Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМестное управление и самоуправлениеСоциумОбщественная жизньСоциумДуховностьСоциумКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Беларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордиться

Святло душы ў вобразе святым. У Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” адкрылася выстава Ядвігі Сянько, прымеркаваная да Дня маці

Святло душы ў вобразе святым. У Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” адкрылася выстава Ядвігі Сянько, прымеркаваная да Дня маці11 октября 2023 — 16:38

“Багаслоўе ў фарбах”, “Чыстае люстэрка Божай славы”, “Акно ў духоўны свет” – так узвышана і паэтычна веруючыя называюць іконы. Падымаючы вочы на іканапісны вобраз, чалавек углядаецца ў нябачны свет, у думках імкнецца дакрануцца да вечнасці, адчуць духоўнае яднанне і нябесную падтрымку. Вось і работы маладзечанскай мастачкі-іканапісца Ядвігі Сянько – яскравая спроба сказаць пра тое, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць і шчырая вера выратуюць свет.

Гэта ўжо трэцяя по ліку выстава таленавітага майстра ў нашым горадзе. Цяперашняя прысвечана Дню маці, які сімвалічна адзначаецца ў свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Таму лагічна, што большасць з прадстаўленых работ – іконы з выявамі Маці Божай.

Спрадвеку на беларускай зямлі вобраз Багародзіцы меў асаблівае значэнне. Яе называюць Заступніцай, Апякункай, Збавіцельніцай, Міласэрнай… Выявы Богамацеры з розных мясцін Беларусі сведчаць аб моцнай любові да яе і вялікай пашане. А святары кажуць, што найкарацейшая дарога да Іісуса Хрыста – гэта яго Маці Марыя. Людзі розных веравызнанняў узносяць малітвы да Багародзіцы, просяць аб асабістым, набалелым.

Аб гэтым на ўрачыстым адкрыцці выставы ў Мастоўскім дзяржаўным музеі “Лес і чалавек” выказаліся і сама мастачка, і ганаровыя госці, сярод якіх – намеснік старшыні райвыканкама, лідар раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Давыдзік, загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык, настаяцель храма Святога прарока Ільі г. Масты айцец Уладзімір Мазгоў.

Дырэктар музея Наталля Пуцілоўская пазнаёміла прысутных з творчым шляхам таленавітай мастачкі, пошукам свайго “я” ў свеце прыгожага і вечнага. Родам Ядвіга Сянько з Маладзечна, у свой час закончыла Маскоўскі ўніверсітэт мастацтва. Больш за чвэрць стагоддзя яе творчасць цесна звязана з тэматыкай хрысціянства. Па благаславенні Мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, яна стварае копіі вядомых у праваслаўным свеце ікон. Нямала сярод яе работ і каталіцкіх абразоў, і вядомых біблейскіх сюжэтаў.

Усяго за свой творчы шлях Ядвіга Сянько напісала больш за 2 тысячы ікон і каля 600 карцін у жанры пейзажа і нацюрморта, правяла больш за 200 выставак, яе работы знаходзяцца ва ўласных калекцыях па ўсім свеце. Мастачка ўдзельнічае ў многіх духоўных праектах, займаецца дабрачыннасцю – разам са сваімі работамі дорыць людзям цяпло і надзею, любоў і веру. Дарэчы, пасля заканчэння выставы Ядвіга Іванаўна паабяцала пакінуць адну са сваіх работ і ў фондах Мастоўскага музея.

Трэба сказаць, што мастак, працуючы над іконай, нават калі кіруецца непарушнымі традыцыямі і канонамі, уносіць сваю эстэтыку, укладвае ў кожны вобраз часцінку ўласнай душы, сваю малітву. Гэта асаблівы род творчасці, які прад’яўляе да майстра высокія патрабаванні. Пачынаючы работу над вобразамі таго свету, дзе прыгажосць і ісціна знаходзяцца ў гармоніі, мастак асабліва востра ўсведамляе ўласную недасканаласць і ведае, што без Божай дапамогі яму не пераадолець унутраную баязлівасць і не атрымаць перамогу над белым палатном.

– Сваю першую ікону я напісала ва ўзросце дваццаці гадоў, хоць імкненне да гэтага праяўляла і раней, бо выхоўвалася ў веруючай сям’і. Гэта быў невялікі абразок, які і сёння знаходзіцца ў касцёле ў Чырвоным сяле, што недалёка ад Маладзечна, – расказвае Ядвіга Іванаўна. – Перш чым пачаць пісаць ікону, абавязкова чытаю гісторыю яе і святога, які на ёй адлюстраваны, а распачаўшы справу, у думках размаўляю са святым, прашу ў яго дапамогі і падтрымкі. Мая работа патрабуе адасобленасці, унутранага спакою, цярпення і ўмення дараваць, жыць у ладзе з сабой і прытрымлівацца запаведзяў Божых. І тады ўсё атрымаецца…

Прысутныя мелі магчымасць пагутарыць з таленавітай мастачкай, пацікавіцца творчымі сакрэтамі і планамі на будучае, даведацца пра яшчэ адно захапленне Ядвігі Іванаўны – пашыў адзення. Завяршылася ўрачыстасць віншаваннямі з надыходзячымі святамі – Днём маці і Пакровам Прасвятой Багародзіцы. Айцец Уладзімір пажадаў усім Божага благаславення, любові адзін да аднаго і веры.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио