14 лістапада ў Гудзевіцкім музеі прайшла прэзентацыя новых кніг мясцовага пісьменніка Мікалая Пятровіча Іваноўскага.
Ініцыятарам гэтага мерапрыемства выступіла старшыня пярвічнай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” і надзейны сябар, дарадца Мікалая Пятровіча – Ірэна Адольфаўна Жукоўская. Сабраліся на сустрэчу людзі неабыякавыя да яго творчасці. Распачала гэтае мерапрыемства дырэктар музея – Вікторыя Сяргееўна Палойка. Яна адзначыла, што прэзентацыя гэтых кніг ужо прайшла на базе літаратурнага клуба “Экватар” у г.Мінску, а цяпер усе прысутныя маюць магчымасць пазнаёміцца з навінкамі ў нашым музеі.
Да ўвагі была прадстаўлена вельмі змястоўная і цікавая кніга “Загадкі на ўсе выпадкі”. Аўтар запрашае маленькіх чытачоў здзейсніць падарожжа па старонках сваёй новай кнігі. Усе матэрыялы размешчаны тут згодна беларускаму алфавіту. Кніга вельмі прыгожая, багата ілюстраваная, з нацыянальным беларускім каларытам – на кожнай яе старонцы. Тэматыка загадак самая розная: пра жывёл, птушак, пра расліны і пра многае іншае. Гэты зборнік будзе цікавы не толькі маленькім, але і дарослым чытачам.
І яшчэ адзін зборнік вершаў “Сцяжынка дзяцінства” падараваў свайму чытачу Мікалай Пятровіч. Гэта шчыры расказ пісьменніка пра былое, перажытае, пра надзённае.
“Куфар беларускай паэзіі” папоўніўся чарговымі маімі вершамі і байкамі, можа, і не дасканалымі, але прапушчанымі праз душу”, – піша аўтар.
Шмат твораў Мікалай Пятровіч зачытаў сам, а некаторыя прагучалі з вуснаў аматараў яго творчасці.
Шчырыя пажаданні моцнага здароўя і плёну ў працы выказала старшыня Гудзевіцкага сельскага Савета Кацярына Вітальеўна Басінская, якая, дарэчы, выступіла ў ролі карэктара.
Сустрэча прайшла вельмі цёпла, прысутныя акунуліся ў сваё мінулае, узрушылі ў памяці тое, што для кожнага з’яўляецца вялікім скарбам душы.
Л. РЭЙШЭЛЬ,
ст. навуковы
супрацоўнік УК “Гудзевіцкі дзяржаўны
літаратурна
краязнаўчы музей”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад