Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультура

У Гудзевічах працавала летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”

У Гудзевічах  працавала летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”09 июня 2017 — 16:30

 

На тры дні  сюды  сабраліся тыя, хто нераўнадушны да самага прыгожага народнага рамясла.  У Гудзевічы  прыехалі  зацікаўленыя госці не толькі з Гродна, але і Брэсцкай вобласці, каб  засвоіць тэхніку падвойнага ткацтва, якое тут шырока практыкуецца і,  на шчасце, ёсць і сёння майстры, якія на практыцы гатовы вучыць  гэтаму рамяству жадаючых.

 

   --Рада вітаць на гудзевіцкай зямлі тых, хто не толькі цікавіцца тэхнікай падвойнага ткацтва, але і жадае  навучыцца ткаць  прыгожыя рэчы. Спадзяюся, што ў нашых майстроў ёсць што пераняць,-- адкрыла  летнюю  школу-майстэрню галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама І.Я. Тумялевіч.

 

    Летняя школа -- гэта месца  сустрэчы тых, хто  займаецца ткацтвам і цікавіцца  народнымі рамёствамі, імкнецца перадаць іх малодшаму пакаленню. На майстар-класах ёсць магчымасць убачыць  увесь працэс падвойнага ткацтва. Сёння ў  музеі сабраліся майстры Вера Ігнатаўна Белакоз, Марына Аляксандраўна Камінская, Алена Феліксаўна Шунейка, Яўгенія Валер’еўна Станіна і аматары ткацтва, каб падзяліцца сваім вопытам, расказаць пра свае здабыткі і навучыць майстэрству жадаючых.

 

  -- Радуе тое, што цікавасць да народных традыцый не знікае, а наадварот пашыраецца і развіваецца. На нашых занятках ўжо былі людзі розных узростаў і прафесій, а найболей - моладзі! -- гасцінна запрасіла  ў  летнюю школу-майстрэню дырэктар музея Кацярына  Вітальеўна Басінская.

 

  Дырэктар Мастоўскага музея “Лес і чалавек” Наталья Анатольеўна Пуцілоўская цікава расказала гасцям  аб гісторыка-культурных каштоўнасцях нашага раёна.

 

  --Вера Ігнатаўна Белакоз практычна з нуля некалі адраджала  тэхналогію падвойнага ткацтва і на практыцы даказала, што гэта патрэбна нашчадкам. Сёння   падвойныя дываны, сатканыя  выдатнай майстрыхай, праславілі гудзевіцкі край, -- з гонарам паведаміла гасцям Наталля Анатольеўна.

 

   Ткацтвам у Гудзевічах  цікавяцца не толькі дарослыя, яго старанна  асвойваюць школьнікі. Ёсць надзея, што рамяство не знікне, бо ім цікавяцца не толькі гудзевіцкія школьнікі і не толькі дзяўчынкі.

 

  Мікіта Сліж, вучань пятага класа СШ №3 г. Масты,  у Гудзевічы  прыехаў упершыню. Уражанні ад летняй школы ў яго самыя лепшыя. Хлопчык  пільна назіраў за працай вопытных майстроў і з задавальненнем дэманстраваў закладкі для кніг, якія ён саткаў на маленькіх кроснах раней.

 

Сяргей Віктаравіч Макарэвіч з Ганцавіч прыязджае ў  Гудзевічы ўжо другі раз.

 

 --Як цудоўна, што ў Гудзевічах  малыя і дарослыя праяўляюць цікавасць да ткацтва і вывучаюць  гэтае рамяство. Няхай майстроў становіцца больш, вузельчыкі на кроснах мацнеюць і не разрываюцца ніколі, а падвойныя дываны радуюць нас сваёй дасканаласцю і прыгажосцю, -- выказаў пажаданне  Сяргей  Віктаравіч.    

                                                 

 Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

 

 Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио