Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьСоциумОбщественная жизньБлоги наших журналистовНаталья ШевчикЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Сямейны ачаг мала запаліць, яго трэба аберагаць і падтрымліваць, упэўнена сям’я Рымко з Мастоў

Сямейны ачаг мала запаліць, яго трэба аберагаць і падтрымліваць, упэўнена сям’я Рымко з Мастоў13 октября 2022 — 14:19

Марыя і Мікалай Рымко, а таксама іх дзеці Цімафей і Ксенія ўжо ведаюць, як будуць адзначаць Дзень маці і Дзень бацькі. Па сямейнай традыцыі, ранкам усе сабяруцца за святочным сталом, дзеці павіншуюць бацькоў і падораць падрыхтаваныя сваімі рукамі падарункі. Абавязкова на стале будзе фірмовы матулін “Медавік”, які яшчэ з вечара вабіць да сябе такім прыемным водарам і смачным крэмам. А пасля чаяпіцця – удзел у святочных мерапрыемствах і спартыўных спаборніцтвах, дзе яны будуць калі не ў пераможцах, дык несумненна ў ліку лепшых.

Сям’я – гэта пастаянная праца над сабой

Яшчэ з гарадскога этапа раённага конкурсу “Сям’я года”, дзе мае субяседнікі выступілі вельмі ярка і дастойна, хацелася бліжэй пазнаёміцца з імі.

Сустракаемся з Рымко на іх тэрыторыі – ва ўтульнай кватэры, дзе ўсё даведзена да ладу ўмелымі рукамі Мікалая, а падтрыманне парадку, спакою і прыязных адносін у сямейным гняздзечку кладзецца на жаночыя плечы Марыі. У атмасферы любові, узаемаразумення і ўзаемапавагі, працавітасці і адказнасці за свае ўчынкі бацькі выхоўваюць сына Цімафея і дачку Ксенію.

– Сама я родам са Смаргонскага раёна, а з Мікалаем пазнаёміліся ў Гродне, дзе абодва вучыліся, – расказвае Марыя Іванаўна. – Пакахалі адзін аднаго, стварылі сям’ю – усё як ва ўсіх.

Аднак мае суразмоўцы ўпэўнены, што для таго, каб сямейныя адносіны былі моцнымі, каб пачуцці не патухлі праз некалькі гадоў сумеснага жыцця, неабходна пастаянна працаваць над сабой: вучыцца прамаўчаць дзе трэба, саступіць, надаваць словам важкасць сваімі ўчынкамі. Вучыцца слухаць і чуць адзін аднаго і разумець сваіх дзяцей. Вучыцца жыць не толькі дзеля сябе і сваіх жаданняў, але найперш – дзеля родных і блізкіх табе людзей. Гэта жыццёвая аксіёма, якую, на жаль, вельмі часта сучасныя маладыя пары забываюць.  

– Сямейны ачаг мала запаліць, яго трэба аберагаць і пастаянна падтрымліваць, – з вышыні сваіх пражытых разам гадоў адзначаюць Марыя і Мікалай Рымко.

Матуліна любоў самая моцная

На маё правакацыйнае пытанне: “Каго больш любіш, тату ці маму?” –  пяцігадовая Ксюша шчыра адказвае, што яна абаіх  любіць аднолькава моцна.

Моцна, больш за жыццё, любіць сваіх Цімафея і Ксенію і Марыя Іванаўна. Да таго ж, у дзіцячым садзе №1, дзе яна працуе выхавальніцай, у яе яшчэ некалькі дзясяткаў дапытлівых вачэй, якім яна таксама не можа здрадзіць ці падмануць іх.

– У маёй бабулі Ядвігі было пяцёра дзяцей, адны дочкі. У свой час яна была ўзнагароджана ордэнам Маці. А за добрасумленную працу мела званне Героя Сацыялістычнай Працы, – распавядае Марыя. – Бабуля шмат чаго расказвала пра сваё складанае жыццё, у тым ліку і падчас Вялікай Айчыннай вайны, але ніколі не жалілася. Яна казала, што любоў маці можа многае перамагчы, яна мацней за ўсё. Зараз, калі ў мяне самой падрастаюць дзеці, я разумею яе словы.

Марыя Іванаўна – шчаслівая маці і жонка, цудоўная гаспадыня, якая ў вольны час захапляецца выпечкай. Апошнім часам наша суразмоўца ўсё больш задумваецца над тым, каб атрымаць вышэйшую адукацыю.

– У наступным годзе Ксюша пойдзе ў першы клас, а я буду спрабаваць сілы ва ўніверсітэт. Будзе ў нашай сям’і дзве вучаніцы, – дзеліцца планамі Марыя.

Татаў дзень – кожны дзень

“Наш тата – гэта моцны падмурак нашага дома і апора нашай сям’і”, – кажуць пра Мікалая Віктаравіча жонка і дзеці. – У яго столькі талентаў, што расказваць можна бясконца”.

Мікалай працуе аператарам цэха МДФ адкрытага акцыянернага таварыства “Мастоўдрэў”. З маленства, колькі сябе памятае, захапляўся музыкай, спевамі. Прыгожы тэмбр голаса Мікалая Рымко добра вядомы мастоўскаму слухачу: ён пастаянны ўдзельнік святочных канцэртных праграм, саліст народнага мужчынскага хору. А пасля мінулагодняй акцыі “Праспяваем Дзень Перамогі разам”, стаў яшчэ і героем тэлеэкрана.

– Як прадстаўнік завода, я стаў адным з пераможцаў дадзенай акцыі і быў запрошаны на перадачу “Вокны горада” Гродзенскага тэлебачання, –удакладняе Мікалай.

Дададзім, што калі перад маладой парай у свой час паўстала пытанне, дзе яны будуць будаваць сваё сямейнае шчасце, Мікалай тады як адрэзаў: толькі ў Мастах! Тут яго карані, тут калісьці і бацька Віктар Віктаравіч, і маці Антаніна Барысаўна пачыналі свой працоўны шлях на заводзе, таму і ён не бачыў для сябе іншага месца працы і жыцця.

– А ведаеце, хто гэты камін склаў? –  паказваючы на інтэр’ерны камін у кутку пакоя, спыталася на гэты раз у мяне Ксюша і сама ж з гонарам адказала:

 – Гэта наш тата! Ён у нас усё ўмее і ўсё можа!

Дзеці – шчасце сям’і

Вясёлая шчабятушка Ксюша і не па гадах сур’ёзны Цімафей – вось маміна і татава радасць, шчасце і гонар.

Цімафей – вучань 4 класа другой гарадской школы, выдатнік, любіць матэматыку і рускую літаратуру. У гэтым годзе пачаў наведваць заняткі па веславанні на байдарках і каноэ ў цэнтры алімпійскага рэзерву. Тое, што за кішэнныя грошы, якія яму даюць бацькі, ён купляе ласункі і невялічкія падарункі сястры, характарызуе яго як вельмі ўважлівага і клапатлівага хлопчыка.

У Ксюшы, якая наведвае дзіцячы сад №1, школьнае жыццё яшчэ наперадзе, хоць яна да яго ўжо актыўна рыхтуецца, вучыцца пісаць і чытаць. Таксама дзяўчынка вельмі любіць маляваць, ляпіць з пластыліну, займаецца танцамі ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

– Каб дзеці развіваліся і атрымлівалі новыя веды аб сваёй радзіме, мы шмат падарожнічаем па Беларусі, – расказваюць бацькі. – Таксама мы не прапускаем у Мастах ніводнага цырка-шапіто, стараемся бываць на выставах у музеі і цэнтры рамёстваў, на прэм’ерных спектаклях нашага лялечнага тэатра. Можа, камусьці гэта падасца смешным, але мы з задавальненнем наведваем і наш кінатэатр “Сучаснік”. Трэба выкарыстоўваць кожны момант, кожную магчымасць у сваіх мэтах, трэба жыць тут і зараз, а не чакаць завоблачнага “заўтра”,  – такі ў нас сямейны жыццёвы прынцып. І ён нам вельмі падабаецца!

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

 

Будзьце ў курсе

Тыдзень бацькоўскай любові ў Беларусі аб’яднае Дзень маці і Дзень бацькі.

 

У Беларусі маштабна адзначаць дзве важныя даты – Дзень маці і Дзень бацькі. Першая супадае з Пакровам Прэсвятой Багародзіцы – яго святкуюць 14 кастрычніка. Другую – Дзень бацькі – беларусы сёлета адзначаць упершыню 21 кастрычніка. Прамежак часу паміж гэтымі датамі назвалі  Тыднем бацькоўскай любові.


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио