
Гасцямі мерапрыемства, прысвечанага галоўнаму хрысціянскаму святу – Уваскрэсенню Хрыстову, сталі настаяцель храма Святога прарока Іллі г. Масты пратаіерэй Уладзімір Мазгоў, матушка Наталля разам з выхаванцамі Нядзельнай школы Святаільінскай царквы.
– У гэтыя перадапошнія дні перед вялікім святам мы павінны рыхтаваць сябе духоўна, як бы “зазірнуць” у свой унутраны свет. Не проста навесці ідэальны парадак у доме, паклапаціцца пра багаты святочны стол і нафарбаваць прыгожых яек – сутнасць свята не ў гэтым. Неабходна падрыхтавацца менавіта духоўна да сустрэчы Вялікадня. Хрыстос калі ўваскрос, ён перамог смерць і паказаў кожнаму, што жыццё чалавека на зямлі не заканчваецца. Таму напярэдадні вялікага дня найперш трэба маліцца, дараваць адзін аднаму крыўды і непаразуменні, памірыцца, уціхамірыць сваю злосць. Ёсць яшчэ час падумаць і “навесці парадак” у сваіх думках і памкненнях, у сваіх справах, каб у свята, калі мы будзем вітаць адзін аднаго словамі “Хрыстос уваскрос!”, “Сапраўды ўваскрос!”, гэта было ад чыстай душы і сэрца. Сустракаючы Хрыста, які ўваскрос, мы павінны паказаць, што таксама змяніліся ў лепшы бок, пазбавіліся ад сваіх грахоў. Няхай Гасподзь умацоўвае ўсіх вас у гэтыя святочныя дні, благаслаўляе на здароўе фізічнае і духоўнае, – звярнуўся да прысутных айцец Уладзімір Мазгоў.
Іконы, складні, напрастольныя крыжы, драўляныя пано з выявамі Евангельскіх падзей, а таксама прадметы дэкаратыўна-пракладного мастацтва – яйкі-пісанкі і выцінанкі – усе прадстаўленыя экспанаты выставы з уласных фондаў музея.
– У 1994 годзе Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем былі перададзены нашай установе іконы і складні канца XIX – пачатку XX стагоддзя, што былі канфіскаваны на граніцы, – удакладняюць супрацоўнікі музея.
Адзін з цэнтральных экспанатаў – ікона “Двунадзесятыя святы”, на якой можна бачыць Вялікдзень і дванаццаць важнейшых святаў, прысвечаных падзеям зямнога жыцця Іісуса Хрыста і Багародзіцы. Усе іконы, прадстаўленыя на выставе, напісаны на драўляных дошках, а вось іх аўтары невядомыя. У адрозненні ад пано “Уваскрэсенне”, якое належыць мастаўчаніну Валянціну Гуцалаву.
Змаглі госці акунуцца і ў перадсвяточную атмасферу падрыхтоўкі да свята святаў, якая царыла ў беларускай сям’і прыкладна сто гадоў таму. Гэтаму садзейнічала тэатралізаванае мерапрыемства “Вялікдзень”, дзе ад дзядзькі Цярэшкі, цёткі Шчодры і іх дачкі Марылькі (іх ролі ўдала сыгралі супрацоўнікі музея) дзеці і дарослыя даведаліся, чым нашы продкі фарбавалі яйкі, якія забавы карысталіся папулярнасцю ў тыя часы і як на Вялікдзень сонца “іграе”.
Не менш цікавым і змястоўным быў і майстар-клас ад Вольгі Вайтовіч, майстра аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Мастоўскага РЦК, па ўпрыгожванні вярбы.
Спадабалася рабятам таксама распісваць яйкі з салёнага цеста. У кожнага атрымалася ўпрыгожыць загатоўку ярка, прыгожа і арыгінальна, а яшчэ – падзяліцца радасцю творчасці з роднымі, бо дзеці забралі свае вырабы дамоў.
– Вялікдзень – гэта радасны час, свята перамогі жыцця над смерцю. Жадаем вам надоўга захаваць светлы і радасны настрой. Няхай душа напоўніцца любоўю, дабрынёй і надзеяй, – з такімі пажаданнямі супрацоўнікі музея развітваліся са сваімі дапытлівымі наведвальнікамі.
Кожны мастаўчанін і госць нашага райцэнтра можа дакрануцца да мінулага продкаў і напоўніць душу святлом Вялікадня, наведаўшы музей “Лес і чалавек”, дзе заўсёды рады гасцям.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад