засведчылі  незвычайную з’яву. Па словах мясцовых жыхароў, быў страшны мароз. Святая вада ў крапільніцы замерзла, а слёзы Маці Божай – не. Людзей апанаваў жах: чаму Найсвяцейшая Панна плача? Чаму плача ў іх? 

 

Адказаў на гэтыя пытанні так і не знайшлі – шукаюць і па сёння. Кожны робіць свае высновы: індывідуальныя і глабальныя. Праз дзясятак гадоў ва Украіне пачалася крывавая разруха. Быць можа, Марыя загадзя папярэджвала народ  аб  узброеным канфлікце? А можа, яна плакала з-за ненароджаных дзяцей, якія штодня гінуць у краіне падчас незабароненай практыкі абортаў? З часам пытанняў узнікае ўсё больш і больш.

 

 Даверлівай і прыгожай любові да Хрыста ў Найсвяцейшым Сакраманце вучыліся вернікі -мастаўчане  ў самой Марыі праз прыклад  яе ўласнага жыцця – пакорнага, поўнага веры, адданага Божай волі. Маці Збаўцы заўсёды скіроўвае людзей да свайго Сына, прагне весці да яго. Такой была і мэта яе аб’яўленняў у Фаціме.

 

 Мастаўчане малілі Маці Божую Фацімскую, каб яна выпрасіла для нас ласку ўмілавання Найсвяцейшага Сакраманту, каб кожны нястомна чэрпаў яе з гэтай бясконцай крыніцы любові і міласэрнасці, беручы ўдзел у святой Імшы, прымаючы святую Камунію і як мага часцей сустракаючыся  з Хрыстом у касцёле. 


Е. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио