Жніво падыйшло да свайго зеніту, і ў ЗАТ “Гудзевічы” амаль штодзень пачалі з”яўляцца тысячнікі: механізатары і вадзіцелі, якія намалацілі ці перавезлі тысячу тон зерня.
У гэтым годзе ў сельгаспрадпрыемстве крыху змянілі ўмовы спаборніцтва. Улік намалоту ці перавозкі зерня праводзіцца без уліку рапсу. Менавіта таму ў Гудзевічах свае тысячнікі з’явіліся крыху пазней, чым у іншых гаспадарках. А вось ушаноўваюць іх як і раней непасрэдна ў полі, вельмі шчыра і ўрачыста, з добрымі віншаваннямі, песнямі і ўзнагародамі.
Першым ў ЗАТ “Гудзевічы” намалаціў тысячу тон зерня каласавых збожжавых Іван Валюшка на камбайне КЗС-1218. Іван Іванавіч і ў мінулыя гады быў перадавіком на жніве не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. І вось сёлета ён зноў у лідэрах на жніве.
Павіншаваць перадавікоў у поле прыехалі дырэктар ЗАТ “Гудзевічы” Андрэй Санько, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Віктар Мятлюк, старшыня прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Кацярына Валюшка і мясцовыя артысты на чале з кіраўніком Гудзевіцкага цэнтра культуры і адпачынку А.Чэрнік.
Вельмі цёпла павіншаваў усіх занятых на жніве А.Санько. Андрэй Антонавіч адзначыў, што гаспадарка паспяхова пачала і вядзе жніво, ураджай таксама добры. Як сведчанне стараннасці механізатараў амаль кожны дзень у гаспадарцы з’яўляюцца тысячнікі. Першым гэтага рубяжа дасягнуў камбайнёр Іван Валюшка. Яму А.Санько ўручыў узнагароду, а мясцовыя артысты прыпаднеслі каравай і букет кветак.
– Цяпер у Гудзевічах распрацоўваецца арыгінальны рэцэпт нашага мясовага караваю, – паведаміў Андрэй Антонавіч. – На дажынках яго мы ўручым перадавікам, паспрабуюць таксама і ўдзельнікі жніва.
Павіншаваў усіх удзельнікаў жніва з паспяховай працай і добрымі намалотамі старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Віктар Мятлюк. Віктар Міхайлавіч пажадаў ім і далей дабівацца поспехаў, захоўваць бяспеку працы. Ён уручыў дыплом пераможцы абласнога спаборніцтва на жніве камбайнеру Мікалаю Богдану, які таксама працуе на КЗС-1218.
Першую сваю узнагароду на жніве атрымаў з рук Віктара Метлюка і малады камбайнёр Андрэй Мешка. Ён працаваў на уборцы рапсу, цяпер убірае зерневыя каласавыя. Разам таксама мае тысячу тон зерня. Андрэй лідзіруе у раённым спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў.
Уручыў узнагароду В.Мятлюк і Івану Валюшку.
Павіншавала перадавікоў і уручыла ім узнагароды старшыня прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Кацярына Валюшка.
Прыгожыя жніўныя песні праспявалі для перадавікоў уборкі і ўсіх механізатараў мясцовыя артысты. На некаторы час над полем сціх рокат матораў камбайнаў і грузавікоў, механізатарам прывезлі абед. Харчаваліся яны ў спрыяльных умовах. У гаспадарцы вырабілі складныя сталы і сядзенні. На іх і размясціліся, памыўшы рукі, камбайнёры і вадзіцелі.
А затым усе парадаваліся за перадавікоў, моцнымі апладысментамі падзякавалі за песні артыстам.
Адпачынак быў нядоўгім. Праз некалькі хвілін на свае загонкі на вялікім 150-гектарным полі ля вёскі Агрызкі зноў выехалі камбайнеры. Яны убіралі трыцікале. Культура гэтая родзіць у гаспадарцы. Таму і сеюць яе многа – амаль тысячу дзвесці гектараў. Ураджайнасць складае больш за 45 цэнтнераў з гектара.
На жніве ў Гудзевічах працуюць дванаццаць камбайнаў і дваццаць машын. Сярод камбайнёраў лідзіруюць, акрамя вышэйназванных, Г.Краўцэвіч, С.Сонька, С.Валюшка, сярод вадзіцеляў – С.Валюшка, А.Панюк, А.Гаспаровіч, Р.Нарута, М.Кузьміцкі, С.Кажэцкі, К.Кавальчук і іншыя. Амаль кожны дзень у гаспадарцы з’яўляюцца свае лідэры спаборніцтва.
С.ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад