Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Там, дзе цячэ Верацейка

Там, дзе цячэ Верацейка07 сентября 2018 — 15:19

Аб узнікненні паселішча Гудзевічы ля рэчкі Верацейкі, гістарычных падзеях, што адбываліся на гэтай зямлі, людзях, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё аграгарадка,  расказвае старшыня сельскага Савета Кацярына Вітальеўна БАСІНСКАЯ.

Шырокую вядомасць  Гудзевічам прынеслі на нашай гродзенскай зямлі   літаратурна­краязнаўчы музей і мясцовая гаспадарка з аднайменнай назвай. Што датычыць першага, то гэта адзіны дзяржаўны музей на Гродзеншчыне, які размешчаны ў сельскай мясцовасці. А пра закрытае акцыянернае таварыства “Гудзевічы” ў любым кутку нашага Прынёманскага краю скажуць вам, што гаспадарка гэтая адна з лепшых і знаходзіцца яна ў Мастоўскім раёне.

ГудАС  ­ значыць беларус

Ёсць некалькі легенд, звязаных з узнікненнем назвы паселішча. Гудзевічы стаялі на вялікім і ажыўленым гасцінцы, здаўна купцы і падарожнікі ехалі праз іх з Беластока на Ваўкавыск і іншыя гарады. Таму і кажуць, што шлях заўсёды гудзеў, ад чаго і назва вёскі. У кнізе “Легенды і паданні Гродзеншчыны” расказваецца, што ў гэтай мясцовасці жыла прыгожая дзяўчына Гу­дзя. Палюбіла яна прыгожага хлопца з багатай сям’і, як і ён яе. Але шчасцю маладых не суджана было збыцца, бацькі хлопца не далі згоды на шлюб. Дзяўчына загінула. У памяць аб ёй і назвалі паселішча.

Але больш верагодным і навуковым лічыцца паходжанне назвы ад балцкага слова “гудас”, што значыць беларус. Гудасамі балты­яцвягі, што жылі калісьці ў нашай мясцовасці, называлі славян. Многія паселішчы маюць балцкія карані, такія, напрыклад, як Лунна, Індура і іншыя.

У Гудзевічаў хутка юбілей

Першае вядомае нам пісьмовае ўпамінанне пра Гудзевічы адносіцца да 1539 года. Гэта грамата, у якой ідзе размова аб перадачы зямель новаму ўласніку, а таксама ўзгадваецца царква, якая тут існавала з даўніх часоў.
У нас захоўваецца царкоўны летапіс з 1754 года. Там многа цікавых звестак пра жыццё мясцовых жыхароў, пра драўляную царкву, на месцы якой  у  1852 годзе пачалося будаўніцтва  мураванага будынка. Дарэчы, наша царква ніколі не закрывалася і дзейнічае да гэтага часу. Настаяцелем яе зараз з’яўляецца вельмі паважаны ў аграгарадку чалавек ­ айцец Мікалай. 

Кожная эпоха пакінула свой след

Усе войны, што грымелі на нашай зямлі, пакінулі след і ў нас. У час Паўночнай вайны са шведамі ў Міткаўскім лесе расла вялізная ліпа і іншыя старадаўнія дрэвы, у іх, па паданнях, хаваліся ў час той вайны мясцовыя жыхары.
У фондах музея захоўваецца карціна ўраджэнца Дубна У.Кіслага “Бой казакаў Платава з французамі пад Гудзевічамі”. Перад напісаннем карціны аўтар вывучаў гістарычны матэрыял пра вайну 1812 года і гэты факт паклаў у аснову свайго палатна. Не абышла нашу мясцовасць і Першая сусветная вайна, тут таксама былі баі. На цвінтары ёсць у нас так званыя “нямецкія могілкі”, дзе пахаваны германскія воіны.

Аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны мясцовыя жыхары даведаліся з першых гадзін: немцы бамбілі аэрадром у Барысаўшчыне, што знаходзіўся недалёка ад вёскі.

Адметнай падзеяй у жыцці Гудзевіч было адкрыццё школы. Першы будынак для яе быў узведзены ў 1863 годзе, другі – у 1905. Так што мясцовыя жыхары здаўна былі не толькі працавітымі, але і адукаванымі людзьмі.

Да вайны ў Гудзевічах было шмат старадаўніх пабудоў. Цяпер ад іх засталіся толькі два каменныя ўязныя слупы ад брамы да панскага маёнтка. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя Гудзевічы былі панскім дваром, а сяляне жылі ў навакольных вёсках. Тут былі абора, канюшня, дом для парабкаў – чварак, “магазын” – склад для збожжа не толькі пана, але і сялян, і многае іншае. Быў брук, абсаджаны бэзам. Яшчэ многія дзесяцігоддзі ў вёсцы квітнеў  той цудоўны бэз. Там, дзе зараз стаіць мясцовы клуб, у даўнейшыя часы быў будынак гміны.

Панскі дом згарэў у Першую сусветную вайну, вярнуўшыся з бежанства, П.Ф.Міклашэвіч, апошні гудзевіцкі пан, з сям’ёй жыў у звычайным сялянскім доме. Іншыя панскія і  грамадскія пабудовы ў вёсцы падпалілі немцы, адступаючы ў 1944 годзе. Здавалася, Гудзевічы не змогуць адрадзіцца і страцяць статус цэнтра грамадскага і гаспадарчага жыцця ў сваёй мясцовасці.

Час росквіту і развіцця

Першыя калгасы ў нашай мясцовасці, у тым ліку і ў Гудзевічах, з’явіліся ў даваенны час. Яны былі малалікімі, у асноўным выкарыстоўвалася ручная праца. Пасля вайны да канца 1949 года сяляне вёсак Гудзевіцкага сельсавета ўступілі ў калгасы. У кожным населеным пункце быў свой калгас. Да 1951 года не было палёў, якія б засявалі суцэльна. Сеялі зерневыя, саджалі бульбу па асобных палосках. Нешматлікая жывёла з вясны да позняй восені была на падножным корме. Нават свіней да сярэдзіны пяцідзясятых паслі на выганах і палях. У Кулёўшчыне жывёлагадоўчая ферма была з васьмі галоў, а свінагадоўчая з 11. Калгас “Іскра” ў вёсцы Вострава меў дванаццаць кароў і столькі ж свіней. Цяпер нават цяжка сабе ўявіць, з якой мізэрнай гаспадаркі пачыналася сучаснае развіццё, якое цалкам змяніла працу і быт мясцовых  сялян.

Новы этап пачынаецца ў 1951 годзе, калі быў арганізаваны калгас “Праўда”, у які, акрамя Гудзевіч, увайшлі Вострава, Кулёўшчына, Ляткі, Міткевічы, Нацавічы, Цінявічы, Сямашкі. Старшынёй быў выбраны М.П.Бібіла. У гаспадарцы з’явіліся грузавыя машыны, жняяркі, малацілкі, манежы і іншая тэхніка. У Гудзевічах сталі будаваць клуб, магазін, амбулаторыю. Важнай па­дзеяй было будаўніцтва ў 1957 годзе новага будынка школы.

Сапраўдны росквіт гаспадаркі пачаўся ў 1976 годзе пасля аб’яднання двух суседніх гаспадарак “Гудзевічы” і “Іскра”. Старшынёй аб’яднанага калгаса стаў М.С.Пронька, які да гэтага паспяхова кіраваў радзявіцкай  “Іскрай”. У новую гаспадарку было ўключана 13 вёсак. Міхаіл Сцяпанавіч успамінаў, што “ў Гудзевічах на той час было ўсяго 35 дамоў, у якіх пражывала 154 чалавекі. Слабой была і матэрыяльна­тэхнічная база. Даўгі перад дзяржавай складалі больш  за мільён долараў”.

Менш чым праз дзесяць гадоў гаспадарка стала лепшай у раёне, а затым і ў вобласці. Міхаіл Сцяпанавіч стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі краіны, з рук Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі атрымаў некалькі дзяржаўных узнагарод.

Шырока вялося вытворчае і жыллёвае будаўніцтва. Першым аб’ектам была новая двухпавярховая школа, а ў будынку старой на калгасныя сродкі было аформлена чатыры залы новай экспазіцыі літаратурна­краязнаўчага музея, які стварыў настаўнік А.М.Белакоз. Яшчэ ў 1980 годзе брыгада калгасных будаўнікоў перавезла да музея драўляны дом з Сямірэнак, у якім зараз размяшчаецца этнаграфічны аддзел музея.

Быў узведзены свінагадоўчы комплекс, шырока вялося жыллёвае будаўніцтва. Тады і пачалася забудова вуліц Цэнтральнай, Азёрнай, Міра, Маладзежнай. У Гудзевічах быў пабудаваны новы машынны двор. Для увекавечвання памяці загінуўшых у гады вайны з’явіўся  мемарыяльны помнік. Цяжка пералічыць усе добрыя справы, што зрабіў Міхаіл Сцяпанавіч і яго паплечнікі.

 

Паспяхова развіваецца гаспадарка з прыходам сюды маладога кіраўніка А.А.Санько. ЗАТ “Гудзевічы” заваёўвае ўсё новыя пазіцыі ў сацыяльна­эканамічным развіцці, аб чым рэгулярна расказвае наша раённая газета.

Як і стагоддзі назад цячэ тут рэчка Верацейка, але жыццё ў паселішчы на яе беразе змянілася непазнавальна.

С.ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио