У суботу ў аграгарадку Гудзевічы было шматлюдна. На галоўнае хлебаробскае свята прыйшлі як мясцовыя жыхары, так і сяляне з навакольных вёсак, якія працуюць у ЗАТ “Гудзевічы”.
Цэнтральная вуліца аграгарадка была запоўнена шматлікімі палаткамі і атрыкцыёнамі. Можна было паспрабаваць смачных аладак, пакаштаваць рыбнай юшкі і грэчневай кашы, задаволіць смагу смачным квасам, павучыцца ў народных майстроў рамяству, пракаціцца на возе, пасядзець за рулём драўлянага трактара, паўдзельнічаць у спаборніцтвах ратавальнікаў.
Свята ля дома культуры пачалося з музычнай кампазіцыі “Люблю наш край”. Затым мясцовыя артысты паказалі старадаўні абрад дажынак. Каравай і сноп новага ўраджаю асвяціў настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы айцец Мікалай. Ганаровае права ўзняць флаг дажынак прадастаўляецца лепшым механізатарам Г.П.Краўцэвічу, А.А.Бергелю, А.С.Сарока.
На сцэну запрашаецца дырэктар закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы” А.А.Санько. Андрэй Антонавіч павіншаваў са святам усіх удзельнікаў жніва, адзначыў, што на раённых дажынках гаспадарка была ўзнагароджана за другое месца ў раённым спаборніцтве. Гудзевіцкія хлебаробы атрымалі з аднаго бала-гектара уборачнай плошчы больш як сто кілаграмаў зерня і валавы збор яго склаў 9,4 тысячы тон. Узнагароды на раённых дажынках атрымалі і лепшыя працаўнікі таварыства.
-Зараз час думаць аб новым ураджаі,- сказаў А.А.Санько.- Мы ўжо пасеялі азімыя рапс і ячмень, праз некалькі дзён будзем сеяць трыцікале і пшаніцу. А сёння будзем ушаноўваць лепшых хлебаробаў.
А.А.Санько артысты ўручылі каравай новага ўраджаю.
На сцэну запрашаюцца пераможцы жніва І.І.Валюшка, Г.П.Краўцэвіч, А.А.Бергель, А.У.Гаспаровіч. Дырэктар гаспадаркі ўручае ім самыя вышэйшыя узнагароды.
Вялікай групе ўдзельнікаў жніва, якія занялі другое і трэцяе месцы ўручыў узнагароды намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце А.Г.Палойка. Іх атрымалі камбайнёры І.А.Маляўка, В.М.Мешка, М.У.Богдан, А.В.Мешка, вадзіцелі А.Б.Панюк, В.І.Костка, К.Б.Кавальчук, Я.Г.Прудзілка.
Узнагароды лепшым працаўнікам на дажынках уручалі таксама галоўны інжынер М.М.Славута, загадчык гаража С.І.Буры, вядучы аграном па абароне раслін У.У.Сідар.
Шчыра павіншаваў гудзевіцкіх хлебаробаў з поспехам у раённым спаборніцтве на жніве старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.М.Мятлюк. Лепшым хлебаробам Віктар Міхайлавіч таксама ўручыў узнагароды.
Настаў час паспрабаваць смачны каравай з зерня новага ўраджаю. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах частуюць ім усіх жадаючых.
Вельмі насычанай і цікавай была канцэртная праграма, у якой прымалі удзел як работнікі Гудзевіцкага Дома культуры, так і вучні мясцовай школы. Гучалі “Дожиночкі”, “Беларусь моя, синеокая, “Берёзонька”, “Калина”, “Горят костры” і іншыя любімыя песні. Дзеці чыталі вершы, спявалі, прыгожа танцавалі – радавалі сваіх бацькоў, якія старанна працавалі на жніве.
А вечарам на сцэну выйшаў ансамбль народнай песні Гродзенскай філармоніі “Кола”. Было і шмат іншых цікавых падзей. Да позняга вераснёўскага вечара святкавалі дажынкі гудзевіцкія хлебаробы.
С.ЗВЯРОВІЧ
Фото аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад