
Нядаўна давялося зайсці ў Гудзевіцкую сельскую бібліятэку. Якое ж было маё здзіўленне, калі ўбачыў экспазіцыю, прысвечаную раёнай газеце “Зара над Нёманам”.
– Мы спецыяльна аформілі такі прыцягальны куточак, прысвечаны “Зары над Нёманам”, каб звярнуць на яго ўвагу сельскіх жыхароў, нашых наведвальнікаў, – рассказала загадчык бібліятэкі Валянціна Пронька. – Тут можна прысесці, выпіць кубачак кавы, пачытаць у падшыўцы, аб чым піша раённая газета. Побач – аддзяленне сувязі, людзі ідуць туды затым аформіць падпіску. Зараз дзейнічае інсталяцыя з кніг “Чалавек, які чытае”, якая прыцягнула вашу і іншых людзей увагу. Яе суправаджае надпіс “Если хочешь новости района знать, присядь “Зару над Нёманам” почитать”.
Новая экспазіцыя з’явілася добрай нагодай, каб расказаць аб гэтай установе падрабязней.
У бібліятэцы ладзяцца розныя мерапрыемствы, і заўсёды яны падрыхтаваны з душой.
– Незвычайную атмасферу добразычлівасці і ўтульнасці ў бібліятэцы стварае яе загадчык Валянціна Пронька – энергічны, ініцыятыўны і вельмі творчы чалавек. Валянціна Уладзіміраўна ў дасканаласці авалодала ўсімі тонкасцямі бібліятэчнай дзейнасці, нягледзячы на тое, што яна па сваёй прафесіі не бібліятэкар. Сапраўды, кожнае мерапрыемства бібліятэкі – асаблівае і займальнае, на падрыхтоўку якіх Валянціна Уладзіміраўна не шкадуе сіл і часу. Дапамагае ёй бібліятэкар Валянціна Бурмакіна, –адзначыла метадыст Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун.
Бібліятэка цесна супрацоўнічае з мясцовай творчай інтэлігенцыяй, калектывамі агульнаадукацыйнай школы, дзіцячага садка, літаратурна-краязнаўчага музея, цэнтра вольнага часу і культуры, дзіцячай школы мастацтваў, мясцовай уладай. Ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, знакамітымі землякамі, літаратурна-музычныя вечары, літаратурныя імпрэзы, тэматычныя вечары і інш. Чытачы любяць сваю бібліятэку, адчуваюць патрэбу ў ёй і часта наведваюць. Такое адчуванне, што дзверы бібліятэкі не зачыняюцца, таму тут заўсёды людна. Неаднаразова ў сценах бібліятэкі ў аўтарскім выкананні гучалі паэтычныя творы Мікалая Іваноўскага, беларускага паэта, члена Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, чыё жыццё і творчасць звязаны з Гудзевіцкай зямлёй. Мікалай Пятровіч – актыўны ўдзельнік шматлікіх бібліятэчных мерапрыемстваў.
Гонарам бібліятэкі з’яўляюцца кнігі з аўтографамі пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, вучоных, знакамітых землякоў, якія наведвалі бібліятэку, былі ўдзельнікамі шматлікіх мерапрыемстваў. Сабрана звыш 20 кніг з аўтографамі: членаў Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людмілы Кебіч, Тамары Мазур, Мікалая Іваноўскага, вучоных Пятра і Валянціны Бібіла, беларускіх паэтаў, удзельнікаў літаратурнага клуба “Экватар” Інгі Вінарскай, Вячаслава Корбута, мастоўскай паэтэсы Галіны Васілеўскай.
Падтрымліваюцца цесныя сувязі са знакамітымі землякамі, якія праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці і пакінулі след у гісторыі краю. Так, была арганізавана незабыўная сустрэча жыхароў аграгарадка з доктарам юрыдычных навук, прафесарам, ураджэнкай Гудзевіцкай зямлі Валянцінай Бібіла.
Цяпер сельскае насельніцтва ў асноўным пажылое.
– Пры бібліятэцы створана і актыўна дзейнічае аматарскае аб’яднанне для пажылых людзей “Залаты ўзрост”, душой якога таксама з’яўляецца Валянціна Уладзіміраўна. З задавальненнем людзі шаноўнага і паважанага ўзросту, жыхары аг. Гудзевічы наведваюць пасяджэнні клуба па інтарэсах, дэвізам якога з’яўляецца “Сталасць не старасць”. Адначасова яны атрымліваюць інфармацыю пра новыя кнігі і часопісы, разам плануюць пасяджэнні аматарскага аб’яднання, абмяркоўваюць тэмы сустрэч, – дадала Вольга Коршун.
У Гудзевіцкай сельскай бібліятэцы віруе культурнае жыццё, цікавае і прыцягальнае. Тут заўсёды рады кожнаму наведвальніку: і кніжку можна ўзяць пачытаць, і на “Зару над Нёманам” падпісацца.
Станіслав ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад