Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумВ трудовом коллективеМедицина и ЗОЖМедицинаНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

У Дубненскай бальніцы працуюць лепшыя медработнікі, перакананы іх удзячныя пацыенты

У Дубненскай бальніцы працуюць лепшыя медработнікі, перакананы іх удзячныя пацыенты12 мая 2021 — 13:42

Неаднойчы давялося ляжаць у Дубненскай бальніцы. Тут усё мне знаёма да драбніц. Чысціня і парадак як заўсёды, тут гэта норма. Прыветлівы і прафесійна граматны медперсанал. Для кожнага з нас тут знойдуць добрае слова, падбадзёраць, абнадзеяць і дапамогуць.

Сонечна, вецер гайдае галіны бяроз, чародкамі носяцца вераб’і. Прыгожая наша вёска Дубна і зімой, і летам. Але найбольш мы рады таму, што ў нас ёсць бальніца. Мы заўсёды ёй ганарыліся, таму што тут працавалі сумленныя, з высокай кваліфікацыяй людзі. Сюды і цяпер ідзём з надзеяй упэўненыя, што зразумеюць, дапамогуць, параяць – і не памыляемся.

Гэта страшная хвароба, што запаланіла свет, зачапіла нейкім бокам некаторых і маіх аднавяскоўцаў. Ды і нам, пажылым людзям, без дапамогі доктара ўжо ніяк.

Так, нам вельмі пашанцавала, бо не трэба дабірацца да раённай бальніцы. Калі не можаш прыйсці сам, то пазваніў – і наш галоўурач Аляксандр Сяргеевіч Кузьма абавязкова наведае, а калі трэба, то і не адзін раз, пакуль не будзе ўпэўнены, што ўсё добра, пацыент здаровы. Дзякуючы медыцынскім прафілактычным аглядам, тут заўсёды ведаюць, каму патрэбна дапамога ў першую чаргу. Уважлівы наш Аляксандр Сяргеевіч да людзей, прафесійна граматны, яго паважаюць людзі, удзячны за дапамогу і ўвагу. Не засталіся па-за ўвагай і жыхары Сухініч, Заполля і іншых вёсак, якія тут абслугоўваюцца.

На стацыянары другі ўрач, Кацярына Сяргееўна Сяргеева. Яна вяла маю палату. Я ведаю яе даўно, яшчэ з дзяцінства, яна хадзіла да мяне ў бібліятэку, бо вельмі любіла чытаць. Помню, спытала яе аднойчы: “Кім ты хочаш быць, калі вырасцеш?” На ўсім сур’ёзе Каця адказала: “Вядома, доктарам”.

Ішлі гады, падрастала, а мара заставалася той жа – быць доктарам. Старанна вучылася, рыхтавалася да выпускнога вечара ў школе, экзаменаў. Яе мара збылася. І вось па бальніцы ходзіць у белым халаце, маладая, стройная, прыгожая жанчына – доктар Кацярына Сяргееўна Сяргеева.

Цяпер скажу як пацыент, які ўпершыню сустрэўся са сваім доктарам: прафесійна граматная, умее наладзіць з хворымі кантакт. Па-за яе ўвагай не застанецца нічога, што перашкодзіла б паставіць хвораму правільны дыягназ. Яна і надалей будзе цікавіцца станам яго здароўя, даваць рэкамендацыі.

Вось за гэта любяць і паважаюць яе ўсе хворыя. Растлумачыць, дапаможа ў любы момант. Калі трэба, яна наведае пацыента нават у свой выхадны дзень. Адкажа на любое пытанне, ласкава ўсміхнецца – і верыш, што ўсё будзе добра.

А ёсць яшчэ ў бальніцы верныя і надзейныя памочнікі ўрачоў – нашы медсёстры. Я хачу расказаць аб тым, як і днём, і ноччу яны глядзяць нас, часта нямоглых, капрызных ад сваіх хвароб, робяць усё для таго, каб хворы хутчэй стаў на ногі, выздаравеў.

Галіна Іосіфаўна Курута працуе 25 гадоў у бальніцы. Памятаю, гадоў 20 назад у перадвелікодную ноч, калі я ляжала ў бальніцы, у мяне падняўся высокі ціск. Яна справілася, адратавала. Медсястра ўсю сваю душу аддае хворым, заўсёды дасць добрую параду, з ёй ахвотна ідуць на кантакт пацыенты. Любяць і паважаюць яе хворыя.

Марына Чаславаўна Лазавіцкая працавала ў Мастоўскай раённай бальніцы, дзе зарэкамендавала сябе добрым спецыялістам. Яе любілі хворыя. У Дубна была сям’я, дзеці, таму перавялася ў бальніцу па месцы жыхарства. Яе рукі твораць цуд: так зробіць укол, што ніякага болю не адчуе пацыент. Ніколі нічога не зробіць наспех, не пройдзе міма, калі чалавеку патрэбна дапамога. Яе любяць і паважаюць аднавяскоўцы. Заканчвае вучобу дачка Віка, якая пераняла ад маці любоў да медыцыны. Я ўпэўнена, што яна будзе добрым урачом, бо ёй было з каго браць прыклад.

Алена Іванаўна Грышанкова працуе ў нашай бальніцы 22 гады. Любяць яе хворыя за дабрату, высокую прафесійнасць, уменне знайсці падыход да самага цяжкага хворага, аказаць патрэбную дапамогу, падтрымаць і даць надзею, што ўсё будзе добра.

Задаволены хворыя і санітарачкамі. Ветлівыя, і прыбяруць, і дапамогуць. Ёсць хворыя, якіх яны кормяць з лыжкі. А як стараюцца нашы кухары на кухні пакарміць нас сытна, смачна. Усё гэта бальнічныя будні з іх штодзённымі клопатамі. Мы вельмі ўдзячны за іх стараннасць, увагу да нас, хворых. Асабліва хочацца падзякаваць Святлане Анатольеўне Муха за яе стравы, якія нашы хворыя назвалі “пальчыкі абліжаш”. За свае 74 гады жыцця мне давялося паляжаць у абласной, раённай бальніцы, але шчыра скажу, што нідзе я не адчувала сябе лепш, чым у нашай сельскай бальніцы. Тут ведаюць кожнага чалавека, стараюцца дапамагчы, зрабіць усё магчымае, каб захаваць наша здароўе.

Таму мне хочацца ад усяго сэрца сказаць: “Дзякуй Вам, людзі ў белых халатах, за вашы цяжкія будні, бяссонныя ночы”. Да маіх слоў, я ўпэўнена, далучыцца кожны чалавек, які хоць раз адкрыў дзверы нашай бальніцы.

 

Ірына Трацяк

аг. Дубна

 

Фота Станіслава ЗВЯРОВІЧА

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио