
Раённую газету і яе супрацоўнікаў часта называюць летапісцамі мясцовых падзей і гісторыі раёна ў цэлым. Па вялікім рахунку, так яно і ёсць. Наша “Зара над Нёманам” ужо 75 гадоў “узыходзіць” над Мастоўскім раёнам, каб расказаць яго жыхарам, чым жыве рэгіён, якіх поспехаў дасягнулі яго працаўнікі, якія перспектывы далейшага развіцця адкрываюцца.
А якой жа “раёнка” бачыцца нашым паважаным чытачам? Сёлета, у год 75-гадовага юбілею раённага выдання, мы прапануем мастаўчанам выказаць свае думкі пра газету вершаванамі радкамі.
Конкурс вершаў пад назвай “Так узыходзіць “Зара над Нёманам” працягнецца з 27 лютага па 27 сакавіка ўключна. Дасылаць свае творчыя работы (на рускай і беларускай мовах) можна як на паштовы адрас рэдакцыі: горад Масты, вуліца Савецкая, 34, так і на адрас электроннай пошты выдання: zarja@mail.grodno.by. У суправаджальным лісце патрэбна ўказаць прозвішча, імя і імя па бацьку аўтара верша, яго ўзрост, занятак, месца жыхарства, захапленні, на працягу якога часу ён з’яўляецца падпісчыкам “Зары над Нёманам”.
Лепшыя паэтычныя творы будуць змешчаны на старонках газеты ў падборцы “Пяром душа вадзіла...”. Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечага юбілею газеты.
Запрашаем да ўдзелу ў конкурсе усіх нашых чытачоў: сталых, мудрых, з вялікім вопытам пражытых гадоў і зусім юных, тых, хто толькі пачынае пісаць сваю біяграфію, каму мы ў недалёкім будучым перададзім эстафету працоўных і творчых перамог Мастоўскага краю.
За справу, сябры! Творчага ўсім натхнення, лёгкага пяра і цікавых ідэй!
Служба інфармацыі газеты “Зара над Нёманам”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад