У Гудзевічах адчыніла свае дзверы хатка беларускага Дзеда Мароза.
Усе навокал чакаюць набліжэнне Новага года, бо гэта своеасаблівы рубеж жыцця, які сімвалізуе надзею на тое, што ўсё кепскае застанецца ў мінулым годзе, а ўсё добрае прыйдзе ў наступным. Асабліва гэтае свята чакаюць дзеці, бо вераць, што Дзед Мароз і Снягурка прынясуць шмат падарункаў за добрыя паводзіны і адзнакі ў школе.
А вось тое, што ў беларусаў быў свой Дзед Мароз, ведаюць не ўсе дзеці і нават дарослыя. У гэтым мы ўпэўніліся, завітаўшы ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Тут нас сустрэлі ветлівыя гаспадыні, якія расказалі пра народныя традыцыі беларусаў падрыхтоўкі да святкавання Новага года.
Ці ведаеце вы, як завуць беларускага Дзеда Мароза? Імя ў яго вельмі незвычайнае і нават смешнае – Зюзя. Але на самой справе Зюзя быў не лагодным госцем. Так звалі грознага бога зімы і холаду. Нашы продкі лічылі, што калі не задобрыць Зюзю, то прыйдзецца цяжка ў наступным годзе. Таму, напрыклад на Каляды, яму заўсёды першаму клалі ў міску куццю і ставілі яе ў кут. З цягам часу суровы Зюзя ператварыўся ў добрага і спагадлівага жыхара лесу, які прыносіў падарункі найбольш працавітым, паслухмяным дзеткам. Была ў яго і ўнучка – Завейка.
А вось некаторыя звычкі нашых продкаў жывуць і ў сучасных беларусаў. Перад надыходам новага года неабходна вымыць дом, набыць новае адзенне, аддаць пазыкі.
Прысутныя з вялікай увагай слухалі супрацоўнікаў музея і нават не заўважылі, калі ў хатку завітаў той самы Зюзя з Завейкай. Яны прынеслі з сабой шмат конкурсаў, загадак, спаборніцтваў. І калі спачатку дзеці былі вельмі сціплымі і няўпэўнена адказвалі на пытанні, то пасля заахвочваючых слоў Зюзі яны сталі больш смелымі і актыўна ўдзельнічалі ў прапанаваных турнірах. А калі з’віўся яшчэ адзін жыхар лесу – Мядзведзь, то радасці і смеху хлопчыкаў і дзяўчынак не было межаў.
Зразумела, не абышлося і без салодкіх падарункаў і сагравальнага чаю на зёлках, а таксама вясёлых танцаў і карагода вакол прыгожай ёлкі. Так, у цёплай атмасферы, хутка прабег час, і чароўныя госці вымушаны былі пакінуць прысутных, каб падараваць яскравыя эмоцыі і добры настрой іншым дзеткам.
Калі і вы жадаеце стварыць сваім сыночкам і дачушкам невялікія прыгоды, то звяртайцеся ў Гудзевіцкі музей па тэлефонах: 3-93-12, +375(33) 698-14-24. Зюзя і Завейка будуць чакаць вас да 15 студзеня.
Ірына БОЧКО
Фото аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад