Кожны год дзеці і дарослыя з нецярпеннем чакаюць навагодніх святаў. Бо ў гэтыя дні здзяйсняюцца даўнія мары, і адбываюцца самыя неверагодныя цуды.
Вось і гэты год 23 снежня зала і сцэна Курылавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры ператварылася ў казачны лес, у якім знаходзіцца цудоўная навагодняя краіна Навгодзія.
У гэтай краіне жывуць Дзед Мароз і Снягурка, якія актыўна рыхтуюцца да Новага года. Дапамагаюць ім у гэтай нялёгкай справе Снегавічок і вясёлы Зайка. І ўсё было б добра, калі б цікаўныя Снегавічок і Зайка не адчынілі цудадзейны куфэрак Снягуркі, і не вырашылі самастойна знайсці навагодні скарб. Але тут у справу ўмяшалася Баба Яга са сваімі памочнікамі хітрай Лісой і злым Ваўком. Яны хітрасцю выкрадаюць посах Дзеда Мароза і бяруць у палон Зайку. Вярнуўшыся дадому, Снягурка застае толькі зачараванага Снегавічка. Але яна не разгубілася, разам з дзецьмі прайшла ўсе перашкоды і прабралася ў логава Бабы Ягі. Абхітрыўшы Бабу Ягу, Ваўка і Лісу, яна забрала посах і выратавала Зайку. А тут і Дзед Мароз падаспеў на дапамогу. І ўжо ўсе разам пачалі тварыць сапраўдныя цуды пад прыгажуняй-Ёлкай.
У зале ўсім было весела скакаць у навагоднім карагодзе, дзецям і дарослым. А потым гулялі ў навагоднія гульні са Снягурачкай, Снегавічком, Зайкай. Нават Баба Яга, Воўк і Ліса, якім Дзед Мароз дараваў іх зладзействы, выступілі з танцамі, прыпеўкамі і гульнямі.
У зале не засталося ні аднаго хлопчыка і дзяўчынкі, якія б не атрымалі ад Дзеда Мароза салодкі падарунак.
Стварыць сапраўдны навагодні цуд дапамаглі ўдзельнікі тэатральнага гуртка “Крыніца”: Лойка Таццяна, Мілюк Насця, Мілюк Вікторыя, Нікіціч Вера, Сліж Карына і Хвад Дзіяна.
А для дарослых у гэты ж дзень вечарам прайшоў канцэрт калектыва аматарскай творчасці Дзятлаўскага раёна “Добры навагодні настрой”.
Такім чынам у навагодняй краіне Навагодзіі атрымалася пабываць і дзецям, і дарослым, а Курылавіцкі цэнтр вольнага часу і культуры распачаў шэраг цікавых навагодніх мерапрыемстваў.
Мастацкі кіраўнік Курылавіцкага цэнтра
вольнага часу і культуры Л.Я.Траян
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад