27 кастрычніка а 16 гадзіне ў «Цэнтры гарадскога жыцця» (г. Гродна, вул. Кірава, д. 3) адкрыецца выстава «Станіслаў Маленчык. Грай, скрыпка, грай...», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння скрыпача.
На ёй будуць прадстаўленыя раней невядомыя матэрыялы пра жыццё музыканта.
Экспазіцыя:
- Фотаздымкі з архіваў сваякоў, сяброў і калег музыканта. На іх можна ўбачыць, як Станіслаў Маленчык грае ў розныя перыяды жыцця, а таксама — як музыканты суправаджалі вяселле, у якія строі былі ўбраныя маладыя і госці.
- Відэа- і аўдыязапісы 1990-х гадоў, дзе Маленчык грае на скрыпцы, а таксама матэрыялы, што не ўвайшлі ў знакаміты фільм 1994 года «Грай, скрыпка, грай...», прысвечаны скрыпачу.
- Успаміны пра Маленчыка, сабраныя падчас паездкі на яго малую радзіму ў Шчучынскі раён, а таксама ў Гродне.
Матэрыялы экспазіцыі, а таксама звесткі, што не ўвайшлі ў яе, прысвечаныя Станіславу Маленчыку, у будучыні плануюць выдаць на дыску.
Выставу зладзілі ініцыятар гродзенскага сацыяльнага праекта «Танцы гарадзенскіх дворыкаў» Андрэй Бароўскі і прадстаўнік мінскага Клуба традыцыйнага танца «СІТА» Аляксей Крукоўскі.
На выставе прадстаўленыя копіі здымкаў з сямейных архіваў Соф'і Рудзік (Маленчык), Ірэны Бяляўскай (Маленчык), Генавэфы Паўлюкевіч (Маленчык), Галіны Гасевіч (Валчок), Вандаліна Шанцілы і Генадзя Панова.
У стварэнні выставы дапамагалі Арцём Цераховіч, Алег Зубараў, Аляксандра Сайкоўская, Ягор Кісялевіч, Аляксандр Мілоста, Юры Дзяргаўка.
Арганізатары чакаюць на выставе старэйшых людзей, якія памятаюць Станіслава Маленчыка і могуць падзяліцца ўспамінамі пра яго.
Уваход вольны.
Выстава будзе дзейнічаць да 4 лістапада.
Станіслаў Маленчык нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняга Шчучынскага раёна ў 1928 годзе. Па меркаванні даследчыкаў, ён уваходзіў у пяцёрку лепшых вясковых скрыпачоў свайго часу: паводле багацця рэпертуару, культуры выкання і з-за сваёй імправізатарскай схільнасці. Ён быў адным з самых запатрабаваных вясельных музыкаў.
Станіслаў з дзяцінства кепска бачыў, але гэта кампенсаваў абсалютны слых. Раз пачутую недзе мелодыю ён запамінаў і мог зайграць сам. Музыка-самавук стаў прафесійным музыкантам. Ён граў на некалькіх інструментах: скрыпцы, акардэоне, гітары, мандаліне, губных гармонічках.
Граў на вяселлях, хрысцінах, праводзінах, пазней — на фестывалях. Напрыканцы жыцця прыходзіў граць на шчучынскі аўтавакзал.
Станіслаў Маленчык пайшоў з жыцця 6 жніўня 2007 года. Пахаваны на шчучынскіх могілках.
Дзе: г. Гродна, вул. Кірава, 3
Калі: 27.10.2018, 16:00 — адкрыццё выставы, 20:00 — ноч танцаў
https://www.facebook.com/events/298930150592986
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад