Лета - цудоўная пара, яна дае дзецям магчымасць выдатнага вясёлага адпачынку, які спалучаецца з атрыманнем карысных ведаў. Лепшы спосаб зрабіць адпачынак яркім, карысным, незабыўным - адправіцца ў цікавае падарожжа. Дзіцячы аздараўленчы эколага-біялагічны лагер “Сонейка” ДУА “Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” з першых дзён лета ператварыўся ў творчую экспедыцыю. Выхаванцы лагера трапілі ў Берэндзеева царства, размеркаваліся па атрадах: княства “Экаландыя” і княства “Амазонія”. Берэндзеі – старажытныя плямёны, якія жылі ў лясах у згодзе з прыродай, пакланяючыся Духу Прыроды.
Таксама як жыхары старажытных плямён з’яўляліся клапатлівымі гаспадарамі свайго лесу, так і выхаванцы лагера імкнуліся стаць гаспадарамі свайго “царства”. Кожны атрад меў свой дыліжанс , на якім рабяты падарожнічалі штодзённа, здзяйснялі добрыя справы, рабілі адкрыцці, праводзілі эксперыменты, даследаванні. Рэалізацыя праекта прадугледжвала падарожжа ў пяці накірунках-экспедыцыях: “У здаровым целе-здаровы дух!”, “Сцяжынкамі продкаў”, “Крэатыў - гэта выдатна”, “Эўрыка! Веды-сіла”, “Цярпенне і праца-стваральнікі прыгажосці”. У кожным накірунку сканцэнтраваны мерапрыемствы, якія дапамагалі рабятам раскрыць свае таленты, набыць веды. Гэта конкурс “Калейдаскоп талентаў”, інтэлектуальная гульня “Паласаты шлагбаум”, экамарафон “Край мой родны”, майстар-клас “Чароўны пэндзаль”, спартыўныя спаборніцтвы “Малыя алімпійскія гульні”, інтэрактыўная гульня “Лесвіца здароўя”.
Кожны дзень у лагеры быў тэматычны. Што-дзённая экалагічная разведка пад кіраўніцтвам “Калабкоў” садзейнічала выяўленню праблем у мясцовых экасістэмах, стварэнню спрыяльных умоў для выпрацоўкі ў рабят адпаведнага стэрэатыпу паводзін у прыродзе, набыццю вопыту і авалодванню навыкамі ў справе аховы і паляпшэння навакольнага асяроддзя. Выкарыстоўваліся экалагічныя сюжэты і сітуацыі, праводзіліся экалагічныя прагулкі, арганізоўваліся практычныя і эколага-выхаваўчыя справы па праграме “Зялёныя школы”.
Падчас экспедыцыі праводзіліся акцыі “Спыніся: небяспечныя звычкі”, “Мы за шчаслівае жыццё”, конкурс “Лато бяспечнасці”, ролевая гульня “Абарона крэпасці здароўя”, арт-фолк “Здаровы будзеш - усё здабудзеш”. На працягу работы лагера “Папялушкі” сачылі за чысцінёй у атрадных пакоях, сталоўцы і на прышкольнай тэрыторыі.
У працяг рэалізацыі рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “ Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшоў Дзень Памяці. Выхаванцы наведалі помнік загінуўшым землякам у аграгарадку Пескі, правялі працоўную аперацыю па добраўпарадкаванню тэрыторый, разведку добрых спраў “ Памяць у граніце” на мясцовых могілках .
Незабыўнае ўражанне пакінула наведванне Жыровіцкага Успенскага манастыра, яго маляўнічая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя і выразны сілуэт. Цікавай была экскурсія па тэрыторыі манастыра. Сынкавіцкая царква-крэпасць – помнік абарончага дойлідства ўразіла сваёй магутнасцю і веліччу.
Падчас наведвання музея “Лес і чалавек” рабяты пазнаёміліся з народнымі промысламі Мастоўшчыны, асаблівую ўвагу дзяцей прыцягнуў ткацкі станок (кросны), на якім выраблялі тканіну для адзення. Панарама “Прырода Мастоў-шчыны” зацікавіла разнастайнасцю прадстаўленых жывёл і птушак. Цікавую інфармацыю атрымалі аб мастоўскім дрэваапрацоўчым прадпрыемстве «Мастоўдрэў».
“Экадыліжанс” расчыніў дзверы ў свет дзікай прыроды юным эколагам, усім творчым асобам. І хоць канікулы яшчэ не скончыліся, удзельнікі праекта ўжо з нецярпеннем чакаюць наступных канікул, каб адправіцца ў новыя займальныя падарожжы.
Т. РАГАЦЭВІЧ,намеснік дырэктара ДУА «Пескаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа»
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад