Вечарам у суботу, 2 верасня, аграгарадок Стральцы быў напоўнены гукамі музыкі і песень, а да святочна ўпрыгожанай пляцоўкі спяшалі як мясцовыя жыхары, так і работнікі ААТ “Чарлёна” з навакольных населеных пунктаў. Тут ладзіліся Дажынкі -- свята тых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, хто ў спёку і непагадзь, з ранку да ночы шчыраваў на хлебнай ніве.
Здаўна завяршэнне жніва нашы продкі адзначалі вялікім святам, нязменным сімвалам якога быў каравай з зерня новага ўраджаю, што ўвасабляе сабой дабрабыт і гасціннасць. Добра, што гэтая традыцыя дайшла і да нашага часу, бо выказаць шчырыя словы падзякі за працу і сонечнасць хлеба лепшым з лепшых – наш святы абавязак. Такую думку выказаў настаяцель прыходу храма аграгарадка Лунна айцец Аляксандр Свістун падчас асвячэння святочнага каравая.
З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мастоўскага райвыканкама Дзяніс Аляксандравіч Альшэўскі:
-- Расціць хлеб цяжка, а яшчэ цяжэй сабраць ураджай без страт. Дзякуючы высокай арганізацыі працы і зладжанасці ў ААТ “Чарлёна” вырашчаны і ў аптымальныя тэрміны сабраны добры ўраджай зерня. Вы дабіліся выдатных вынікаў: валавы збор зерня склаў больш за 16 тысяч тон, што складае 24 працэнты ад агульнага намалоту па раёну. Гэта самы высокі паказчык на Мастоўшчыне. Парадавала і ўраджайнасць зерневых – амаль 56 цэнтнераў з гектара пры сярэдняраённай у 46 ц/га, рапсу – больш за 49 цэнтнераў з гектара пры сярэдняраённай у 36,4 ц/га. Па ўраджайнасці зерневых ваша гаспадарка займае другое месца ў раёне, па ўраджайнасці рапсу – першае. Дзяржаўны заказ па пастаўцы зерня вы выканалі на 93 працэнты.
У раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых ваша гаспадарка заняла другое месца сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна і была адзначана на раённых Дажынках. Мы ганарымся вашымі поспехамі. Дзякуй за старанную працу, за тую высокую адказнасць, якую вы праявілі. Моцнага ўсім здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні, згоды і дабрабыту. Упэўнены, што сабраны вамі ўраджай стане той асновай, на якой вы будзеце дабівацца ўсё новых і новых поспехаў.
Па словах Дзяніса Аляксандравіча, радуе і фінансавы стан ААТ “Чарлёна” ў цэлым. Па выніках работы за сем месяцаў бягучага года атрымана чыстага прыбытку ў суме 371,0 тысяч рублёў (гэты паказчык вырас, у параўнанні з мінулым годам, у 2,8 разы), выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго работніка ўзрасла на 16 працэнтаў. Сярэднямесячная заработная плата па гаспадарцы складае 541 рубель пры сярэдняй заработнай плаце па сельгасарганізацыях раёна ў 501,3 рублі.
Таму ў добрым настроі падымаўся на імправізаваную сцэну старшыня ААТ “Чарлёна” Генадзій Мікалаевіч Шатуеў.
-- Усе мы, кожны на сваім участку работы, добра папрацавалі і дастойна завяршылі жніво, -- адзначыў кіраўнік гаспадаркі. – Уборку правялі зладжана і арганізавана, як кажуць, у адной сцэпцы, не было дапушчана траўматызму і іншых надзвычайных сітуацый. Вялікі дзякуй ўсім, у тым ліку і нашым калегам з іншых гаспадар за дапамогу. Моцнага ўсім здароўя, беражыце сябе і сваіх родных.
Цяжкая праца ў хлебаробаў. Яны першымі на золку вітаюць ніву, кланяюцца ёй, шануюць яе. Яны, стомленыя, але радасныя ад вынікаў сваіх намаганняў, апошнімі развітваюцца з сонейкам. Гэта іх рукі – шурпатыя, натруджаныя, мазолістыя – самыя працавітыя і руплівыя. Бо менавіта з іх працы – багацце, радасць і шчасце зямлі, бо вырашчаны імі хлеб становіцца золатам самый высокай пробы.
Шчырыя словы ўдзячнасці на свяце прагучалі для камбайнераў Аляксандра Мікалаевіча Каранеўскага, Казіміра Уладзіміравіча Сліўко, Івана Канстанцінавіча Гайдэля, якія занялі першыя месцы ў сваіх групах камбайнаў. Больш за дзве тысячы тон намалочана зерня -- на рахунку Валерыя Уладзіміравіча Строка. Дастойна правёў сваю першую самастойную ўборку Павел Мечыслававіч Алізар, намалаціўшы 1116 тон. Рубеж намалоту ў тысячу тон сёлета пераўзышлі таксама Аляксандр Андрэевіч Басай, Дзмітрый Іванавіч Валынец, Юрый Уладзіміравіч Сліўко, Валерый Станіслававіч Грэцкі, Валерый Станіслававіч Белко. Ветэранам жніва, адпрацаваўшым 18 уборачных кампаній, быў названы Леанід Іванавіч Васілевіч.
У адной камандзе з камбайнерамі працавалі і вадзіцелі, што адвозілі зерне ад камбайнаў на зернятакі. За добрасумленную працу і высокія паказчыкі былі адзначаны Аляксандр Валянцінавіч Садоўскі, Валерый Уладзіміравіч Гардзіеўскі, Уладзімір Георгіевіч Навіцкі, Міхаіл Іосіфавіч Баярчык, Іосіф Гендрыкавіч Абухоўскі, Валерый Адольфавіч Лукойка.
Дружнымі апладысментамі вяскоўцы сустракалі брыгадзіра вытворчай брыгады ў раслінаводстве ўчастка №2 Андрэя Леанідавіча Мазаля і ўпраўляючага аддзялення №2 “Стральцы” Уладзіміра Аляксеевіча Гайдаша. Менавіта на іх аддзяленні сёлета была атрымана найбольшая ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур – 62,7 цэнтнера з гектара. Уладзімір Аляксеевіч Гайдаш, да слова, прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва сярод упраўляючых участкамі за найбольшую прадукцыўнасць зерня з бала-гектара ўборачнай плошчы – больш за 174 кілаграмы.
Клопатнымі і напружанымі выдаліся жнівеньскія будні і ў работнікаў зернясушыльных комплексаў, бо мала зерне ўбраць з поля, трэба яго якасна дапрацаваць і дасушыць. Добрых вынікаў ў гэтай працы дасягнула звяно №1 “КЗСВ-40” аграгарадка Лунна ў складзе мужа і жонкі Андрэя Мар’янавіча і Кацярыны Генадзьеўны Трахімовічаў. Слоў павагі і ўдзячнасці заслужыў таксама загадчык зерневага склада Юрый Эдуардавіч Вежаль, што забяспечыў найбольшы аб’ём прасушанага зерня. За безатказную работу зернясушыльнай гаспадаркі прэміямі былі адзначаны спецыяліст па КІПіА Вячаслаў Эдуардавіч Шкурко і электраманцёры Іван Мечыслававіч Мешка і Іван Канстанцінавіч Сільвон.
Не былі забыты і трактарысты-машыністы пагрузчыкаў, занятыя падчас жніва на складах. Гэта Юрый Сяргеевіч Васільеў, Міхаіл Зыгмундавіч Вантроба, Валерый Аляксандравіч Вазняк, Павел Віктаравіч Карней, Вячаслаў Іосіфавіч Квецень, Іван Мікалаевіч Ненартовіч, Мечыслаў Казіміравіч Алізар, Дзмітрый Аляксандравіч Астапчэня, Сяргей Дзмітрыевіч Рамашка, Ігар Міхайлавіч Шкурко.
Свята ў Стральцах сабрала шмат гледачоў. Самыя малыя ўдзельнікі мерапрыемства змаглі ўдосталь паскакаць на надзімным батуце, пакатацца на электра- і веламабілях, паласавацца салодкай ватай і іншымі прысмакамі. Доўга яшчэ ў гэты суботні вечар гучалі шчырыя зычэнні і песні, дзе мясцовыя артысты славілі хлебаробаў, дзякуючы добрасумленнай працы якіх будзе з чаго жыць і вяскоўцам, і гараджанам.
Н.ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад