20 лютага 2018 года ў Мастоўскай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя дапаможніка “Турыстычнымі сцежкамі Мастоўшчыны”, створанага супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу. На мерапрыемства, якое прымеркавана да Года малой радзімы, былі запрошаны вучні восьмых класаў ДУА “Гімназія №1 г.Масты”.
З дапамогай электроннай прэзентацыі бібліёграф Ірына Здіславаўна Кавалеўская пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з найпрыгажэйшымі куточкамі Мастоў і Мастоўскага раёна. Прысутныя даведаліся пра архітэктурныя помнікі — Касцёл святой Ганны (1782г.) у в.Лунна, храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца (1844г.) у в.Дубна, адзіны ў рэспубліцы падвесны пешаходны мост у г.Масты, помнік закаханым Яну і Цэцыліі ў в.Багатырэвічы. На старонках дапаможніка прыгадваецца вёска Мінявічы, якая звязана з гісторыяй жыцця польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, а таксама паэта Міхася Явара.
Дзякуючы электроннай прэзентацыі дапаможніка, вучні даведаліся пра музеі Мастоўскага раёна — УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей”, УК “Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”, музей Маці ў Мікелеўшчынскім дзіцячым садзе – СШ.
Тут сабраны матэрыял пра дзівосныя скарбы гістарычных каштоўнасцей і прыродных багаццяў краю. Ліпічанская пушча зачаруе сваёй магіяй любога турыста. Аграсядзібы заўсёды гатовы прыняць гасцей для актыўнага і паўнацэннага адпачынку.
На прэзентацыю былі запрошаны менеджэр Прыватнага турыстычнага ўнітарнага прадпрыемства “ЛорыСтур” Ларыса Валчок і мясцовая паэтэса Галіна Іосіфаўна Васілеўская. Ларыса Валчок цікава і змястоўна расказала пра турыстычныя маршруты. Прыгадала легенды пра горад Масты.
Не засталіся без увагі мясціны баявой славы, а менавіта – “Мемарыял героям-землякам і ахварям фашызму”, “Зямлянка-музей” у в. Шымкі, лёс вёскі Княжаводцы, якую спалілі карнікі 23 ліпеня 1943 года.
Галіна Іосіфаўна Васілеўская прачытала свой верш “Мастам”, які расказвае пра сучаснае жыццё, прыгажосць і лёс горада.
Увазе аўдыторыі была прадстаўлена кніжная выстава “Мастоўскі край цудоўны і загадкавы”. Пачынаючы з вуліцы, вёскі, раёна, горада вывучаецца гісторыя ўсёй краіны. Менавіта краязнаўства садзейнічае выхаванню патрыятызму, любові да роднага краю.
Супрацоўнікі Мастоўскай раённай бібліятэкі імкнуцца да таго, каб назапасіць як мага больш інфармацыі аб сваім краі і затым забяспечыць сваіх карыстальнікаў цікавым і карысным матэрыялам і навінкамі літаратуры.
І. КАВАЛЕЎСКАЯ,
бібліёграф аддзела абслугоўвання
і інфармацыі ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад