Традыцыйны штогадовы конкурс “Экалогія. Чалавек. Будучыня” прайшоў у раённым музеі “Лес і чалавек”. За званне лепшых змагаліся тры каманды са Струбніцкай, Курылавіцкай школ і СШ №2 г. Масты. Пераможцамі сталі струбніцкія рабяты. Дарэчы, яны ўжо трэці раз становяцца лідэрамі і абысці іх сапернікам даволі складана.
Конкурс праходзіў у некалькі этапаў, на якіх школьнікі павінны былі паказаць веданне флоры і фаўны нашых балот, расказаць пра карысныя ўласцівасці раслін і магчымае іх прымяненне ў розных абставінах. А таксама каманды змаглі праявіць свае творчыя здольнасці і фантазію, адчуўшы сябе сапраўднымі спевакамі, акцёрамі і мадэльерамі.
Усе ўдзельнікі вельмі адказна падышлі да конкурсу, цудоўна падрыхтаваліся да яго. Яны радавалі журы сваімі ведамі і эрудыцыяй, сваім неаднабаковым падыходам да рашэння прапанаваных задач. Парадавала і тое, што рабяты сур’ёзна ставяцца да сучасных экалагічных праблем і прымаюць удзел у разнастайных прыродаахоўных мерапрыемствах.
Нягледзячы на тое, што конкурсныя заданні былі даволі складанымі, усе ўдзельнікі паспяхова іх выканалі.Так, па знешнім апісанні рабяты змаглі вызначыць птушак, якіх у дзікай прыродзе яны, магчыма, нават і не бачылі. Няпроста было ўспомніць усе магчымыя карысныя ўлас-цівасці раслін, якія маглі б спатрэбіцца ў экстрымальных умовах (напрыклад, калі б вы згубіліся ў лесе). Але і з гэтым юныя эколагі справіліся, нават праявілі дадатковыя веды па іх практычным выкарыстанні. Добра вызначылі канкурсанты і расліны па гербарыю, хоць прадстаўленныя экземпляры прымусілі задумацца.
Цікавым і вясёлым атрымаўся музычны конкурс. Удзельнікі з Курылавіч прадставілі смешную і павучальную сцэнку на тэму аховы прыроды, а рабяты з СШ №2 праспявалі прыгожую лірычную песню пра Ліпічанскую пушчу, вершы і музыку да якой напісалі самыя.
Вельмі спадабалася прысутным экалагічная мода, якую прапанавалі маладыя мадэльеры. Свае ўборы яны зрабілі з газет, пласцінак, дыскаў, пакетаў, касетных лентаў і іншых матэрыялаў. Цікавымі былі ўсе мадэлі, але найбольш вылучыліся неардынарным падыходам да стварэння модных трэндаў куцюр’е са Струбніцы.
Усім удзельнікам дырэктар музея Наталля Анатольеўна Пуцілоўская ўручыла прыемныя падарункі, дыпломы. І, канешне, журы і арганізатары не паскупіліся на добрыя словы і пахвалы юным прыродазнаўцам.
А. ГАЛУБОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад