Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныНовости МостовщиныНаш край

У Дубна, над Нёманам, прыгожыя світанні

У Дубна, над Нёманам, прыгожыя  світанні27 июля 2018 — 14:24

 

Аб сваёй роднай вёсцы, якая зараз стала аграгарадком, яе людзях і падзеях, што адбываліся тут, расказвае старэйшая жыхарка Дубна Яўгенія Сяргееўна Кузьма.

 

Вайна напомніла аб сабе
На днях бабулі Жэні пазванілі ўнукі з Гродна:
--А мы цябе па тэлевізары бачылі!
У выпуску навін па тэлебачанні прайшоў рэпартаж з мітынгу-рэквіема па ўшанаванні памяці загінуўшых землякоў у Княжаводцах. Прымала ў іх удзел і Яўгенія Сяргееўна, як пеўчая Дубненскай царквы. Яе ў ліку іншых удзельнікаў і ўбачылі ўнукі. Яны і так ганарацца сваёй бабуляй, тэлефануюць ёй амаль кожны дзень, прыязджаюць да яе, а тут яшчэ і па тэлебачанні ўбачылі сваю “бабу Жэню”.


 


--Мерапрыемства гэта кранула мяне да слёз,-- гаворыць Яўгенія Сяргееўна.—Як добра, што абнавілі магілу загінуўшых і скульптуру на ёй, паставілі праваслаўны крыж. Усё там упарадкавалі. Я таксама дзіця вайны. Бацька Сяргей Сцяпанавіч загінуў за дзевяць дзён да яе заканчэння, не дайшоўшы дзевяць кіламетраў да Берліна.

 


Вы наш помнік загінуўшым землякам бачылі ў Дубна? На высокім пастаменце стаіць жанчына з дзіцём. У іх суровыя погляды: бацька і муж загінуў. Па постацях бачна, што яны не скарыліся лёсу, трымаюцца за рукі, спакойна і мужна глядзяць наперад. Так было і ў нашай сям’і. У мамы мы засталіся дваіх з братам: я -- старэйшая, і малодшы брат Пеця. Раслі сіротамі, без бацькі.
З летапісу вёскі:


 


“У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Дубна дзейнічала падпольная арганізацыя, якую ўзначальваў У.П.Халецкі. Многія жыхары змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах. На фронце ваявалі больш як сто жыхароў вёскі, 47 з якіх загінулі. Амаль кожны другі не вярнуўся. Усю вайну, ад пачатку да перамогі, прайшоў С.І.Сядач. Ордэна Славы удастоены С.С.Гарачка і М.Ф.Кобрынец”.
- Пасля вайны мы некаторы час працавалі на сваёй гаспадарцы, мелі каня, карову,-- працягвае Яўгенія Сяргееўна.-- Бывала, скажу Пеці: “Давай паедзем за дровамі”. Мне восем гадоў, Пеці шэсць. Мама дапаможа запрэгчы каня ў воз, і паехалі. Нешта назбіраем у лесе. Рана жаць навучылася, бульбу капаць, усёй рабоце па гаспадарцы. Без мужчыны ў сям’і сялянская праца была ўдвая цяжэй. Хоць усім тады было нялёгка. Добра што жывымі засталіся ў тым ваенным ліхалецці. Вунь суседняя вёска поўнасцю загінула.


 


Вёска на беразе


--У прыгожым месцы размясцілася наша вёска, на высокім беразе Нёмана,-- з замілаваннем гаворыць Яўгенія Сяргееўна.—Тут такія прыгожыя краявіды! А як цудоўна ўсходзіць сонца з-за лесу над Нёманам. Заранку сяляне заўсёды бачылі, бо працавалі ад цямна да цямна. У даўнейшыя часы і дубровы па берагах Нёмана былі, і рэчка Дубніца цякла паўнаводная, бо вакол былі балоты. Ад чаго назва вёскі паходзіць: ці ад дубоў, што раслі вакол, ці ад назвы рэчкі – хто цяпер скажа? А вось з Нёманам было звязана ўсё жыццё вёскі, кожны вясковец меў лодку. Не ўсе мелі каня, а лодка была ва ўсіх. Справа не ў лоўлі рыбы, хоць яе таксама ўмелі ўсе лавіць і рыхтаваць смачныя стравы. Рыба падтрымлівала сялян у цяжкі час. Але галоўнае было ў тым, што на другім, нізкім беразе Нёмана, у пойме ракі на заліўных лугах, знаходзіліся пашы. Звычайна на 9 мая, як крыху паднімецца трава, а ў цёплы год і раней, праз Нёман уплаў перапраўлялі кароў. Дубненскія каровы вады не баяліся, раку пераплывалі спакойна. Пасвіліся яны там да Пакроў. Але кожны дзень трэба было на лодцы з’ездзіць падаіць карову і прывезці малако.



Людзі ў нас у вёсцы дружныя, працавітыя, прадпрымальныя. Калісьці не выжылі б, калі кожны быў бы за сябе. Дапамагалі адзін аднаму і хаты будаваць, і гаспадарку ўтрымліваць. Можа таму і жылі багацей, чым у іншых вёсках. Калісьці ў Дубна было вельмі прэстыжна выйсці замуж дзяўчатам з навакольных вёсак. Я выйшла за свайго хлопца з Дубна. Працаваў ён трактарыстам, потым на ферме, у будаўнічай брыгадзе. Жылі дружна і шчасліва, выгадавалі дваіх дачок.


З летапісу вёскі:
“Дубна вядома з 1557 года, з часу першага ўпамінання ў “Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі”. Сяляне вёскі былі казённымі да рэвалюцыі 1917 года, памешчыкаў у гэтым населеным пункце ніколі не было. У пачатку мінулага стагоддзя тут пражывала 1120 жыхароў. Гэта быў адзін з буйнейшых населеных пунктаў Гродзеншчыны. З 1862 года тут працавала народнае вучылішча, дзейнічала пошта.
Дубна было цэнтрам воласці, пазней гміны, а зараз сельскага Савета”


 


Цыбульны край
--Якое ж Дубна без цыбулі! -- гаворыць Я.С.Кузьма.-Яе вырошчвалі мае бацькі і дзяды, вырошчвала і наша сям’я. І зараз у мяне ёсць яе невялікі участак. У нас быць без цыбулі неяк не па-людску. Калісьці яе прадавалі ў Калінінградзе, Гусеве, Чарняхоўску і іншых гарадах Прыбалтыкі. Што вазілі поездам, а найчасцей сабіраліся разам, наймалі грузавік і везлі. Адтуль прывозілі муку, крупу, селядца. Калгас выдзяляў кожнаму селяніну па трыццаць сотак зямлі: прыкладна пятнаццаць пры доме, яшчэ столькі ў полі. Дык у полі расла бульба, а пры доме цыбуля. Наш мясцовы паэт Уладзімір Місцюк у адным сваім вершы пісаў: “Грады ў Дубна, што палосы ўзлётныя”. Так і было. У цяперашні час цыбулю сяляне вырошчваюць значна менш, але пры кожнай хаце яна ёсць, старадаўняе ўмельства не забыта. Вось і ў мяне участак пад ёю хоць невялікі, але ўраджай добры, хоць і засуха была.
Калгас ніколі не быў у адстаючых


 


Я гаварыла, што людзі у нас прадпрымальныя, старанныя. Гэта датычыць і цыбулі, і будаўніцтва дамоў, і ўсякай справы, якой займаўся селянін. Дарэчы, у будаўніцтве дамоў у нас ёсць свой дубненскі стыль: у пабудове заўсёды прысутнічае вялікі светлы пакой, куды на працягу дня заглядвае сонца. Ёсць ён і ў маім доме, дзе з дапамогай дзяцей і ўнукаў нядаўна зрабіла рамонт. Выглядае вельмі прыгожа. І сабе прыемна, і калі людзі прыдуць, не сорамна.


 


Усё жыццё я працавала ў калгасе. Нават школы поўнасцю не скончыла, бо, як ужо гаварыла, была сіратой і трэба было працаваць, зарабляць на жыццё. Ішла на работу туды, куды пасылала кіраўніцтва. Была паляводам, даяркай на ферме, потым малаказборшчыцай. Успамінаецца цяжкая праца на вырошчванні льну, усё ў ручную рабілі і на ферме: падсцілалі кароў, паілі, разносілі корм, потым вёдры з малаком. Колькі тых вёдзер перацягала за час працы!


 


І не толькі вёдзер, а і бітонаў. Адкуль толькі браліся сілы! Я гаварыла, што каровы ў нас летам пасвіліся за Нёманам. Потым пасвіў іх там і калгас. На лодках ездзілі, даілі, потым у бітонах прывозілі малако назад. І ўсё -- ручная праца. А як малако прымала ад людзей. Кароў у той час было многа, кожны дзень грузавік адвозіў на малаказавод. Таксама пацягай тых бітонаў!

 


Прыемна, што наш калгас ніколі за ўсю сваю гісторыю не быў у адстаючых, людзі атрымлівалі больш-менш нядрэнную зарплату. Кіравалі гаспадаркай разумныя людзі: У.Р.Мельнічак, М.К.Лішык, А.Я.Карповіч. Працаўнікі таксама стараліся, многа было ордэнаносцаў: трактарыст Уладзімір Дзядолка, даяркі Яўгенія Таланец, Вера Панасюк, Зіна Яскевіч.


 


“У нас шмат МікалаЯў”
Дубна заўсёды было цэнтрам акругі. Нядзіўна, што і царква тут была пабудавана самая вялікая і прыгожая ў акрузе. Калісьці яе штогод наведвалі паломнікі, якія ішлі з Гродна ў Жыровіцкі манастыр.


Раней у вёсцы была драўляная царква. Але яе падмыла нёманскай вадой, як і многія дамы ў Дубна. У 1844 годзе была пабудавана новая, цагляная, далей ад Нёмана. Асвяцілі яе ў гонар святога Мікалая. Вось таму ў нашай вёсцы і многа Мікалаяў. У нас на Міколу заўсёды вялікі фэст. З’язджаецца многа духавенства, прыязджае з Гродна хор пеўчых. Свята праходзіць вельмі ўрачыста. Я таксама ў актыве царквы, так што заўсёды прысутнічаю, дапамагаю.



Хочацца добрае слова сказаць пра нашага настаяцеля айца Мікалая. Гэта яго намаганнямі адрамантавана царква. Кожны год нешта робіцца. Вельмі добразычлівы наш святар, людзі да яго хіляцца.



Жыццё ў вёсцы мяняецца да лепшага. Людзі не пакідаюць Дубна, маладыя сем’і рамантуюць бацькоўскія дамы, наладжваюць быт. Вось нядаўна прачытала ў газеце, што ў нашай гаспадарцы самая высокая ўраджайнасць збожжавых у час уборкі. Я ж гаварыла, што людзі ў нас працавітыя.

С.ЗВЯРОВІЧ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио