Жыццё і час не стаяць на месцы, мяняюцца прыярытэты, павялічваюцца патрэбнасці, змяняюцца ўмовы быту. Сучасныя падыходы ў выхаванні падрастаючага пакалення грунтуюцца на фарміраванні грамадзяніна-патрыёта, адухоўленага ідэаламі дабра і сацыяльнай справядлівасці, здольнага тварыць і ствараць у імя Радзімы.
Выхаванне пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму пачынаецца з любові да сваёй сям’і, дома, двара, вуліцы, школы, прыроды. Як вялікая рака бярэ пачатак з маленькай крыніцы, так і любоў да народа і Радзімы пачынаецца з ведаў аб гісторыі, культуры, роднай прыродзе, з прыхільнасці да роднага дома, з цікавасці да людзей і іх працы, з клопату пра бацькоў, з умення жыць у згодзе з роднымі і суседзямі.
(Рагацэвіч Аляксандра)
У дзяржаўнай установе адукацыі «Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» школьнае лясніцтва «Лясны дазор» дзейнічае з 2014 года. Гэта аб'яднанне навучэнцаў 8-11 класаў. Школьнае лясніцтва працуе круглы год у адпаведнасці з вучэбна-вытворчым планам. Вучэбна-вытворчы план работы школьнага лясніцтва зацверджаны дырэктарам установы адукацыi, узгоднены з ляснічым Шчучынскага лясгаса і ляснічым Пескаўскага лясніцтва.
(Чарніцкая Ганна)
У рабоце з членамі школьнага лясніцтва вялікая ўвага надаецца прафарыентацыйнай рабоце. У кабінеце біялогіі абсталяваны куток па прафарыентацыі, дзе сабраны матэрыял аб прафесіях лясной гаспадаркі. Сустрэчы з ветэранамі працы, работнікамі лясніцтваў дапамагаюць выбраць жыццёвую дарогу выпускнікам. Эфектыўным метадам прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з’яўляюцца экскурсіі ў ДЛГУ “Шчучынскі лясгас”, Пескаўскае лясніцтва. У час экскурсій спецыялісты лясной гаспадаркі непасрэдна на вытворчых месцах праводзяць тэарэтычныя і практычныя заняткі для юных лесаводаў, знаёмяць іх з метадамі і методыкамі вывучэння лясных біяцэнозаў. Працуючы ў школьным лясніцтве, рабяты збіраюць матэрыял для сваіх даследчых работ, праводзяць працоўныя дэсанты па добраўпарадкаванні лясных участкаў, знаёмяцца з прафесіямі лясной гаспадаркі.
(Копач Ангеліна)
Многія выпускнікі ўстановы адукацыі сталі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Чарніцкая Ганна скончыла факультэт тэхналогіі арганічных рэчываў, інжынер-тэхнолаг вытворча-тэхналагічнага аддзела прадпрыемства ААА “БПА Белбудіндустрыя”, Рагацэвіч Аляксандра – студэнтка факультэта хімічнай тэхналогіі і тэхнікі, Мацейчык Анастасія – студэнтка лесагаспадарчага факультэта. У гэтым годзе Капач Ангеліна, выпускніца 11 класа, плануе паступіць у БНТУ на лесагаспадарчы факультэт.
Такім чынам, дзейнасць школьнага лясніцтва “Лясны дазор” з’яўляецца базавай асновай для далейшага самавызначэння школьнікаў, паспяховым фактарам падрыхтоўкі моладзі да жыцця і працы.
Тамара Рагацэвіч,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад