Казка – свет цудаў, радасці і дзяцінства. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця і культуры нашых продкаў. Яна вучыць іх марыць, развівае творчыя здольнасці.
З вынікамі работы ў гэтым накірунку мелі магчымасць пазнаёміцца ўдзельнікі фестывалю тэатралізаваных пастановак “У гасцях у казкі”, які адбыўся на Мастоўшчыне на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі. У ім прынялі ўдзел таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 4 да 7 год.
Установы прадставілі тэатралізаваныя пастаноўкі па творах беларускіх народных казак. Дзякуючы мастацкаму, музычнаму афармленню, кожная пастаноўка мела свае адметныя рысы.
Свята прыгожай беларускай мовы падарылі выхаванцы ясляў-сада № 1 г. Масты, якія паказалі тэатралізаваную пастаноўку “Каза-манюка”. Музычная зала ясляў-сада № 2 г. Масты пераўтварылася ў птушыны двор, на якім адбывалася дзеянне. А выхаванцы ясляў-сада № 6 г. Масты паведамілі пацешную гісторыю пра баязлівых бабку, дзедку і храбрую ўнучку Алёнку.
Песенныя, харэаграфічныя нумары, выкананыя героямі казак, зачаравалі не толькі членаў журы, але і гледачоў: выхаванцаў, педагогаў і бацькоў.
Журы ацэньвала работу не толькі акцёраў, але і рэжысёра-пастаноўшчыка, дэкаратара, дызайнера па касцюмах, харэографа. Фестываль паказаў, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі працуюць прафесійныя педагогі, установы наведваюць таленавітыя дзеці.
Па выніках фестывалю пераможцамі сталі: яслі-сад №1 г. Масты, яслі-сад № 4 г. Масты, яслі-сад № 2 г. Масты (дыплом I ступені), яслі-сад № 6 г. Масты (дыплом II ступені), яслі-сад № 3 г. Масты (дыплом III ступені).
У намінацыі “Лепшы юны акцёр” і “Лепшая юная актрыса” вызначыліся выхаванцы ясляў-сада №2 г. Масты Арцём Сіруць і Яна Менько.
Усе ўдзельнікі спектакляў атрымалі падарункі ад Мастоўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, а ўладальнікі прызавых месцаў і пераможцы ў намінацыях атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама.
С. Шчука, метадыст
ДУ “Мастоўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад