З 19 па 23 верасня прайшоў Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!” Вучні і настаўнікі Гудзевіцкай сярэдняй школы актыўна далучыліся да гэтага свята. Напярэдадні напісалі рэспубліканскі дыктант, прымеркаваны да Дня народнага адзінства. У межах Тыдня беларускай мовы ў школе было арганізавана шмат мерапрыемстваў. Яны былі разнастайныя па форме і змесце, адаптаваныя да ўзросту і магчымасцей вучняў.
У першы дзень Тыдня ў школе прайшоў марафон "Мова родная – мова модная", дзе гучалі беларускія народныя песні "Купалінка", "Рэчанька","Рушнікі". Вучні прэзентавалі свае віншавальныя паштоўкі "Пажаданні роднай мове".
Любові і павазе да культуры нацыі, да роднай мовы, жаданню яе глыбей вывучаць садзейнічалі анлайн-акцыя “Натхнёныя Бацькаўшчынай", квэст гульня "Фальклор, фальклор – душа народа”. Конкурс творчых пісьмовых работ "За што я люблю родную зямлю" таксама прайшоў у школе. У кароткіх эсэ і вусных публічных выступленнях навучэнцы разважалі пра патрыятызм, сацыяльную і асабістую значнасць для кожнага такіх асноватворных катэгорый, як радзіма, патрыятызм, родная мова. "Родная зямля – гэта калыска жыцця. Яна падхоплівае нас, калі мы падаем, хавае ад усялякіх нягод і жыццёвых непрыемнасцяў, вучыць нас чалавечай дабрыні, узаемадапамозе, адданаму сяброўству", – так выказваліся вучні ў сваіх работах. Кожны з іх з цеплынёй апавядаў пра сваю маленькую радзіму. Хочацца спадзявацца, што малыя радзімы сальюцца ў цэлую краіну, да якой кожны з іх адчувае ўзнёслыя пачуцці.
Сустрэча з паэзіяй – гэта заўсёды свята. А калі паэт, аўтар выдатных радкоў пра тваю малую радзіму, знаходзіцца побач, чытае свае творы ды яшчэ гэта былы вучань Гудзевіцкай школы – гэта сапраўдная падзея. Такая падзея адбылася ў нас 22 верасня. Мікалай Пятровіч – аўтар кнігі “Нашчадкі роду Іваноўскіх”, паэтычнага зборніка "Пяром і сэрцам", зборніка вершаў "Сцяжынка дзяцінства", кніг для дзяцей "Загадкі на ўсе выпадкі", зборнікаў вершаў "Кроплі расы" і "Вострым зрокам". Мікалай Пятровіч прадставіў слухачам свае вершы, напоўненыя глыбінёй і сэнсам, пранізаныя духам велізарнай любові да роднага краю. У гэты дзень прайшла акцыя "Чытаем вершы пра родную мову", бібліятэкар прэзентавала серыю кніг "Скарбонка гістарычнай памяці".
Хочацца верыць, што Тыдзень дазволіў усім перажыць моцныя пачуцці, атрымаць задавальненне і яшчэ раз пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім мы павінны ганарыцца і шанаваць яго!
Ніна СЛАВУТА,
ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад