Як толькі ўвайшла ў клас, заўважыла, з якой цікавасцю слухалі вучні 11 класа гэтую настаўніцу. Тамара Іванаўна Навагродская – настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУ «Сярэдняя школа №2 г. Масты» з радасцю распавяла пра сваё жыццё і любоў да роднай мовы.
– Тамара Іванаўна, раскажыце, дзе Вы нарадзіліся? Дзе вучыліся?– Нарадзілася я ў вёсцы Малятычы Шчучынскага раёна. Вучылася ў Навагрудскай школе. А пасля заканчэння паехала атрымліваць веды ў УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы”. У ДУА“Сярэдняя школа № 2” працую з 1988 года.
– Ці задаволены Вы сваёй кар’ерай?– Так, канешне. Ужо тое, што я працую тут бязменна столькі гадоў, гаворыць пра многае. Школа з самага пачатку мне падабалася, і ні ў адзін момант не хацела змяніць месца працы.
– Калі вучыліся ў школе, які прадмет Вам больш за ўсіх падабаўся?– Толькі беларуская мова і літаратура. А зацікавіла мяне роднай мовай Надзея Паўлаўна Нятецкая.
– Хто з беларускіх пісьменнікаў ці паэтаў Вам больш па душы?– У першую чаргу Я.Купала. Заўсёды здзіўляла, як можна так прыгожа і так проста гаварыць пра будзённыя і пра высокія рэчы. Вельмі падабаецца верш М.Танка “Родная мова”. Блізкая па духу лірыка П.Панчанкі. Настройваюць на роздум вершы А.Разанава.
– Раскажыце, што апошняга цікавага Вы зрабілі разам з вучнямі?– На працягу некалькіх гадоў вядзецца даследаванне паходжання назваў вёсак Мастоўшчыны. Гэта паўплывала на стварэнне “Этымалагічны слоўнік назваў населеных пунктаў Мастоўскага раёна”. І на аснове яго Дар’яй Грышанковай і Вольгай Здановіч было праведзена даследаванне. З гэтай працай пад назвай “У глыбінях зямлі нашых душ карані” дзяўчаты занялі ІІ месца на абласным конкурсе “Крыштальная Альфа”. Потым з гэтай жа працай выступалі на рэспубліканскім конкурсе. Вельмі ганаруся дзяўчатамі!
– Як адносяцца у Вашай сям’і да беларускай мовы?– Да беларускай мовы ў маёй сям’і адносяцца станоўча. Але ўсё ж такі з блізкімі я размаўляю паруску. А калі заходжу ў клас да вучняў, я атрымліваю вялікую асалоду ад таго, што магу размаўляць з імі на сваёй роднай мове.
– Скажыце некалькі слоў пра вашу школу? У якіх адносінах Вы з калектывам?– Добры настаўніцкі калектыў. Бачу, што гэта сапраўдныя настаўнікі – прафесіяналы сваёй справы. Заўсёды добразычлівыя, з падтрымкай у цяжкія жыццёвыя моманты. У апошні час падабаецца школьная атмасфера. Вельмі многа дзіцячай ініцыятывы. І гэта вельмі цікава. Немалаважную ролю адыгрывае і адміністрацыя школы. Дырэктар чалавек наватарскі. Заўсёды шукае нешта новае. Змяняецца воблік школы – становіцца больш сучасным. Прыемна прайсці па калідоры, зайсці ў класы. Нягледзячы на тое, што школе ўжо 56 гадоў, яна значна памаладзела, а не пастарэла.
– Ці падтрымліваеце Вы адносіны з вучнямі мінулых выпускаў?– Так, падтрымліваю, асабліва з вучнямі першага выпуску (2000 г.). Сустракалася з імі ў гэтым годзе. Так, адна дзяўчынка прачытала верш М.Танка на памяць, так як калісьці на ўроку... Было вельмі прыемна, што пасля столькіх год памятаецца такі цудоўны верш...
– У кожнага чалавека ёсць два ўзросты: адзін – колькі яму гадоў ад нараджэння, а другі – наколькі ён адчувае сябе ў душы. Тамара Іванаўна, наколькі Вы сябе адчуваеце?– Адназначна маладой. Пагляджу іншы раз на сябе: быццам не я. Праца ў школе заўсёды накладвае свой адбітак, таму што дзеці аддаюць столькі энэргіі, што няма часу думаць аб нечым негатыўным. Таму трэба адпавядаць і быць наперадзе.
Кожны з нас з асаблівай цеплынёй, любоўю і падзякай успамінае сваіх настаўнікаў , у думках не раз вяртаецца ў свае школьныя гады. Асаблівасць настаўніцкай прафесіі ў тым, што да яе датыкаецца кожны. З ім, з добрым настаўнікам і сябрам праходзім мы шлях ад дзяцінства да сталасці. Таму ад шчырага сэрца жадаем Тамары Іванаўне заўсёды быць добрым прыкладам і сябрам для сваіх вучняў.
В.СТАСЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад