Усё гэта пад сілу дзевяцікласніцы Гудзевіцкай гімназіі Вользе Рэйшаль. У гэтым годзе, як, дарэчы, і летась, яна стала прызёрам раённага этапа алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і працоўнаму навучанню. Сціплая і ў той жа час актыўная і ініцыятыўная, безадказная, вельмі старанная. Яна ўмее працаваць рупліва і ў хуткім тэмпе. Так пра адну з лепшых сваіх вучаніц – Вольгу Рэйшаль – расказваюць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Лявонцьеўна Славута і настаўніца працоўнага навучання Наталля Уладзіміраўна Дзямбіцкая.
Дзякуючы вопыту, ведам і энтузіязму педагогаў, а таксама мэтанакіраванасці і творчым ідэям Вольгі, і ўдаецца дасягнуць поспеху. Пэўную дапамогу дачцэ аказвае і маці Лілія Іосіфаўна Рэйшаль, якая працуе загадчыцай Гудзевіцкай бібліятэкі – цэнтра нацыянальнай культуры.
Цікавімся ў дзяўчыны, чым прываблівае яе беларуская мова.-- Зараз беларуская мова ўсё больш выцясняецца з ужытку. Крыўдна, што яе, спеўную і мілагучную, за рэдкім выключэннем, можна пачуць толькі на ўроках. І, тым не менш, я лічу, што мы павінны дасканала ведаць сваю родную мову. Асабіста для мяне гэта важна, -- зусім падаросламу абгрунтоўвае сваю прыхільнасць Вольга.
-- А ці ведаеш ты, што азначае тваё прозвішча Рэйшаль? Можа, займалася даследаваннямі яго паходжання? – задаём наступнае пытанне нашай субяседніцы.
-- На самой справе, не такія глыбокія, як хацелася б, аднак ведаю, што прозвішча Рэйшаль паходзіць з замежнай мовы. Прынамсі, у нямецкай яно азначае “багач”. Пры знаёмстве, у людзей заўсёды ўзнікаюць пытанні пра маё незвычайнае прозвішча, у тым ліку, і пра правапіс. Я ганаруся сваім прозвішчам, яно мне падабаецца, -- быў адказ дзяўчыны.
З размовы мы даведаліся, што Вольга ўмее не толькі трапна выказаць сваю думку, але і змайстраваць надзвычайную рэч уласнымі рукамі. Як, напрыклад, пано з кветак, выкананае кручком – хатні праект для алімпіяды па працоўнаму навучанню.
А яшчэ дзевяцікласніца наведвае заняткі ў музычнай школе па класу фартэпіяна. Гэтае захапленне дапамагае дзяўчыне развіць свае творчыя здольнасці, далучыцца да свету вечнага і цудоўнага. Таксама гэта добрая падмога ў час шматлікіх мерапрыемстваў і канцэртаў, актыўнай удзельніцай якіх з’яўляецца наша юная суразмоўца.
Вось такая яна – Вольга Рэйшаль. Дарэчы, далёка не першы год яе фотаздымак, у ліку іншых актыўных і ініцыятыўных гімназістаў, упрыгожвае стэнд Гудзевіцкай гімназіі пад назвай “Наш гонар”.Н.ШЭЎЧЫК
На здымку: ганарацца сваёй вучаніцай Вольгай РЭЙШАЛь настаўніца беларускай мовы і літарутуры Н. Л. СЛАВУТА і настаўніца працоўнага навучання Н. У. ДЗЯМБІЦКАЯ. Фота С.ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад