5 ліпеня 1969 года адбылося адкрыццё Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», які стаў сімвалам памяці ахвяр усіх «вогненных вёсак» Беларусі – знішчаных разам з мірнымі жыхарамі пад час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі. Тэлеканал «Беларусь 3» нагадае гледачам гісторыю легендарнага мемарыяла спецыяльным паказам чатырохсерыйнага хранікальна-дакументальнага цыкла Белтэлерадыёкампаніі «Хатынь. Вайна без правіл».
Кожны эпізод праекта – «Падставы для маўчання», «Каты i ахвяры», «Мемарыял», «Вогненныя пабрацiмы Хатынi» – адначасова і самастойная, і адна агульная гісторыя трагедыі спаленых беларускіх вёсак, памяць пра якія дагэтуль жывая ў сэрцах беларусаў. Гледачы ўбачаць Хатынскі мемарыял з яго «Цвінтаром вёсак», «Дрэвам жыцця», «Сцяной Смутку» і «Вечным агнём», а таксама наведаюць мемарыял «Дальва» і комплекс «Праклён фашызму».
Экспертную падтрымку цыкла выказалі каля 20 рэспандэнтаў, сярод якіх спецыялісты ў вобласці гісторыі, архітэктуры, архівазнаўства, філасофіі, псіхалогіі і сацыялогіі. У фільмах выкарыстоўваюцца хроніка сакавіка 1943-га, калі была знішчана Хатынь, і сучасная частковая рэканструкцыя тых жахлівых падзей.
Спецыяльны паказ дакументальнага цыкла «Хатынь. Вайна без правіл» адбудзецца на тэлеканале «Беларусь 3» з 6 па 9 ліпеня ў 23:25.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!