Вёска – гэта цэлы свет, яркі, цэльны, своеасаблівы, поўны жыцця. Каб спазнаць яго, патрэбны не гадзіны і дні, а месяцы і гады. Вёска –гэта наша радзіма. Але сыходзяць людзі, сыходзіць традыцыйны побыт, знікаюць з ім і цэлыя вескі...
На левым беразе ракі Шчара стаіць аднайменная весачка, “тайну” якой раскрыла ў сваім даследаванні вучаніца 11 класа ДУА “Курылавіцкі вучэбна педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа” Кацярына Сідорка пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі і геаграфіі Тамары Іванаўны Сідорка.
Сёння ў вёсцы пражываюць толькі два чалавекі, а ў 5060 гады мінулага стагоддзя тут “бурліла” жыццё. Мала хто цяпер ведае, што ў пасляваенны час тут дзейнічаў смолзавод “Шчара”, рэшткі якога (бочкі, жалабы) захаваліся да цяперашняга часу. Выраблялі неачышчаны шкіпінар, каніфоль, драўняны вугаль.
У ходзе даследавання ўдалося ўзнавіць звесткі пра малы промысел, так як кожны з нас хоць раз у жыцці карыстаўся прадуктамі смолзавода. Дарэчы, вучаніца робіць выснову, што працэс вытворчасці гэтых прадуктаў мала ў чым змяніўся ў наш тэхналагічны век. Разам з тым даследавана гісторыя вёскі, запісаны легенды і паданні, звязаныя з гэтым населеным пунктам, вызначаны прычыны паступовага яго знікнення.
Адной “тайнай” на зямлі стала менш. Але ці была гэта “тайна” ? Напэўна, не. Гэта проста жыццё, якое імкліва ідзе ўперад.
Лічу, што кожны з нас можа стаць носьбітам ведаў аб сваім краі, аб гістарычных і духоўных каранях. Кожны можа стаць захавальнікам спадчыны, сябрам і абаронцам свайго роднага кутка.
Вынікі свайго даследавання Каця Сідорка прадставіла на абласны конкурс даследчых работ “Крыштальная Альфа” і атрымала Дыплом ІІ ступені.
Д.СЕБАСЦЬЯНОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Курылавіцкі вучэбна педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа ”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад