Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Люди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныБеларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордитьсяГод качестваГод качества

У бібліятэкара Зарудаўскай сельскай бібліятэкі Марыі Рахунак – творчая душа краязнаўцы

У бібліятэкара Зарудаўскай сельскай бібліятэкі Марыі Рахунак – творчая душа краязнаўцы20 апреля 2024 — 09:00

Цікавасць да гісторыі роднага краю, неардынарны погляд на звычайныя навакольныя рэчы і з’явы, невычэрпны аптымізм і цікаўнасць, дапытлівасць і прыродны талент – Бог надзяліў маю суразмоўцу спаўна. Нават блізкія людзі і знаёмыя, якія ведаюць Марыю Уладзіміраўну Рахунак не адзін дзясятак гадоў, дзівяцца на яе бязмежны дыяпазон захапленняў і творчых пачынанняў.

Хто мы без сваіх каранёў?

Менавіта гэтае пытанне ў свой час заставіла бібліятэкара Зарудаўскай сельскай бібліятэкі Марыю Рахунак па-іншаму паглядзець на гісторыю роднага краю, вёскі, калгаса, школы і нават сваёй установы. Так бібліятэка стала месцам збору і захоўвання мясцовага краязнаўчага матэрыялу.

– Хтосьці прыходзіць да мяне па новую кніжку ці часопіс, а камусьці цікава ўспомніць мінулае, перагарнуць старонкі колішняга альбома з подпісамі ад рукі, на старых чорна-белых фотаздымках пазнаць родных ці аднавяскоўцаў, – тлумачыць сваю падборку шматлікіх альбомаў Марыя Уладзіміраўна.

А яны ў яе, трэба сказаць, на любы густ. Вось вялізны альбом з надпісам “Гэта зямля твая і мая”, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй колішняга калгаса “Савецкая Беларусь”, яе ардэнаносцамі і лепшымі работнікамі. Цікавыя моманты працоўных будняў і сумеснага адпачынку калгаснікаў тых гадоў у архіўных фотаздымках – сёння гэта бясцэнны скарб для маладога пакалення.

Тут жа захоўваецца летапіс піянерскай арганізацыі Зарудаўеўскай базавай школы, якая таксама пакінула пасля сябе значны след у жыцці вяскоўцаў. Вачамі, якія бачылі смерць, боль, разруху роднага краю, пазіраюць з фотаздымкаў на нашчадкаў ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Цікавасць выклікае гісторыя сельскай бібліятэкі, з любоўю сабраная Марыяй Уладзіміраўнай. Карыстаецца попытам і альбом аб дзейнасці аматарскага клуба юных чытачоў “Буслік”, які дзейнічаў у бібліятэцы з 1999 года. Колькіх “буслянят” ён выхаваў і выпусціў у вольны палёт! Многія з іх ужо прыводзяць у храм кнігі сваіх дзяцей.

Хочацца дадаць, што ў архівах бібліятэкара яшчэ вялікая колькасць здымкаў і матэрыялаў аб роднай вёсцы і яе людзях. А значыць, і колькасць альбомаў, якія не будуць пыліцца на кніжных паліцах, у хуткім часе павялічыцца.

Духоўная спадчына малой радзімы

Мінулы год для нашай суразмоўцы быў азнаменаваны перамогай у IX рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Да яго сіламі бібліятэкара, яе мужа, нераўнадушных аднавяскоўцаў і знаёмых, творчых калег з Мастоўскай раённай бібліятэкі быў падрыхтаваны “Летапіс Свята-Пакроўскай царквы в. Бялавічы”.

Імпульсам для пошукавай дзейнасці сталі артэфакты, што былі зноўдзены ў храме падчас рамонту даху. І пачалася карпатлівая, дбайная і захапляльная работа.

– Колькі было тэлефонных званкоў і сустрэч, гадзінныя пошукі патрэбнай інфармацыі ў інтэрнэце, праца з архіўнымі дакументамі, – успамінае Марыя Уладзіміраўна. – Нічога не атрымалася б, каб не падтрымка мужа. А работа ў тым выглядзе, якая яна зараз, – гэта плён творчых памкненняў і ўмелых рук супрацоўнікаў раённай бібліятэкі Вольгі Коршун і Наталлі Кісялеўскай. Так агульнымі намаганнямі мы дасягнулі мэты.

Трэба дадаць, што ў цяперашні час па сабраным матэрыяле аб гісторыі Бялавіцкага 200-гадовага храма да друку рыхтуецца кніга. Сродкі на яе выданне ахвяраваў прыхаджанін.

Кожны жадаючы мае магчымасць пазнаёміцца і з выставай “Дарога да храма”, якая была падрыхтавана Марыяй Уладзіміраўнай да 200-гадовага юбілею Свята-Пакроўскай царквы, а зараз дзейнічае як экспазіцыя ў сельскай бібліятэцы.

Калі душа напоўнена творчасцю

Краязнаўчая дзейнасць – гэта толькі адно з захапленняў нашай субяседніцы. Не так даўно (праўда, падставай для гэтага стала не зусім прыемная абставіна – пералом нагі) яна адкрыла ў сабе талент рабіць прыгожыя рэчы з нітак.

– Нідзе гэтаму не вучылася, нідзе ў інтэрнэце не падглядзела, проста была патрэбнасць што-небудзь рабіць, каб і рукі былі занятыя, і непатрэбныя думкі ў галаву не лезлі, – удакладняе Марыя Уладзіміраўна.

Яшчэ знаходзячыся на бальнічным ложку, папрасіла родных прывезці ёй клубок нітак і клей. І ўжо праз некалькі дзён нарадзілася першая “спроба” – букецік пяшчотных кветак. Жанчына захоўвае яго, як напамін, з чаго ўсё пачалося.

Зараз у яе калекцыі – некалькі дзясяткаў арыгінальных рэчаў, што належаць фантазіі і рукам умелай майстрыхі. Тут і хатка на курыных ножках, дзе жыве Баба Яга, і скарбонка ў выглядзе калодзежа. А сярод шматлікіх вазачак і шкатулак няма дзвюх аднолькавых! І да кожнай з густам падабраны ўпрыгожванні, што падрэсліваюць іх вытанчанасць і лёгкасць.

– Падчас “Бібліякаравану”, што ладзіўся ў раённай бібліятэцы летась, на маім майстар-класе нават наш знакаміты беларускі кампазітар Эдуард Ханок вучыўся плясці касу з чатырох нітак, – успамінае Марыя Рахунак. Захапляліся творчымі работамі ўмеліцы работнікі і наведвальнікі обласной бібліятэкі, дзе ладзілася персанальная выстава.

Дарэчы, некалі, як і большасць вясковых жанчын, Марыя Уладзіміраўна вязала на спіцах адзенне і вышывала ручнікі. Спрабавала свае сілы майстрыха і ў батыку (маляванне на тканіне) і нават займалася вырабамі са скуры. Праўда, адносіны з апошнім матэрыялам не заладзіліся. Затое вось работа з ніткамі і мешкавінай выйшла на новы этап – зараз майстрыха спрабуе выраб кветак вялікіх памераў для напольных вазаў. Апошнія, як вы разумееце, яна таксама майструе сама.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара



Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио