Яшчэ ніколі так шматлюдна не было ва ўрочышчы Міхайлоўка на правым беразе Нёмана, як у мінулую нядзелю. Здаецца, увесь горад прыйшоў сюды на свята.
Нёман – вялікая рака нашай малой радзімы. Па тэрыторыі Мастоўшчыны яна працякае амаль сто кіламетраў. Рака-працаўніца, рака-памочніца, рака-прыгажуня. Мястэчка Масты было заснавана ў шаснаццатым стагоддзі як прыстань на гэтай рацэ. У дваццатым стагоддзі на яе беразе было заснавана дрэваапрацоўчае прадпрыемства, паклаўшае пачатак гораду, таму што па Нёману было зручна сплаўляць шмат драўніны. У гады вайны балоцістая пойма ракі і густыя лясы па яе берагах абаранялі пытызан ад ворага. Ва ўсе часы ў Нёмане лавілі рыбу, у маляўнічых месцах на яе берагах адпачывалі. Яна стала галоўным героем свята.
Адкрываючы яго, вядучыя С.Кузьміцкі і М.Ячкоўская расказалі аб праграме свята, дзясятках карысных і забаўляльных мерапрыемстваў, якія пройдуць у гэты дзень, пажадалі прысутным падтрымаць традыцыю здаровага і калектыўнага адпычынку ў такім цудоўным кутку нашага горада.
У свяце прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама М.О.Давыдзік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі С.С.Дзяйкала, кіраўнікі сектараў культуры, спорту і турызму А.В. Палуйчык і С.П.Кухлей, старшыня раённага аб”яднання прафсаюзаў А.В.Рагацэвіч, начальнік аддзела эканомікі В.М.Патапава. Яны арганізоўвалі мерапрыемствы, узначальвалі судзейскія групы, узнагароджвалі пераможцаў спаборніцтваў.
Якое ж свята Нёмана без рыбнай поліўкі! Па Міхайлоўцы ўжо з самага пачатку разносіўся прыемны пах ад кастроў, дзе ўжо варылася гэтая смачная страва. Лепшыя шэф-повары прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна спаборнічалі ў кулінарным паядынку “Эх,ушица, хороша!”. З выдумкай і гумарам мастаўчане і госці абсталявалі імправізаваныя падвор’і і далі ім назвы. Жадаючыя маглі зайсці, паспрабаваць смачнай рыбнай поліўкі.
Найбольш смачнай яна аказалася ў каманды Азяранскія разлівы, другое і трэцяе месцы ў Дубненскіх маракоў і «Крамбамбулі» Сельгастэхнікі. Дыпломы і прызы ў розных намінацыях атрымалі каманды «Піраткі» другой градской школы, «Дрэваапрацоўшчык» «Мастоўдрэва», «Агеньчык» кааператыўнага гандлю, «Высокае напружанне» раёна электрасетак, «Ухажёры» РУП ЖКГ, і «Ухажоры» ЦРБ. Сродкі на прызы выдзеліла раённае аб'яднанне прафсаюзаў.
Працаваў выязны гандаль, дзейнічала выстаўка-продаж сувеніраў народных промыслаў, дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі арганізавалі Мастоўская раённая бібліятэка і Мастоўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А колькі розных атракцыёнаў прыехала ў гэты дзень у Масты! І дзеці скарысталіся магчымасцю паспрабаваць у іх свае сілы. Удзельнічалі таксама і дарослыя.
Вельмі масавым быў велапрабег, які прайшоў у гонар нашага бацькі-Нёмана. У ім таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. Веласіпед у мастаўчан набывае усё большую папулярнасць. Прыемна ўразіў той факт, як шмат жыхароў раёна навучылася на ім добра ездзіць, выкарыстоўваць яго для паездак на працу, для адпычынку, спаборніцтваў. У велапрабегу прыняло шмат прадстаўнікоў прафсаюзаў, жансаветаў, Чырвонага Крыжа і іншых грамадскіх арганізацый.
У госці да мастаўчан на свята прыехалі калектывы аматарскай творчасці са Шчучынскага і Слонімскага раёнаў. Разам з мастоўскімі артыстамі яны ўдзельнічалі ў шматгадзінным канцэрце на галоўнай сцэне. Колькі доўжылася свята – столькі і гучалі музыка і песні, ствараючы для прысутных добры настрой.
Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемства выклікаў заплыў “На чым папала”. Якіх толькі самаробных плавальных сродкаў не павыраблялі энтузіясты з прадпрыемстваў і устаноў горада! Па Нёмане рухаліся плыты, бочкі, веласіпеды, напампаваныя паветрам калёсы і многа чаго іншага. У заплыве “На чым папала” ўдзельнічалі прадстаўнікі райбальніцы, сельгастэхнікі, раёна электрасетак, раённай арганізацыі БРСМ, аддзела па надзвычайных сітуацыях, камунальнікі, ратавальнікі а таксама госця з Ліды на сваім экзатычным плавальным сродку.
Спадабаліся ўсім і спаборніцтвы выхаванцаў Гродзенскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту. Прысутныя змаглі пабываць у імпрэзаваным музеі пад адкрытым небам “Гісторыя і развіццё вяслярных відаў спорту на Мастоўшчыне”, пазнаёміцца з лодкамі, на якіх спаборнічалі прадстаўнікі цэнтра, і з галоўнымі ўзнагародамі. Трэнер-педагог А.Прасняк расказала прысутным аб дасягненнях выхаванцаў цэнтра.
Усім вядома, што самы смачны квас вырабляюць у горадзе Масты. У гасцей свята была ўнікальная магчымасць выйграць пэўную колькасць гэтага напітку і пачаставаць ім сваю сям’ю ці сяброў. У эстафеце-забегу “Квасны бУМ”, мог прыняць удзел кожны жадаючы: пераадолець першым паласу перашкод і атрымаць прыз. І многія скарысталіся такой магчымасцю.
У гэты час на беразе Нёмана праводзілі іншыя цікавыя забавы. Дзеці з вялікім задавальненне прымалі удзел у конкурсе “Вясёлыя карамыслы”, арганізаваным райкамам БРСМ. А яшчэ з большым задавальненнем прымалі салодкія падарункі за перамогу.
А на пляжы ў гэты час мастаўчане з дзецьмі будавалі скульптуры з пяску. Тварылі з фантазіяй, выдумкай. Многа экзатычных жывёл і розных фігур можна было ўбачыць тут.
Да вечара доўжыліся спаборніцтвы па пляжнаму валейболе, у якіх прымалі ўдзел спартсмены гарадскіх і сельскіх арганізацый. Паядынкі былі масавымі і баявымі. Толькі ЗАТ “Гудзевічы” выставіла пяць каманд. Гудзевіцкія валейбалісты і перамаглі ў спаборніцтвах.
А вечарам пачалася дыскатэка і яркае шоу-фестываль “ColorFest”. Не пазнаць было танцуючых мастаўчанак, размаляваных ва ўсе колеры вясёлкі. Смех, усмешкі на тварах і вясёлыя воклічы гаварылі аб тым, што свята спадабалася і ўдалося.
С.ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад