
Святую памяць аб ваенных падзеях у нас шануюць, бо помніць імёны і подзвігі тых, хто самааддана і бясстрашна адстойваў свабоду і незалежнасць нашай краіны на франтах Вялікай Айчыннай вайны, сёння надзвычайна важна. Да ўсенародных акцый памяці штогод далучаецца Гродзеншчына. Напярэдадні і ў дзень свята Перамогі ў рэгіёне арганізуюцца тэматычныя канцэртныя праграмы, творчыя фестывалі і конкурсы, праходзяць маладзёжныя форумы і флэшмобы. Многія з іх, як, напрыклад, фестываль патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”, вылучаюцца сваёй непаўторнасцю і носяць іміджавы характар.
Па словах Андрэя Есіна, другога сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ», фестываль патрыятычнай песні праходзіць на Гродзеншчыне ўжо больш за 10 гадоў, але ў новым фармаце – упершыню.
Як і раней, да ўдзелу ў традыцыйным фестывалі запрашаліся ўсе жадаючыя ва ўзросте ад 14 да 31 года. Разам з заяўкай на электронную пошту абласнога камітэта саюза моладзі канкурсанту неабходна было адправіць відэакліп пэўнай тэматыкі. Умоў некалькі. Па-першае, абраная музычная кампазіцыя абавязкова павінна была быць патрыятычнай. Песня ваенных гадоў, героіка-патрыятынага зместу або сучасная – тут, як кажуць, ужо справа густу.
Вызначыўся – час падумаць і над презентацыяй. Тым больш што крэатыўны падыход да ўвасаблення ідэі заўжды вітаюцца. У полі зроку кампетэнтнага журы – кожная дэталь. Ацэняць выканальніцкае майстэрства, артыстычнасць, унікальнасць афармлення конкурснага номера і многае іншае.
Але галоўны акцэнт, як зазначыў Андрэй Есін, усё ж на вакальныя магчымасці і талент ўдзельнікаў. Сярод іх, як і раней, – салісты, дуэты, трыа, квартэты, вакальныя групы. Пры гэтым зусім не абавязкова мець за плячыма вопыт выступленняў ці займацца музыкай на сур’ёзным узроўні. Фестываль – для кожнага, аматара і прафесіянала.
Па словах арганізатараў фестывалю, які праводзіцца пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, вызначаць пераможцаў – справа не з лёгкіх, улічваючы, што відэалістоў прыйшло некалькі дзясяткаў.
Цікава, што колькасць дасланых работ у год святкавання юбілейнай даты таксама аказалася сімвалічнай – 75.
Надзвычайна выйгрышна ў прадстаўленым мностве глядзелася работа гродзенца Уладзіміра Ішкова. Кранальнае выкананнне песні навучэнцам электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага не засталося па-за ўвагай. Вынік прадказальны – на руках у адоранага хлопца дыплом за другое месца ў намінацыі “Саліст-вакаліст”.
Свайго роду выклікам удзел у конкурсе стаў і для дзяўчат з ансамбля “Надзея”. Аснова іх рэпертуару як раз патрыятычныя песні.
– Было б недапушчальным не паказаць свой максімум, – гаворыць адна з удзільніц калектыву Ангеліна Сак. – Рыхтаваліся адказна і доўга, усё ж конкурс вакальны. Канешне, шмат увагі надалі відэакліпу. Хацелася знайсці нестандартнае сюжэтнае рашэнне. І атрымалася. Дзякуй за гэта нашым гродзенскім ветэранам, якія не адмовілі і сталі галоўнымі героямі тэатралізаванага прадстаўлення, што разгарнулася пад гукі лунаючай са сцэны мелодыі.
Дарэчы, прызёры і пераможцы вызначаліся журы ў трох намінацыях і некалькіх узроставых катэгорыях. Яшчэ адзін – шляхам анлайн-галасавання ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.
Пераможцам фестывалю стаў студэнт аграрнага ўніверсітэта Арцём Несцярук. Хлопец сапраўдны актывіст. Займаецца музыкай, піша вершы, выступае ва ўніверсітэцкай камандзе КВЗ. Адным словам, заўсёды на творчай хвалі.
Узнагароджанне пераможцаў памятнымі падарункамі і дыпломамі прайшло на Кургане Славы.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад