22 мая 2026 — 16:34
Урачыстае адкрыццё
Другі раз на нашай гасціннай Мастоўскай зямлі адбылося яднанне. Яднанне чытачоў і пісьменнікаў, аматараў паэтычнага слова. Яднанне мінулага, сучаснасці і будучыні. Яднанне лёсаў і людзей, чые сэрцы гучаць ва ўнісон з паэзіяй. А адбылося гэта падчас II рэспубліканскага фестывалю паэзіі “Масты сугучнасці”, які сабраў таленавітых творцаў з усёй рэспублікі і адкрыў новыя паэтычныя таленты.
Сімвалічна, што ўрачыстае адкрыццё фестывалю, арганізатарамі якога выступілі Саюз пісьменнікаў Беларусі, Мастоўскі райвыканкам, сектар культуры і Мастоўская раённая бібліятэка, адбылося на прыгожым беразе Нёмана, а сімвалам фестывалю стала наша галоўная славутасць – падвясны мост.
Тут жа ўдзельнікі свята пабудавалі яшчэ адзін мост – паміж пісьменнікамі і чытачамі. У якасці “будаўнічага” матэрылу былі выкарыстаны кнігі, што з’яўляюцца крыніцай ведаў і мудрасці, трапных думак і добрых парад, якія натхняюць, вучаць аддана служыць Радзіме і любіць родную зямлю.
Як пакрэсліла ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў урачыстасці намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Марына Давыдзік, масты злучаюць не толькі берагі, але і лёсы. А сёння яны злучылі жыхароў Мастоўшчыны з захавальнікамі слова і культурнага коду нацыі, з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі.
– Слова можа і параніць, і падняць на барацьбу, словам можна выказаць сваю любоў, сардэчнасць і іншыя пачуцці. Хочацца, каб наш фестываль стаў не проста святам слова, а святам сэрца і душы, каб кожны адчуў подых натхнення і нарадзіліся новыя творы. Вітаем усіх на свяце паэзіі і гармоніі, – адзначыла Марына Осіпаўна.
Паэзія – той мост у свет красы і любові, які перадае глыбіню душы. У ёй людзі знаходзяць духоўнае адраджэнне, робяць для сябе новыя адкрыцці. І гэта нядзіўна, бо паэзія – каралева літаратуры.
Працягнуў гэтую думку заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, паэт, празаік, перакладчык, крытык, старшыня Мінскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Міхаіл Пазнякоў, назваўшы Масты сталіцай беларускай сучаснай паэзіі.
– Паэты служаць высокай місіі – літаратурнай народнай дыпламатыі. Мы прадстаўляем нашу літаратуру і культуру ў многіх краінах. Гэта наша служэнне роднай краіне, – сказаў Міхаіл Паўлавіч.
На працягу стагоддзяў думкі і пачуцці, апранутыя ў паэтычную форму, пранікаюць у сэрцы людзей, нагадваючы, што мы ўсе адна вялікая сям’я, і што мы, такія розныя, на самой справе вельмі падобныя адзін да аднаго.
Такім меркаваннем падзялілася паэт, празаік, перакладчык, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч:
– Мы не памыліліся, калі выбіралі месца для правядзення рэспубліканскага фестывалю паэзіі. Масты – маляўнічы куточак Беларусі, дзе назва фестывалю “Масты сугучнасці” поўнасцю адпавядае зместу. Тут жывуць сапраўды творчыя людзі, а масты яднаюць нашы думкі, пачуцці і памкненні.
Пляцоўкі для творчасці і знаёмстваў
Далей свята аматараў літаратуры, творчасці і жывых зносін працягнулася на пляцоўках гарадскога парка культуры і адпачынку. Тут мастаўчан і гасцей фестывалю чакалі творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, інтэрактыўныя пляцоўкі, паэтычныя выступленні, кніжныя выставы і тэматычныя акцыі, а таксама выстава-продаж вырабаў майстроў, дзіцячая зона і аквагрым. Устворанай аўтограф-зоне кожны жадаючы мог асабіста паразмаўляць з паэтамі, набыць іх кнігі і атрымаць аўтограф.
На цэнтральную пляцоўку, дзе ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Ярыца” звінелі званочкі – гучала песня на словы таленавітай паэтэсы з Глядавіч Тэрэзы Дзюрдзь, завіталі і мы.
– Сённяшні фестываль абраў самы сонечны майскі дзень. Гэтае сонца прывезлі нам вы, нашыя паважаныя госці. Жадаем фестывалю добрых усмешак і пазітыўнага настрою, маштабнасці, новых творчых адкрыццяў. Хай беларускае роднае слова льецца ва ўсе куточкі нашай сінявокай Беларусі, – выказала пажаданні загадчык сектара культуры райвыканкама Анастасія Палуйчык, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята.
Прывіталі гасцей і юныя мастаўчане – пераможцы раённага этапа рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” Кіра Копач і Сафія Юдзіна, якія прачыталі вершы Алеся Гаруна “Матчыны словы” і Вольгі Варэнік “Хачу сказаць вам дзякуй, ветэраны”.
Пранікнёнае паэтычнае слова заўсёды было і будзе патрэбна людзям. А самая важная якасць паэта – шчырасць, без яе няма паэзіі.
Думкамі на гэты конт дзяліліся паэты з усіх куточкаў Беларусі, сапраўдныя майстры слова. Пад кронамі дрэў, пераплятаючыся з птушымі трэлямі, гучалі шчырыя пранікнёныя вершы і песні, прысвечаныя роднай мове, Радзіме, добрай сустрэчы сяброў…
Паэтычны настрой
Нядаўна Мастоўскай раённай бібліятэкай быў аб’ўлены творчы конкурс сярод жыхароў Мастоўшчыны на лепшы аўтарскі верш “Паэтычны настрой”. Ён стаў адпраўной кропкай для нашых таленавітых землякоў, якія пішуць вершы і шукаюць сугучнасці ў акаляючым свеце, уласных думках, пачуццях і марах.
Узнагароды пераможцы і прызёры конкурсу атрымалі з рук старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэта, празаіка, перакладчыка Людмілы Кебіч і дырэктара Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццяны Стэльмах.
У намінацыі “Жаночы сусвет” дыпломам III ступені ўзнагароджана Анастасія Ігнацьева за верш “Яна…, дыпломам II ступені – Юлія Шалесная за верш “Моя семья – моя крепость”. Дыплом I ступені і дружныя апладысменты атрымала Таццяна Абухоўская за верш “Беларуская жанчына”.
У намінацыі “Душы і сэрца натхненне” прызёрамі сталі Малання Гайдаш за верш “З любоўю да Радзімы”, Ірына Лагвіненка за верш “Милый глазу уголок”. Перамогу святкавала Галіна Васілеўская, якая прадставіла на суд журы верш “Звон малінавы”.
Пераможцам была прадастаўлена магчымасць прадэкламаваць свае творы шырокай публіцы.
Родный край – гэта месца, дзе нарадзіўся і вырас.Гэта куточак зямлі, напоўнены цеплынёй і ўтульнасцю, дзе паўсюль адчуваеш сябе дома. Мастоўшчына славіцца сваімі самабытнымі паэтамі, для якіх родны край – і ёсць крыніца натхнення і творчасці. Дружнымі апладысментамі сустракалі слухачы паэтычныя галасы Мастоўскай зямлі – Галіну Васілеўскую, Таццяну Абухоўскую і Кацярыну Матвейкову. Для кожнай з іх паэзія не прафесійны занятак, а неад’емная частка жыцця.
Памяць сэрца і слова
У рамках фестывалю паэзіі госці сталі ўдзельнікамі паэтычнай акцыі-рэквіема “Памяць сэрца і слова”, прысвечанай 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яны пабывалі на святым для кожнага мастаўчаніна месцы – на месцы гібелі жыхароў вёскі Княжаводцы.
Тут, на высокім беразе Нёмана, час быццам застыў у ліпеньскім світанку 1943 года, калі вёскі не стала – яе спалілі фашысты, а жыхароў – забілі і закапалі. Гэтую зямлю нельга адрадзіць. На ёй нельга будаваць. На ёй можна толькі стаць і маўчаць ці… гаварыць вершамі.




Тут, на папялішчы, якое стала святым алтаром, у гэты майскі дзень сабраліся не госці і не гледачы. Тут сабраліся галасы Беларусі. Паэты з розных куточкаў краіны прыехалі сюды, каб сваімі пранікнёнымі радкамі схіліцца перад неіснуючымі парогамі спаленых фашыстамі хат. Іх слова – гэта рэквіем. Рэквіем па кожным з 970 ахвяр гэтай мастоўскай вёсачкі і іх вогненных “сясцёр” па ўсёй Беларусі…
Радкамі, што выварочваюць душу, і хвілінай маўчання госці ўшанавалі памяць аб ахвярах злачынстваў генацыду – дзецях і старых, мужчынах і жанчынах, цэлых сем’ях і народах. У знак памяці і павагі былі запалены лампады.


PS. Фестываль “Масты сугучнасці” завяршыўся пасяджэннем круглага стала “Паэзія на ўсе часы: жынчына і лірыка”, які быў прысвечаны Году беларускай жанчыны.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
фестываль паэзіі “Масты сугучнасці”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад


















































