У кожнай літаратуры ёсць паэты і пісьменнікі, якімі ганарацца іх нашчадкі. У беларускай літаратуры такімі былі Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч. Апошняму з іх — М. Багдановічу — лёс адмераў толькі дваццаць пяць вёсен і зім. I за гэты кароткі жыццёвы шлях ён паспеў напісаць «Вянок», споведзь яго душы. Кветкі, трапятліва сабраныя М. Багдановічам для «Вянка», не завялі, а, наадварот, вабяць, прыцягваюць да сябе ўсё болей і болей чытачоў.
У гарадской дзіцячай бібліятэцы ў рамках раённага бібліятэчнага конкурсу «Год культуры крочыць па краіне» адбылося літаратурнае караоке «Святло паэзіі Максіма Багдановіча», прысвечанае 125-годдзю з дня нара-джэння класіка беларускай літаратуры.
Супрацоўнікі бібліятэкі пазнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы з жыццём і творчасцю паэта. Пад лірычныя мелодыі кранальна прагучалі цудоўныя вершы Максіма Багдановіча ў выкананні дзяўчат 11 класа ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Масты”: “Краю мой родны, як выкляты богам…”, “Слуцкія ткачыхі”, “Пагоня”, “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”, “Прыйдзе вясна”, “Маладыя гады”. Для кожнага выступоўцы была падабрана свая мелодыя.
Упрыгожаннем вечара стала яркае і запамінальнае выступленне вучаніцы ДУА “Гімназія №1 г. Масты” Кацярыны Саўко, якая выканала песню «Па-над белым пухам вішняў...» на вершы М. Багдановіча і музыку І. Паліводы.
Была аформлена кніжная выстаўка «І зорка гарыць, і не гасне вянок», на якой былі прадстаўлены кнігі, што распавядаюць аб жыццёвым і творчым шляху Максіма Багдановіча, а таксама зборнікі вершаў.
Мерапрыемства, якое суправаджалася электроннай прэзентацыяй, прайшло на высокай паэтычнай хвалі.
А. Дараховіч,
загадчыца Мастоўскай
гарадской дзіцячай бібліятэкі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад