Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

У кожным вырабе -- часцінка душы

У кожным вырабе -- часцінка душы13 апреля 2018 — 14:35

Сяргей Аляксандравіч Жвірбля -- вядомы ў нашым Прынёманскім краі майстар-кераміст. Працуе ён у раённым цэнтры рамёстваў. Яго вырабы прыцягваюць увагу наведвальнікаў розных выстаў. Вось і нядаўна яны дэманстраваліся ў Гродне на святочнай велікоднай ярмарцы-продажы.

 

--Упершыню я пачаў працаваць з глінай у час вучобы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце, дзе вучыўся на мастацка-графічным факультэце,-- расказаў Сяргей Аляксандравіч.—Гэта наш беларускі прыродны матэрыял, вельмі цёплы і прыемны для рук, падатлівы і пластычны. Там я і палюбіў яго, навучыўся тэхналогіі вырабаў з гліны, іх мастацкаму афармленню. Гэта спатрэбілася ў жыцці, бо, каб нешта станоўчае зрабіць, патрэбны адукацыя і вопыт.


А самыя першыя ўрокі мастацтва ён узяў у бацькі, ветэрана вайны, які жыў спачатку ў Шчучыне, потым у Ражанцы, выкладаў у мясцовай школе выяўленчае мастацтва. Бацька добра маляваў, многа карысных парад даў сыну.


Пасля заканчэння ўніверсітэта С.А.Жвірбля працаваў у Пескаўскай сярэдняй школе настаўнікам чарчэння і малявання, затым перайшоў у Мастоўскую школу мастацтваў, дырэктарам якой быў вядомы беларускі мастак Аляксей Багустаў. Сумесная праца абагаціла гэтых двух творчых людзей. Сяргей Аляксандравіч на той час вучыў дзяцей, сам маляваў карціны. Мы і пазнаёміліся з ім на выстаўцы яго карцін у музеі “Лес і чалавек”. Ужо тады яго творы прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў.


Калі дзесяць гадоў назад у Мастах адкрыўся цэнтр рамёстваў, С.А.Жвірблю запрасілі па сумяшчальніцтве працаваць туды, ведаючы яго даўняе захапленне керамікай. Паўстала пытанне: які накірунак развіваць? Ці адра-джаць даўняе беларускае мастацтва керамікі, ці працаваць у сучасным стылі. Маючы адпаведную адукацыю і веды, Сяргей Аляксандравіч прапанаваў развіваць народныя традыцыі.


З захапленнем ён узяўся за новы накірунак работы. Інструменты і ганчарны круг С.А.Жвірбля зрабіў сам. Ідэі былі таксама яго. Вырабляў керамічныя вырабы, вучыў гэтаму дзяцей.


З творчасцю звязалі свой лёс і дзеці. Сын Ян закончыў Акадэмію мастацтваў, стаў прафесійным мастаком. Цяпер займаецца ілюстрацыяй кніг у выдавецтвах. Афармляў кнігі Алеся Карлюкевіча “Зорны шлях белых гарлачыкаў”, Альберта Міхайлава “Трывожныя аповесці” і іншыя. За выдатныя ілюстрацыі да кнігі Васіля Быкава “Сваякі” ён вылучаны на прэмію імя Элізы Ажэшкі. Яго жонка Марыя Сяргееўна таксама закончыла Акадэмію мастацтваў, з”яўляецца адным з лепшых мастакоў-афартыстаў Беларусі.


Мастаком-дызайнерам стала і дачка Сяргея Аляксандравіча.
Шмат гадоў выкладае выяўленчае мастацтва яго жонка Жанна Віктараўна Езерская. Працуе яна ў Мастоўскай школе мастацтваў, вучыць дзяцей шанаваць прыгажосць і адлюстроўваць яе. Калісьці яна таксама вучылася мастацтву ў сваіх бацькоў Віктара Фёдаравіча і Зоі Фёдараўны, якія працавалі ў школе ў Валожыне.


…Няпросты шлях праходзяць керамічныя вырабы ад задумкі да выставачнага экземпляра. Адны пачынаюцца з ганчарнага круга, іншыя ад пачатку да канца лепяцца рукамі. Іх трэба потым дасканала адшліфаваць, абпаліць некалькі разоў у муфельнай печы. Работа патрабуе як захаплення, творчасці, так і цярплівасці, старання.


Сяргей Аляксандравіч з цягам часу робіць усё больш складаныя і па-мастацку дасканалыя рэчы. Задумваючы новыя вырабы, майстар іншы раз раіцца з дзецьмі ці жонкай, часамі яны з ім. Праходзіць некаторы час, і ў цэнтры рамёстваў з”яўляюцца прыгожыя рэчы з керамікі -- прадаўжаюцца традыцыі старажытнага беларускага мастацтва.


С.ЗВЯРОВІЧ
Фото аўтара



 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио