15 сентября 2026 — 16:38
Вёска ажывае звонам дзіцячых галасоў у час летніх канікулаў. Для бібліятэкі – гэта ўнікальная магчымасць стварэння для дзяцей прасторы творчасці, бязмежнай фантазіі і зносін на аснове кнігі. Гэта магчымасць прыцягнення дзяцей да чытання.
Актыўны адпачынак, гульні і спаборніцтвы, экскурсіі падарожжы – усё гэта дапамагае дзецям ярка і незабыўна правесці канікулы, каб час бавіўся цікава, весела, пазнавальна, захапляльна, а галоўнае разам з сябрамі.
Кожнае дзіця па-свойму цікавае. У кожнага свае інтарэсы, да кожнага трэба знайсці падыход, зацікавіць, каб яму хацелася прыходзіць у бібліятэку.
Але мне хочацца расказаць пра сваіх чытачоў: Данііла Амельку, вучня школы №5 г. Масты, і Кірыла Гуліду, вучня школы №32 г. Гродна. Прыязжаючы да бабулі на канікулы ці ў выхадныя дні, яны абавязкова наведваюць бібліятэку, заўжды дзеляцца сваімі школьнымі і спартыўнымі навінамі. Удзельнічаюць у бібліятэчных мерапрыемствах, цікавяцца краязнаўчым матэрыялам для паглыблення і пашырэння ведаў пра Вялікую Айчынную вайну, гістарычнае мінулае нашай Радзімы, пра землякоў –ветэранаў Вялікай Айчынай вайны, пра свайго прадзеда, які загінуў і пахаваны на тэрыторыі Польшчы. Любяць чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў: прыгоды, казкі, дзіцячыя перыядычныя выданні. Цікавяцца кнігамі і матэрыялам пазнавальнага характару аб прыродзе, народныях рамёствах. Данііл і Кірыл – цікавыя субяседнікі.
У апошнія дні жніўня хлопчыкі прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі бібліятэкі. Якасна спраўляліся з работай.
Ведаючы сем’і Амелька і Гуліда, хочацца сказаць вялікае дзякуй за такіх сыноў, а бабулі – за ўнукаў. Хочацца пажадаць дабрабыту вашым сем’ям, поспеху ў вучобе і здзясненняў ідэй.
Марыя РАХУНОК,
філіял “Зарудаўеўская сельская бібліятэка”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад