Усё наша жыццё – гэта шлях да дасягнення поспеху. Людзі імкнуцца дасягнуць яго ў розных сферах.
У Гудзевіцкай сярэдняй школе ёсць свой поспех і свая гісторыя поспеху. Гэта ніколі не пустуючая спартыўная зала, бо там з самага ранку і да вечара чутны дзіцячыя галасы. І на школьным стадыёне заўсёды ажыўлена: спарстмены размінаюцца і наматваюць кругі на бегавой дарожцы або захоплена ганяюць футбольны мяч.
Як дасягнуць такога выніку? Адказ на гэта пытанне дадуць словы вучняў: “У кожным з нас настаўнік бачыць вялікі патэнцыял, верыць у нашы магчымасці. Яго вера перадаецца і нам. Таму пасля ўрокаў мы дружненька спяшаемся на трэніроўкі. Ёсць і ўзлёты, ёсць і падзенні. Галоўнае, як гаворыць Анджэй Рышардавіч, выпрацаваць у сабе сілу духу. Спорт любіць моцных і ўпэўненых у сабе. Магчыма, не ўсе мы будзем спартсменамі, але рысы характару, якія мы набываем, дапамогуць нам у будучым, і мы станем дастойнымі людзьмі, прынясём многа карысці сваёй Радзіме”.
Нашы вучні разумеюць, што, каб дасягнуць вышынь і поспехаў, трэба пераадольваць няўдачы, прайсці шлях, які суправаджаецца штодзённай працай. А гэта і ўрокі фізічнай культуры і здароўя з незвычайнымі зносінамі праз рух да станоўчых эмоцый. Настаўнік працуе на поўным даверы, стараецца толькі накіраваць дзейнасць вучняў, даючы якое-небудзь заданне. А яны ўжо самі працуюць над удасканаленнем тэхнікі, тым самым разумеюць сваю значнасць. Навучыць дзяцей свядома адносіцца да выканання тых ці іншых фізічных практыкаванняў, ведаць і чуць свой арганізм – вось задачы сучасных урокаў фізічнай культуры.
Гэта і спартыўныя секцыі па лёгкай атлетыцы, валейболе, якія аказваюць дадатны ўплыў на фізічнае і псіхічнае здароўе, спрыяючы агульнаму фізічнаму развіццю, каардынацыі рухаў і спрыту, развіццю сілы волі, уменню пераадольваць перашкоды і працаваць у камандзе. Поспех рэдка прыходзіць да людзей проста так, найчасцей ён з’яўляецца вынікам нашых намаганняў. Каб падрыхтавацца да спаборніцтваў , вучні прыходзяць на трэніроўку лішні раз і на дзве гадзіны, нягледзячы на стомленасць, адпрацоўваюць неабходныя практыкаванні.
Гэта і амаль штотыднёвае наведванне басейна “Прынёманскі”. Плаванне прыносіць не толькі фізічную карысць, задавальненне. Вучні становяцца больш ураўнаважанымі, працавітымі. Расце іх матывацыя, з’яўляюцца адчувальныя мэты ў жыцці, несумяшчальныя са шкоднымі звычкамі.
Прыярытэтнае месца адводзіцца алімпіяднаму руху. Траекторыю развіцця адораных вучняў Анджэй Занеўскі распрацоўвае, улічваючы індывідуальныя асаблівасці і ўзроставыя магчымасці дзяцей. Паэтапна і паступальна вядзе кожнага вучня да росту і развіцця. Дзякуючы такой методыцы добра атрымліваецца раскрыць юныя спартыўныя таленты. У школе пастаянна вядуцца факультатыўныя заняткі “Падрыхтоўка перспектыўных вучняў да алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.
Стала традыцыяй праводзіць Дні здароўя, у змест якіх ўключаюцца рухомыя і спартыўныя гульні, гульні на мясцовасці, турысцкія паходы (пешыя, лыжныя і інш.), масавыя спаборніцтвы па аглядзе ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці вучняў, адкрытыя старты (дні рэкордаў) па бегу, скачках у даўжыню і вышыню, кіданні мяча, гранаты. Вучні актыўна ўдзельнічаюць ва ўнутрышкольных спаборніцтвах па гімнастыцы, баскетболе, валейболе, ручным мячы, настольным тэнісе і г.д. Сяброўская і напоўненая эмоцыямі атмасфера, спаборнасць і магчымасць выйграць прызы робяць гэтыя падзеі запамінальнымі, што стымулюе дзяцей да актыўных заняткаў спортам.
Як вынік крапатлівай працы юных спартсменаў і іх настаўніка, на працягу многіх гадоў наша школа займае прызавыя месцы ў спартыўных спаборніцтвах, алімпіядным руху. За гэты навучальны год нашы вучні многа разоў узнімаліся на п'едэстал гонару абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па валейболе, лёгкай атлетыцы, зімовым шматбор’і “Здароўе” і г.д. У чарговы раз папоўнілася скарбонка ўзнагарод дыпломамі ў другім і трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды, дыпломамі ў абласной алімпіядзе сярод вучняў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Наша яркая зорачка ў спорце Ева Занеўская ўдастоена стыпендыі Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта.
Прачуць, прапрацаваць усе складанасці, з дня ў дзень абточваць сваё майстэрства, па цаглінцы выкладваць лесвіцу свайго поспеху – гэта, сапраўды, важна. Менавіта такі поспех варты захаплення!
Марына БАТВІНОЎСКАЯ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад