Адкрыць таямніцы гаючых траў, зарадзіцца энергіяй жыватворнай вады і летняга сонца, даведацца, пра што ў самую кароткую ноч шэпчуцца дрэвы, навучыцца плесці вянкі і знайсці папараць-кветку, каб спазнаць сакрэты сусвету. Усё гэта юныя мастаўчане маюць магчымасць здзейсніць падчас тэатралізаванага мерапрыемства “Купалле”, што ладзіцца ў музеі “Лес і чалавек”.
Сучасныя дзеці добра разбіраюцца ў камп’ютарах і смартфонах, а вось пра традыцыі народных святаў, песняў, танцаў і гульняў ведаюць небагата. Між тым, Купалле – адно з самых прыгожых і любімых святаў беларусаў, у аснове абрадаў і звычаяў якога ляжыць шанаванне вады і сонца. Пра гэта праз пазнавальныя гульні, цікавыя конкурсы і вясёлыя забавы супрацоўнікі Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” расказваюць сваім юным наведвальнікам. А па вялікім рахунку, карысна гэта будзе і дарослым.
Напрыклад, ці ведаеце вы, чаму на Івана Купалу абавязкова купаліся ў расе і вадзе? Бо лічылася, што Іванава раса дапамагае ўмацаваць здароўе, а ваду ў рэчках і азёрах у гэты дзень пакідаюць усе нячысцікі, таму купацца можна без боязі. Вогнішча, што было неад’емным атрыбутам народнага гуляння, называлі “ачышчальным” ад хвароб і непрыемнасцей. Таму і скакалі ўсе праз полымя, каб агнём ачысціцца і шчасця не мінаваць.
А яшчэ свята мела назву Івана-траўніка: жыццём было пацверджана, што кветкі і зёлкі, сабраныя ў гэты дзень, валодаюць асаблівай гаючай сілай. Таму і нарыхтоўвалі іх нашы продкі ў запас.
Пэўна адсюль пайшла і легенда пра тое, што ў Купальскую ноч зацвітае чароўная папараць-кветка. Той, хто яе знойдзе, авалодае неверагоднымі здольнасцямі: будзе разумець мову жывёл і раслін, даведаецца, дзе схаваны скарбы зямлі беларускай, а таксама разгадае іншыя таямніцы сусвету.
Даволі спакусліва, праўда? Вось і рабяты, што прыходзяць у музей, з ахвотай становяцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства, каб дасягнуць жаданага прыза. Падчас тэатралізацыі ёсць магчымасць загадаць жаданне і завязаць стужку на бярозку, каб тая адарыла сваёй жыватворнай сілай, па паху адгадаць рамонак і мяту, якія мама кладзе ў чай, пераскочыць хай сабе і праз імправізаванае вогнішча, каб увесь год не сустракацца з хваробамі, навучыцца гуляць у “ручаёк” і плесці прыгожыя вянкі з лугавых кветак.
Без перабольшвання, гэтае падарожжа ў госці да Купалінкі надоўга запомніцца хлопчыкам і дзяўчынкам, а можа, стане адной з тых падзей, пра якую яны раскажуць у пачатку новага навучальнага года ў сваіх сачыненнях на тэму: “Як я правёў лета”.
Н.ШЭЎЧЫК
Фот аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад